З 9 красавіка беларускія фуры ня могуць заяжджаць на тэрыторыю ЭЗ, многія грузаперавозчыкі з гэтай прычыны церпяць страты, бо эўрапейскі кірунак быў для іх асноўны. Прадстаўнік адной зь невялікіх кампаній, якая займалася грузаперавозкамі ў ЭЗ, расказаў, што з пачатку красавіка фуры прастойваюць.
«Эўрапейскія фуры езьдзяць у Беларусь, у іх усё добра. Мы чакалі, што межы закрыюць. Маленькія кампаніі, у якіх па 5–10 фур, церпяць найбольш. Мы вазіць цяпер нічога ня можам. Мы не разумеем, чаму фуры з ЭЗ могуць проста заяжджаць, а беларускія фуры туды не пускаюць. Мы нікуды езьдзіць ня можам ані па Беларусі, ані ў ЭЗ», — кажа прадстаўнік фірмы.
Кіроўцы, якія раней працавалі ў Беларусі, цяпер падумваюць, каб зьехаць працаваць за мяжу.
«З 9 красавіка зачынілі для беларускіх фур уезд у ЭЗ, і з таго часу мы не працуем. Сытуацыя прывядзе да таго, што нашы кіроўцы зьедуць працаваць у ЭЗ, у Польшчу, у Літву. Будуць прывозіць грошы родным», — кажа перавозчык.
Не выпадае таксама і зьмяніць кірунак, бо па расейскіх дарогах машыны хутка зношваюцца.
«Мы ня хочам зьбіваць фуры па расейскіх дарогах. Проста разаб’ем сябе машыны, не зарабляючы, гэта ня выйсьце. Найлепшае выйсьце, каб мяжу зачынілі цалкам, тады б кіраўніцтва краіны шукала, што рабіць. А так мы прастойваем, а экспарт усё адно ідзе, бо эўрапейцы сюды езьдзяць», — кажа перавозчык.
«З Азіяй таксама праблемы»
Прадстаўнік іншай буйной лягістычнай кампаніі расказаў, што «цяпер стаіць палова парку».
«Палова парку прастойвае, палова — езьдзіць на Расею і Казахстан. У ЭЗ нашы фуры ня могуць езьдзіць. Існуюць нейкія выключэньні, але пакуль незразумела, як гэта працуе. З Азіяй таксама праблемы, фуры туды едуць доўга. Фуры з ЭЗ заяжджаюць у Беларусь, але даяжджаюць толькі да Ліды, далей шлях закрыты, там яны таксама прастойваюць у чаканьні разгрузкі», — кажа суразмоўца.
Яшчэ адзін суразмоўца, які працуе кіроўцам, расказаў, што беларускія перавозчыкі дамаўляюцца з эўрапейскімі. Гэта дазваляе абмінаць забарону на перасячэньне мяжы.
«Эўрапейскія грузаперавозчыкі могуць прыяжджаць у Беларусь толькі на бліжэйшую мытню для перагрузкі грузу, а гэта дадатковыя траты. Беларускія кампаніі дамаўляюцца з эўрапейскімі перавозчыкамі: беларуская машына прыцягвае груз на мытны лягістычны цэнтар, а эўрапейская фура вязе яго далей. Эўрапейская фура прывозіць груз у Беларусь, і далей яго вязе беларуская фура. Але гэта дадатковыя грошы: за стаянку пры выезьдзе зь мяжы вешаюць навігацыйную плёмбу, якая каштуе 100 эўра, раней яе вешалі толькі на транзытныя фуры», — кажа перавозчык.
У сфэры транспарту ў Беларусі працуе 293,3 тысячы чалавек, гэта 6,8% ад усіх занятых у эканоміцы. Гэта прыбытковая сфэра. Чысты прыбытак ад працы транспарту за 2020 год — 645 мільёнаў рублёў, рэнтабэльнасьць — 7,6%.
Летась Беларусь аказала іншым краінам транспартных паслуг на 4,3 мільярда даляраў. Вялікую долю ў гэтым займаюць транспартныя паслугі для краін ЭЗ.