Галоўнае на гэты момант
- Расейцы пашкодзілі мост цераз Днястроўскі ліман у Адэскай вобласьці.
- У Расеі заявілі пра абстрэл Белгарадзкай вобласьці і абвінавацілі ў ім Украіну.
- У самаабвешчаным Прыднястроўі падарвалі дзьве антэны, якія перадавалі расейскае радыё.
- Расея паабяцала «калідор» на «Азоўсталі» для цывільных асоб. У Кіеве папярэдзілі пра магчымы падман.
- Дзяржсакратар і міністар абароны ЗША таемна наведалі Кіеў і правялі перамовы зь Зяленскім.
- У Бранску на 2 нафтабазах успыхнулі пажары, відавочцы казалі пра выбухі.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 26 красавіка
Расейцы пашкодзілі мост цераз Днястроўскі ліман
Па мосьце цераз Днястроўскі ліман, што недалёка ад Адэсы, нанесены ракетны ўдар. Мост пашкоджаны. Гэта адзіная па тэрыторыі Ўкраіны дарога, якая злучае Адэсу з Ізмаілам. Рух па мосьце перакрыты.
Расейцы актывізаваліся на Запарожжы
Расейскія сілы, відаць, паспрабуюць акружыць добра ўмацаваныя ўкраінскія пазыцыі на ўсходзе Ўкраіны. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным выведным аглядзе Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, піша «Європейська правда».
Горад Крамянная паў, а на поўдзень ад Ізюму ідуць цяжкія баі, расейскія войскі спрабуюць прасунуцца ў Славянск і Краматорск з поўначы і ўсходу.
Украінскія сілы рыхтуюць абарону ў Запарожжы для магчымага наступу Расеі з поўдня, дадалі ў міністэрстве.
Раніцай 26 красавіка расейскае войска нанесла ракетны ўдар па Запарожжы, яго наступствы высьвятляюцца, паведаміла Запароская абласная вайсковая адміністрацыя.
Сакратар Запароскай гарадзкой рады Анатоль Курцеў заклікаў жыхароў знаходзіцца ў сховішчах да адбою трывогі, а таксама не распаўсюджваць фота і відэа абстрэлаў у сацыяльных сетках.
Змаганьне з вагнэраўцамі
24-я Асобная мабільная брыгада імя караля Даніла заявіла пра ліквідацыю больш як 20 прадстаўнікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Ліга» (былой «Вагнэр»). Гэта адбылося пад Папасной на ўсходзе Ўкраіны, населены пункт расейцы штурмуюць ужо 50 дзён. Пазьней брыгада ўступіла ў бой з 6-м казачым палком і часткай 150-й дывізіі расейскага войска.
СБУ затрымала траіх падазраваных у калябарацыі з расейцамі
У Харкаўскай вобласьці СБУ выкрыла траіх калябарантаў у Краснаградзкім раёне, якія выказваліся ў сацыяльных сетках у падтрымку дзеяньняў Расеі. Пра гэта ў Facebook паведаміла прэс-служба Службы бясьпекі Ўкраіны ў Харкаўскай вобласьці. «За апошнія некалькі дзён спэцслужбы выкрылі яшчэ траіх калябарантаў, якія распаўсюджвалі матэрыялы на шкоду інтарэсам Украіны», — гаворыцца ў паведамленьні.
Уцекачы ад вайны
Паводле зьвестак ААН, з пачатку вайны па 21 красавіка Ўкраіну пакінулі ўжо больш за 5 мільёнаў 133 тысячы чалавек. Зь іх:
- 2 млн 867 тысяч прыехалі ў Польшчу,
- 769,6 тысячы — у Румынію,
- 578,3 тысячы — у Расею,
- 480,9 тысячы — у Вугоршчыну,
- 430,2 тысячы — у Малдову,
- 349,3 тысячы — у Славаччыну,
- 23,9 тысячы — у Беларусь.
Насельніцтва Ўкраіны (уключаючы кантраляваную Расеяй тэрыторыю) складае каля 44 мільёнаў чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Аўтамабільныя гіганты пакідаюць Расею
Volvo Cars і Jaguar Land Rover скарачаюць свае расейскія офісы — JLR фактычна пакідае Расею, застануцца толькі супрацоўнікі штату для каардынацыі адміністрацыйных узаемадзеяньняў пры закрыцьці юрыдычнай асобы. Пра гэта піша «Коммерсантъ» са спасылкай на свае крыніцы.
Выбухі і пажар у Бранску
У расейскім Бранску ранкам 25 красавіка грымнула некалькі выбухаў. Відавочцы падзей дзеляцца ў сацыяльных сетках кадрамі пажараў. Гарыць нафтабаза «Дружба», полымя відаць з розных пунктаў у горадзе, што непадалёк ад беларускай мяжы. Гараць рэзэрвуары з палівам. Расейскія ўлады пакуль не камэнтуюць здарэньняў, таксама невядома, што менавіта стала прычынай пажараў.
Расея ўвяла новыя пэрсанальныя санкцыі супраць грамадзян ЗША і Канады
21 красавіка МЗС Расеі ўвяло пэрсанальныя санкцыі супраць 29 грамадзян ЗША. Сярод іх галоўны рэдактар англамоўнай вэрсіі «Медузы» Кевін Ротрак, сузаснавальнікі Фэйсбуку — Марк Цукербэрг, LinkedIn — Раян Расланскі, віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс з мужам і яшчэ шэраг чыноўнікаў, прадпрымальнікаў і журналістаў.
Таксама МЗС Расеі абвясьціла аб пэрсанальных санкцыях супраць 61 грамадзяніна Канады. У сьпісе дзяржаўныя службоўцы, вайсковыя камандзіры, кіраўнікі грамадзкіх арганізацый і супрацоўнікі СМІ.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Расейская тэхніка масава пакідае Беларусь
Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што 85% расейскай тэхнікі ўжо вывезена зь Беларусі. Жыхары беларускага Палесься таксама заўважылі, што вайскоўцаў з Расеі ў гарадах усё менш. Жыхары Гомля кажуць, што наогул не заўважаюць цяпер на сваіх вуліцах расейскіх вайскоўцаў.
Як рэагуе сьвет
МЗС Вялікай Брытаніі рэкамэндуе сваім грамадзянам пакінуць Украіну
«Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну працягваецца з нападамі на шэраг буйных гарадоў. Існуе рэальная небясьпека для жыцьця. Мы рэкамэндуем грамадзянам Вялікай Брытаніі неадкладна пакінуць Украіну, калі вы думаеце, што гэта бясьпечна. Паветраная прастора Ўкраіны закрытая», — гаворыцца ў паведамленьні.
Аўстралія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі
Аўстралійскі ўрад зацьвердзіў новыя санкцыі 22 красавіка. Гэтым разам пад іх трапілі 144 чальцы Савету Фэдэрацыі РФ (з двухсот), Кацярына Ціханава і Марыя Варанцова — іх аўстралійскі ўрад называе дочкамі Ўладзіміра Пуціна (раней санкцыі супраць іх увялі ЗША і Вялікая Брытанія). Пад санкцыі трапіла і дачка кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова Кацярына Вінакурава.
Усяго ў аўстралійскім санкцыйным сьпісе ўжо каля 750 расейцаў. Таксама забаронены экспарт у Расею, у прыватнасьці, алюмінію і прадметаў раскошы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.