Украіна кінула магутны выклік на полі бою, і Расея адступіла з поўначы краіны. Але экспэрты гавораць, што аб’ём вайсковай дапамогі Захаду, як мяркуецца, вызначыць наступную і патэнцыйна вызначальную фазу вайны.
Злучаныя Штаты нядаўна ўхвалілі дадатковы пакет дапамогі Ўкраіне на 800 млн долараў. Іншыя краіны — ад Славакіі да краін Балтыі і Канады — таксама сталі адпраўляць больш цяжкае ўзбраеньне і ўзбраеньне большай далёкасьці, уключаючы гаўбіцы, зэнітныя сыстэмы, супрацькарабельныя ракеты, ударныя бесьпілотнікі, браняваныя грузавікі, бронетранспартэры і танкі.
Новы ўзровень дапамогі дэманструе, наколькі хутка прасунулася падтрымка Захаду на працягу амаль двух месяцаў вайны. Калі 24 лютага расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну, урады заходніх краін чакалі кароткачасовую вайну і далі Кіеву лёгкае ўзбраеньне, у тым ліку вінтоўкі, шлемы, сродкі сувязі і пераносныя зэнітна-ракетныя комплексы.
Аднак посьпех Украіны на полі бою прымусіў заходніх чыноўнікаў зьмяніць сваю думку, паколькі цяпер яны імкнуцца ўзброіць Украіну ня толькі для вырашальнай бітвы ва ўсходнім рэгіёне Данбасу, падчас якой давядзецца спадзявацца больш на танкі і артылерыю, але і для працяглай і цяжкай вайны супраць расейскіх войскаў...
Каб падрабязьней разабрацца ў гэтай тэме, Радыё Свабода пагутарыла з Гарванам Уолшам, былым дарадцам у бясьпецы Кансэрватыўнай партыі Вялікай Брытаніі і генэральным дырэктарам кансультацыйнай групы Article7.
— Акрамя новага этапу вайны на ўсходзе Ўкраіны, працягваецца лягістычная барацьба. Мы бачым, што заходнія краіны даюць больш тэхнікі ўкраінскім вайскоўцам, бо яны рыхтуюцца да баёў, у якіх, імаверна, будуць больш спадзявацца на танкі і артылерыю. Як бы вы ацанілі ўзровень дапамогі Захаду Ўкраіне і ці атрымлівае Кіеў усё неабходнае?
— Украіна не атрымлівае столькі дапамогі, колькі трэба было б. Магчыма, яе дастаткова, бо ўкраінскае войска выкарыстоўвае перададзеную тэхніку надзвычай эфэктыўна, у іх вельмі высокі баявы дух, у іх добра падрыхтаваныя войскі, таксама яны здольныя захапіць вялікую колькасьць расейскай тэхнікі і ў далейшым прымяняць яе. Аднак дапамога ад Захаду паступае занадта марудна. Яна не на патрэбным узроўні.
Ствараецца ўражаньне, што яны думалі, што Ўкраіна доўга не пратрымаецца, таму нічога і не прысылалі. І, нарэшце, яны вырашылі даць цяжкае ўзбраеньне толькі пасьля таго, як пераступілі праз свой аргумэнт, што такі крок справакуе Расею.
Захад няправільна ацаніў тактыку і матывацыю Расеі, а Расея зусім відавочна імкнецца да заваёўнай вайны. Мы бачым гэта з масавых забойстваў у Бучы і іншых гарадах. Захад сапраўды павінен даць Украіне ўсё даступнае ўзбраеньне, каб яна магла змагацца з гэтай надзвычай агрэсіўнай ваеннай апэрацыяй і магла выцесьніць расейцаў з акупаванай тэрыторыі.
— Якое ўзбраеньне Захад мог бы адносна хутка паставіць?
— Тыя віды ўзбраеньня, якія ЗША анансавалі некалькі дзён таму, гэта правільны крок, аднак не ў належных маштабах.
Новая артылерыя вельмі карысная. Вайскоўцаў можна хутка навучыць ёю карыстацца, ім можна таксама даць перадавыя артылерыйскія снарады, якія мае Захад і якіх ня маюць расейцы, дзякуючы чаму эфэктыўнасьць артылерыі значна павялічыцца. Украіна можа мець у сваім распараджэньні радар для супрацьдзеяньня агню, каб вайскоўцы маглі выяўляць, адкуль страляе расейская артылерыя, і хутка яе зьнішчаць. Але яна ім патрэбная ў большай колькасьці.
Ва Ўкраіне будзе ісьці напружаная бітва, і ёй спатрэбіцца вялікая колькасьць амуніцыі. Ім спатрэбіцца шмат амуніцыі для артылерыі савецкіх часоў, а таксама для артылерыі заходняга ўзору, у якой снарады некалькі іншых памераў. (З моманту інтэрвію Вашынгтон паабяцаў выдзеліць Украіне яшчэ 800 мільёнаў даляраў вайсковай дапамогі, у тым ліку дадатковае цяжкае ўзбраеньне. — Рэд.)
— Паколькі вайна не запавольваецца, здаецца непазьбежным, што Ўкраіне давядзецца пачаць выкарыстоўваць новае ўзбраеньне, якое пастаўляецца з краін NATO. Бо яе запасы тэхнікі савецкага і расейскага ўзору вычарпаны. Наколькі можа быць цяжка навучыць вайскоўцаў карыстацца новай тэхнікай?
— Гэта дастаткова рэальна, калі гаворка ідзе пра наземнае абсталяваньне, але сытуацыя ўскладняецца, калі мы гаворым аб авіяцыі. Каб правільна навучыць пілётаў кіраваць нават зьнішчальнікамі F-16 ці F-15. Да таго ж Украіна мае патрэбу ў значнай лягістычнай падтрымцы. Яны выкарыстоўваюць паліва іншага ўзору, іншыя запчасткі, таму ўсё гэта трэба арганізаваць і гэта трэба зрабіць на працягу наступных некалькіх месяцаў, нам неабходна ўжо цяпер пачаць думаць пра тое, як усё гэта зрабіць.
І размова ідзе ня толькі пра пастаўкі ўзбраеньня канцавога выкарыстаньня, якое можна прымяніць у баі. Ідзецца таксама пра падтрымку тэхнікі ў палявых умовах, каб яго можна было адрамантаваць, а апэратары і мэханікі маглі яго абслугоўваць.
— Што да матэрыяльна-тэхнічнага боку пытаньня, ці мае Захад неабходныя магчымасьці, каб своечасова задаволіць патрэбы Ўкраіны? І што да пытаньня паставак зброі ва Ўкраіну і на фронт?
— Магчымасьці ёсьць, але іх трэба рэалізаваць. Трэба навучаць людзей, ствараць новыя склады паліва і новыя ланцужкі паставак, і мы можам гэта зрабіць. Пройдзе некаторы час, і Захаду трэба зьмяніць сваё мысьленьне і зразумець, што вайна будзе доўгай, і Захад і Ўкраіна могуць перамагчы, таму што ў іх значна лепшыя эканамічныя магчымасьці і значна лепшыя прамысловыя магутнасьці, чым у Расеі.
У доўгатэрміновай пэрспэктыве барацьба разьвіваецца на карысьць Украіны. Але Захад павінен быць у стане падтрымаць яе, каб дасягнуць гэтай доўгатэрміновай пэрспэктывы. Мы павінны дапамагчы іхным узброеным сілам перайсьці на абсталяваньне, якое можна будзе пастаўляць у вялікай колькасьці ў доўгатэрміновай пэрспэктыве і якое яны могуць выкарыстоўваць у будучыні.Ва Ўкраіне таксама вельмі моцная ўнутраная абаронная прамысловасьць. Такім чынам, праца ў гэтым кірунку дапаможа іх айчыннай абароннай прамысловасьці адаптавацца да заходніх стандартаў і тэхналёгій NATO. Такім чынам яны змогуць дзейнічаць паўнавартасна і ў будучыні фактычна стануць прыкметным пастаўшчыком зброі на Захад.
— Падобна на тое, што мы па-ранейшаму бачым нежаданьне некаторых заходніх краін, у тым ліку Нямеччыны, пастаўляць Украіне цяжкае ўзбраеньне, якое, паводле аналітыкаў і чыноўнікаў, патрэбна. Мы бачым там дыскусіі, але ці бачыце вы нейкія зьмены ў гэтым пытаньні ў Бэрліне?
— Урад Нямеччыны вядзе жорсткую ўнутраную барацьбу паміж міністрам замежных спраў Анналенай Бурбак і міністрам энэргетыкі Робэртам Габэкам, якія прадстаўляюць Партыю зялёных і займаюць значна больш жорсткую пазыцыю ў гэтым пытаньні, супраць канцлера Оляфа Шольца, сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі.
Апошнім канцлерам партыі быў Гергард Шродэр, які дагэтуль зьяўляецца чальцом праўленьня расейскай энэргетычнай кампаніі «Роснефть» і дагэтуль не падаў у адстаўку. Ёсьць і іншыя людзі з СДП, напрыклад Франк-Вальтэр Штайнмаер, прэзыдэнт, якога апошнім часам не жадаюць прымаць ва Ўкраіне, бо ён праводзіў занадта прарасейскую палітыку ў мінулым. Дык такую партыю ўзначальвае Шольц. Я думаю, што ён спрабуе гэта зьмяніць, але яму трэба змагацца.
Зялёныя настойваюць на больш агрэсіўных дзеяньнях. Яны вядуць такую палітыку ўжо даўно, як па энэргетычных санкцыях, так і па ваенных пастаўках. Такім чынам, надзея на Нямеччыну застаецца, але ім трэба працягваць дужаньне і павярнуць у іншы бок гэты супэртанкер. Гэта зойме некаторы час.
Больш за тое, у саміх немцаў папраўдзе ня так шмат вайсковай тэхнікі. У іх быў гэты надзвычайны фонд у 100 мільярдаў эўра для папаўненьня сваіх узброеных сіл, які абʼявілі пасьля ўварваньня Расеі, але запасы боепрыпасаў вельмі нізкія. У іхных танкаў няма запчастак і іх ня вельмі шмат.
Найлепшае, што немцы маглі зрабіць зараз, гэта спыніць пастаўкі нафты, і Бэрбак абʼявіла, што праца над гэтым пачнецца да канца гэтага году. Але гэта сапраўды занадта марудна. Нямеччына не залежыць значна ад расейскай нафты, але многія грошы, якія Расея зарабляе, прыпадаюць на продаж нафты, а не на газ, бо нафта нашмат даражэйшая. Было б мэтазгодна спыніць пастаўкі нафты і перайсьці да скарачэньня паставак газу, але гэта відавочна больш складана.
Іншая справа, якую Нямеччына можа зрабіць, гэта проста выдзеліць грошы Ўкраіне, каб яна магла купляць іншую зброю ў тых краінах, якія яе сапраўды маюць і могуць яе пастаўляць.
Нямеччына таксама можа паскорыць працэс дазволу на экспарт зброі. У яе вельмі добра абсталявана абаронная прамысловасьць, якая здольная выпрацаваць шмат тэхнікі, але працэс ухвалы продажу гэтай тэхнікі, асабліва ў зонах баявых дзеяньняў, неймаверна доўгі і складаны, і ім трэба скончыць з гэтай бюракратыяй. Цяпер гэтая нямецкая бюракратыя ідзе на карысьць Расеі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.