Толькі моцны супраціў у Кіеўскай вобласьці ўратаваў украінскую сталіцу ад акупацыі. Галоўны ўдар узялі на сябе Ірпень, Буча, Гастомель, Барадзянка і іншыя прыгарады ўкраінскай сталіцы.
У канцы сакавіка расейцы пасьля моцных баёў адступілі з Кіеўшчыны, бо не маглі атрымліваць матэрыяльна-тэхнічную дапамогу — украінская армія трапнымі абстрэламі зьнішчала цыстэрны з палівам і харчамі. Але расейцы жорстка адпомсьцілі мясцовым жыхарам.
Што цяпер адбываецца і як жывуць Кіеў і ваколіцы цяпер?
Ілюзію міру перарвалі новыя абстрэлы
Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў Кіеве загінулі звыш 100 грамадзян, у тым ліку чатыры дзіцяці, і яшчэ 435 цывільных атрымалі раненьні.
Пасьля апошняга абстрэлу 16 красавіка Кіеў, здавалася б, паціху вяртаўся да мірнага жыцьця — у горадзе пачалі адкрывацца кавярні, салёны прыгажосьці, рамонт абутку, працу аднавілі некаторыя спартовыя клюбы.
«З кожным днём у Кіеве ўсё больш аўтамабіляў і пешаходаў, больш людна ў супэрмаркетах і, наадварот, амаль зьніклі чэргі ў аптэках», — паведаміў Свабодзе адзін з мясцовых жыхароў Даніла. Ён і сам вярнуўся ў сталіцу праз 30 дзён сваёй эвакуацыі. Кажа, што нідзе так спакойна не адчуваў сябе, як цяпер у Кіеве.
Аднак улады працягвалі заклікаць кіяўлян не сьпяшацца зь вяртаньнем дадому. І не памыліліся. Увечары 28 красавіка расейцы запусьцілі на Кіеў пяць ракет, адна зь якіх зноў пацэліла ў жылы будынак.
Ён быў зусім новы, таму і малазаселены. Але гэта не ўратавала ад ахвяр — загінула журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабоды Вера Гірыч. Яшчэ 10 грамадзян атрымалі траўмы.
Раніцу 29 красавіка Кіеў зноў пачаў з паветранай трывогі.
Людзі радзей рэагуюць на сырэны
«У тым, што мы бачым цяпер у Кіеве, калі людзі масава вяртаюцца, пэўную правіну маюць і тэлеканалы. Недзе зь сярэдзіны красавіка з навінаў увогуле зьнікла інфармацыя аб абстрэлах. Ня толькі Кіева, а і іншых гарадоў. Гэта стварыла скажонае ўяўленьне, што вайна скончылася і можна вяртацца дадому», — тлумачыць яшчэ адна жыхарка Кіева Вольга.
Ва Ўкраіне цяпер уся інфармацыя падаецца цэнтралізавана — некалькі тэлеканалаў аб’ядналіся на адной плятформе, зь якой трансьлююць тэлемаратон #UAРазом. Што праўда, з гэтага тыдня там аднавілі паведамленьні і пра ход баёў — яны перамясьціліся на ўсход і поўдзень Украіны.
У Кіеве яшчэ шмат перакрытых так званымі «вожыкамі» дарог і блёк-пастоў, таму ў горад пачалі вяртацца і аўтамабільныя заторы.
На час паветранай трывогі цягнікі мэтро спыняюць рух па наземных лініях, а станцыі працягваюць працаваць як сховішчы. Толькі людзі ўсё радзей рэагуюць на сырэны і ўсё часьцей застаюцца дома.
Сапэры не пасьпяваюць разьміноўваць прыгарады
Ад абстрэлаў і баявых дзеяньняў большасьць паселішчаў Кіеўшчыны ўсё яшчэ застаюцца без вады, газу, электрычнасьці, з кепскай сувязьзю. Сапэры не спраўляюцца з хуткім разьмінаваньнем, і гэта часам стрымлівае тэмпы аднаўленьня інфраструктуры.
Сьвятлана Астапа, намесьніца шэф-рэдактара інтэрнэт-выданьня «Детектор медіа» і кіраўніца назіральнай рады Грамадзкай тэлевізіі (створанай на базе некалі дзяржаўнай Ўкраінскай тэлевізіі. — РС), кажа, што жыцьцё патроху пачынае вяртацца ў Бучу — горад, які стаў вядомы праз колькасьць ваенных злачынстваў расейскай арміі і яе ахвяр. Сьвятлана сустрэла вайну ў Бучы, але на другі дзень змагла эвакуавацца.
Будуюць часовыя масты замест зруйнаваных
Украінская чыгунка таксама аднаўляе шляхі для паўнавартаснага спалучэньня зь Кіевам. Такія ж работы праводзяць у Ірпяні, Гастомелі і Ворзэлі. Праз раку Ірпень тэрмінова пабудавалі часовы мост.
Аднаўляюць працу крамы, аптэкі, аўтамабільныя сэрвісы і запраўкі. Але адзін чалавек можа заправіць свой транспарт ня больш як на 20 літраў.
«Вечар вярнуў сытуацыю на адзнаку „вайна“»
Беларуская журналістка-фрылансэр Вераніка Бягун, якая жыве ва Ўкраіне ўжо 23 гады з мужам і дачкой і якая ад першага дня вайны вядзе ваенную хроніку Кіева на сваёй старонцы ў Facebook, кажа, што ўжо амаль паверыла ў мір.
«Да звыклага жыцьця ў маім Кіеве — усяго нічога, яно ўжо побач зусім, з кожным днём усё бліжэй. Будзе прабівацца скрозь рэшткі вайны, як суквецьці бэзу з учора яшчэ голых галінак. Мая эўфарыя была слабой і нядоўгай. Вечар вярнуў сытуацыю на адзнаку „вайна“. Вайна яшчэ тут, ракеты ў нашага дурнаватага ворага яшчэ ня скончыліся», — напісала яна па абстрэле Кіева пасьля трывалага зацішша.
«Сяброўка толькі што пераслала мне паведамленьне з навінавага каналу, што наступныя два дні чакаюцца ракетна-авіяцыйныя ўдары па Кіеве. Не пасьпелі мы паглыбіцца ў мірнае жыцьцё з галавой. Галаву трэба зноў хаваць ад вайны», — дадала Вераніка Бягун.