Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У самаабвешчаным Прыднястроўі падарвалі дзьве антэны, якія перадавалі расейскае радыё


Узарваная вышка ў Прыднястроўі
Узарваная вышка ў Прыднястроўі

Міністэрства ўнутраных спраў так званай ПМР паведаміла, што раніцай 26 красавіка ў вёсцы Маяк Грыгарыёпальскага раёну прагрымелі два выбухі: першы ў 6:40, другі ў 7:05 мясцовага часу.

Адзначаецца, што на месца здарэньня неадкладна былі накіраваныя так званыя праваахоўныя і экстраныя службы Прыднястроўя. Сілавікі атачылі тэрыторыю радыётэлецэнтру «Маяк», а сапэры пачалі аглядаць усе аб’екты, піша МУС.

Пакуль вядома, што выйшлі са строю дзьве самыя магутныя антэны: адна мэгаватная, другая на палову мэгавата. Абедзьве рэтрансьлявалі расейскае радыё. Ніхто з супрацоўнікаў і мясцовых жыхароў не пацярпеў.

Яшчэ 25 красавіка ў сталіцы непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі (ПМР) прагрымела сэрыя выбухаў, абстралялі ў тым ліку «Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі» квазірэспублікі. Украінская выведка паведамляе, што некалькі дзён таму непрызнанае Прыднястроўе пачало рыхтавацца да выбухаў, арганізаваных ФСБ, каб апраўдаць вайну з Украінай або ўцягнуць Прыднястроўскі рэгіён у баявыя дзеяньні ў вайну супраць Украіны.

Прэзыдэнт Малдовы Мая Санду ў сувязі з выбухамі ў Прыднястроўі склікала паседжаньне Рады бясьпекі. Пазьней на брыфінгу яна ўскладала адказнасьць за выбухі ў Прыднястроўі на «супрацьборчыя сілы» ўнутры рэгіёну:

«Наш аналіз паказаў, што існуе напружанасьць паміж рознымі сіламі ўнутры рэгіёну, зацікаўленымі ў дэстабілізацыі сытуацыі. Эскаляцыя напружанасьці ішла даўно, на працягу апошніх тыдняў у рэгіёне былі шматлікія паведамленьні аб бомбах у школах і бальніцах».

Савет нацыянальнай абароны і бясьпекі Ўкраіны ўскладае віну за выбухі ў Прыднястроўі на ФСБ Расеі. Там сьцьвярджаюць, што гэта правакацыя, мэта якой — адкрыць дадатковы фронт у Адэскай вобласьці. Такая сытуацыя прымусіць узброеныя сілы Ўкраіны перацягнуць сілы ў гэтым напрамку, аслабіўшы іх у Мікалаеўскай вобласьці. Такім чынам, Прыднястроўе «рушыць усьлед беларускаму сцэнару — падтрымка Расеі без уступленьня ў актыўную фазу вайны».

Кіраўнік самаабвешчанага Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі ў сваю чаргу заявіў, што «сьляды злачынцаў, якія ўчынілі ў рэспубліцы тэрарыстычныя атакі, вядуць ва Ўкраіну».

Раней у Крамлі абвясьцілі мэты другога этапу «спэцапэрацыі», як расейцы называюць вайну ва Ўкраіне, — выхад у Крым і Прыднястроўе.

Напярэдадні кіраўнік самаабвешчанага Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі падпісаў указ пра спрашчэньне працэдуры перасячэньня мяжы самаабвешчанай рэспублікі з 22 красавіка па 4 траўня. На пераходах, як паведамляе realitatea.md, рэзка павялічылася колькасьць аўтамабіляў на выезд з ПМР.

Чэргі на выезд з Прыднястроўя
Чэргі на выезд з Прыднястроўя

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG