Украінскія ўлады расказваюць, што ўсе ўкраінскія грамадзяне, якіх высылаюць у Расею або якія намагаюцца эвакуавацца на падкантрольную Кіеву тэрыторыю, праходзяць праз расейскія так званыя фільтрацыйныя лягеры — месцы, дзе іх дапытваюць, здымаюць адбіткі пальцаў і правяраюць на магчымую сувязь з вайскоўцамі. Расейскія ўлады запэўніваюць, што нібыта гвалтам нікога не вывозяць нас сваю тэрыторыю, і называюць гэта «эвакуацыяй».
Дзьве сямейныя пары, якія перажылі жах блякаднага Марыюпалю, падзяліліся з BBC успамінамі пра тое, як яны праходзілі «фільтрацыю» для далейшай эвакуацыі.
«Гэта нагадвала сапраўдны канцлягер»
Алена і Аляксандар цяпер у Львове. Алена ўспамінае, як у фільтрацыйных лягерах пажылыя людзі спалі ў калідорах без матрацаў і коўдры. На тысячы людзей быў толькі адзін унітаз і адна ракавіна. Неўзабаве пачалася дызэнтэрыя. «Не было магчымасьці памыцца. Смурод быў жудасны», — расказала Алена.
Паводле яе, мыла і дэзынфэкцыйныя сродкі закончыліся на другі дзень іхнага знаходжаньня ў лягеры, а яшчэ празь некалькі дзён — туалетная папера і гігіенічныя пракладкі.
«Гэта нагадвала сапраўдны канцлягер», — адзначыў Аляксандар.
У іх зьнялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі з усіх бакоў і некалькі гадзін дапытвалі расейскія сілавікі. «Як у турме», — дадаў ён.
Алена і Аляксандар выдалілі са сваіх тэлефонаў усе доказы сувязяў з Украінай, у тым ліку фатаздымкі дачкі з украінскім сьцягам.
Аляксандар кажа, што на допытах расейцы вывучалі фатаздымкі, гісторыю тэлефанаваньняў і кантакты з журналістамі або прадстаўнікамі ўлады і арміі.
«Калі чалавека падазравалі ў тым, што ён „украінскі нацыст“, яго везьлі ў Данецк для далейшага расьсьледаваньня ці забойства. Які-небудзь невялікі сумнеў і супраціў — і цябе маглі кінуць у падвал для допыту і катаваньняў. Усе баяліся, што іх павязуць у Данецк», — расказаў Аляксандар.
Пасьля допыту і надгляду Алене і Аляксандру сказалі, што яны маюць дазвол на выезд на 148-м эвакуацыйным аўтобусе. Але за тыдзень зь лягера выехала ўсяго 20 аўтобусаў. У той жа час для выезду ў Расею арганізавалі шмат аўтобусаў, у адзін зь якіх іх прымушалі сесьці, але яны адмовіліся і зьвярнуліся да прыватных кіроўцаў, рызыкуючы тым, што і тыя маглі быць калябарантамі.
«У нас не было выбару — або прымусовая дэпартацыя ў Расею, або рызыка з гэтымі прыватнымі кіроўцамі», — патлумачыла Алена.
Паводле яе, кіроўца «палямі, грунтовымі дарогамі, вузкімі сьцежкамі, абмінаючы расейскія блёкпасты» змог вывезьці іх зь фільтрацыйнага лягеру да акупаванага Расеяй Бярдзянску, а потым яны тры дні шукалі маршрут, каб знайсьці яшчэ аднаго кіроўцу, які быў гатовы рызыкнуць і вывезьці іх на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю. Гэты кіроўца змог аб’ехаць 12 расейскіх блёкпастоў і давёз іх да Запарожжа, адкуль яны цягніком паехалі ў Львоў.
«Зь фільтрацыйных лягераў можна ўцячы толькі зь мясцовымі прыватнымі кіроўцамі. На шчасьце, сярод іх ёсьць і добрыя людзі», — дадаў Аляксандар.
Сказалі, што вязуць ва Ўкраіну, а аўтобусы ехалі ў Расею ці Данецк
Валянціна і яе муж Яўген таксама ўжо некалькі дзён знаходзяцца ў Львове.
У Марыюпалі яны хаваліся ў падвале, а зь ежы мелі кансэрвы і крыху бульбы з уласнага агароду. Ваду яны бралі з бойлера.
Празь «фільтрацыю» яны прайшлі хутка, магчыма, дзякуючы іхнаму ўзросту і інваліднасьці Яўгена. Маладым, сьцьвярджае Валянціна, было значна горш.
«Фільтрацыйны лягеры нагадваюць гета. Расейцы дзеляць людзей на групы. Для тых, каго падазравалі ў сувязях з украінскай арміяй, тэрытарыяльнай абаронай, журналістамі і работнікамі ўлады, гэта вельмі небясьпечна. Яны вязуць гэтых людзей у турмы ў Данецк і катуюць», — кажа Валянціна.
Валянціна і Яўген гавораць, што шмат каго адправілі зь фільтрацыйных лягераў у Расею — людзям сказалі, што яны едуць на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю, але аўтобус накіроўваўся на тэрыторыю, якую ўтрымлівае Расея. Ім удалося ўцячы пры дапамозе прыватнага кіроўцы.
«Калі мы нарэшце пабачылі ўкраінскіх вайскоўцаў і сьцяг, калі пачулі ўкраінскую мову, усе ў аўтобусе пачалі плакаць. Гэта проста неймаверна, што мы засталіся жывыя і нарэшце ўцяклі зь пекла», — кажа Валянціна.
«Гораду (Марыюпалю. — РС) больш няма. Нават сьценаў. Проста вялізныя кучы руінаў. Я ніколі не магла нават уявіць такога гвалту», — дадала яна.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.