Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць удзелу Беларусі ў вайне на баку Расеі 86% беларусаў, — вынікі апытаньня прафэсара Вардамацкага


Расейскі чыгуначны састаў з расейскай вайсковай тэхнікай на станцыі Навабеліца ў Гомлі
Расейскі чыгуначны састаў з расейскай вайсковай тэхнікай на станцыі Навабеліца ў Гомлі

Сёньня вядомы сацыёляг прафэсар Андрэй Вардамацкі прадставіў дадзеныя апытаньня, праведзенага ў Беларусі ў сакавіку сёлета.

Дасьледаваньне было праведзена шляхам тэлефоннага апытаньня 1000 рэспандэнтаў.

Падчас апытаньня вывучалася стаўленьне беларусаў да розных аспэктаў вайны Расеі з Украінай.

Паводле апытаньня, у стаўленьні да прысутнасьці расейскіх войскаў на вучэньнях на тэрыторыі Беларусі рэспандэнты падзяліліся прыкладна напалам.

Аднак на пытаньне аб стаўленьні да выкарыстаньня расейцамі беларускай тэрыторыі для баявых дзеяньняў супраць Украіны адмоўныя ацэнкі далі ўжо дзьве траціны рэспандэнтаў.

А на пытаньне, ці варта Беларусі ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне на баку Расеі сваім войскам, адмоўны адказ далі 86% апытаных і толькі 11% — станоўчы.

Адказы на апошняе пытаньне аказаліся істотна залежнымі ад узроўню адукацыі: сярод асобаў зь сярэдняй адукацыяй супраць удзелу беларускага войска выказаліся 64%, сярод асобаў з вышэйшай адукацыяй — 89%.

Таксама апытаньне выявіла карэляцыю з этнічнасьцю: сярод этнічных беларусаў за ўдзел беларускага войска ў вайне выказаліся 9%, сярод усіх астатніх этнічных меншасьцяў разам — 21%.

Задавалася пытаньне, хто ў першую чаргу вінаваты ў вайне. 24% апытаных назвалі галоўным вінаватым Расею, 20% — ЗША, 18% — Украіну, 12% — NATO, 2% — Эўразьвяз. Агулам на заходнія дзяржавы і інстытуты разам з Украінай усклалі віну 52% рэспандэнтаў, на Расею — удвая менш.

Аднак пры гэтым баявыя дзеяньні Расеі ўхвалілі, адказваючы на адпаведнае пытаньне, 43% і не ўхваліў кожны другі рэспандэнт.

На пытаньне, ці зьяўляецца Беларусь саўдзельніцай баявых дзеяньняў на баку Расеі, станоўча адказаў толькі кожны трэці і адмоўна — 63%.

45% рэспандэнтаў заявілі, што ў вайне спачуваюць Украіне, 20% — Расеі, 23% — абодвум бакам канфлікту.

На пытаньне аб пажаданай прыналежнасьці Беларусі да вайсковых саюзаў 30% выказаліся за АДКБ, 5% — за сяброўства ў NATO, 51% — за пазаблёкавы статус Беларусі.

Адказы на пытаньне пра геапалітычны выбар паміж саюзам з Расеяй і сяброўствам у ЭЗ паказалі, што геапалітычныя перавагі беларусаў у выніку вайны пакуль істотна не зьмяніліся. Крыху вырасьлі як прарасейскія, гэтак і праэўрапейскія памкненьні, аднак зьмены — у межах памылкі рэпрэзэнтатыўнасьці ў 3%.

Больш за палову апытаных (52%) выказаліся станоўча наконт прызнаньня Расеяй незалежнасьці самаабвешчаных рэспублік «ДНР» і «ЛНР», адмоўна — кожны трэці. Аднак на пытаньне наконт прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці гэтых утварэньняў станоўча выказаліся 39% рэспандэнтаў (адмоўна — 44%).

Асноўнымі крыніцамі інфармацыі пра падзеі ў краіне апытаныя назвалі Telegram (33%), беларускую тэлевізію (33%), Youtube — 30%, расейскую тэлевізію — 26%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG