Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульні Эрдагана з Украінай, Расеяй і вайной. Чаго хоча Турэччына


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, Кіеў, 3 лютага 2022 г.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, Кіеў, 3 лютага 2022 г.

Вайна Расеі з Украінай набірае новыя абароты. Дзясяткі дзяржаваў па-ранейшаму рэзка асуджаюць расейскую агрэсію і ўводзяць супраць Масквы ўсё новыя санкцыі. Прамых хаўрусьнікаў у Крамля на міжнароднай арэне сёньня амаль не засталося. Але ёсьць і краіны, якія пакуль не займаюць ніякага боку. Такія як Кітай, манархіі Пэрсыдзкай затокі — ці Турэччына.

Чаму Анкара паводзіць сябе менавіта так і якія ў гэтай вайне асабістыя інтарэсы турэцкага прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана?

Анкара амаль адразу пасьля 24 лютага на словах асудзіла расейскае ўварваньне, аднак ні да якіх санкцыяў супраць Расеі не далучылася. Затое ўсяляк з самага пачатку імкнулася стаць асноўным пасярэднікам у арганізацыі мірных перамоваў Масквы і Кіева, паралельна крытыкуючы дзеяньні NATO, сябрам якога яна сама зьяўляецца.

Калі яшчэ да пачатку расейска-ўкраінскай вайны і нават да пандэміі каранавірусу турэцкая эканоміка вельмі моцна аслабла, то сёньня яе ахапіў цяжкі крызіс. Эрдаган перажывае, магчыма, найгоршы пэрыяд за ўсю гісторыю свайго кіраваньня. У краіне ўсё мацней адчуваецца сацыяльна-палітычная напружанасьць. На пачатку году гадавая інфляцыя ў Турэччыне дасягнула дваццацігадовага максымуму, узровень беспрацоўя — 15–20%, цэны на базавыя тавары і паслугі вырасьлі амаль на 30–50%, а курс турэцкай ліры ўпаў удвая.

Пры гэтым у чэрвені 2023 году ў Турэччыне павінны адбыцца парлямэнцкія выбары — і, мяркуючы па ўсіх апытаньнях, урадавая турэцкая Партыя справядлівасьці і разьвіцьця (ПСР), лідэрам якой застаецца Эрдаган, увесь час губляе папулярнасьць.

Рэджэп Эрдаган зьвяртаецца да ўкраінскай і расейскай дэлегацыяў на пачатку перамоваў, Стамбул, 29 сакавіка 2022 г.
Рэджэп Эрдаган зьвяртаецца да ўкраінскай і расейскай дэлегацыяў на пачатку перамоваў, Стамбул, 29 сакавіка 2022 г.

Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, як папярэджваюць ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі, у тым ліку праваабарончыя, можа прывесьці да глябальнага недахопу харчаваньня і нават сапраўднага голаду ў сьвеце, які закране як мінімум сотні мільёнаў чалавек. І для Анкары зараз гэта асабліва небясьпечна.

У пастаўках харчаваньня Турэччына заўсёды вельмі моцна залежала і ад Расеі, і ад Украіны. У 2021 годзе амаль 65% усёй імпартнай пшаніцы ў Турэччыну паставіла Расея, а Ўкраіна — больш за 13%. Праз рэзкае павышэньне цаны на пшаніцу ўжо ў сакавіку сёлета Турэччына заявіла, што яна вельмі моцна, амаль на 30%, будзе вымушаная скараціць яе куплю за мяжой. Ня менш важныя для яе і расейскія энэрганосьбіты. Да апошняга часу РФ пастаўляла ў Турэччыну больш за палову імпартаванага ёю газу, 17% нафты і амаль 40% бэнзіну.

Масква і Анкара заключылі ў апошнія гады шмат буйных гандлёва-эканамічных угодаў. Адна з найважнейшых сярод іх, верагодна, — пра будоўлю пры дапамозе расейскай дзяржаўнай кампаніі «Росатом» турэцкай атамнай электрастанцыі, якая павінна забясьпечыць да 10% энэргаспажываньня ў Турэччыне.

Але і Ўкраіна ў апошні час для Турэччыны заставалася найважнейшым партнэрам. Летась Турэччына з аб’ёмам інвэстыцыяў у 4 мільярды 500 мільёнаў даляраў была ва Ўкраіне самым буйным замежным інвэстарам. 3 лютага сёлета, незадоўга да пачатку вайны, Рэджэп Эрдаган і Ўладзімір Зяленскі ў Кіеве падпісалі пагадненьне з мэтай давесьці абʼём гандлю да 10 мільярдаў даляраў у год. Анкара доўгі час пастаўляла Кіеву ўзбраеньне, у прыватнасьці, турэцкія баявыя дроны «Байрактар».

Байрактар
Байрактар

І на гэтым фоне ў ноч на 18 красавіка турэцкае войска распачало маштабную ваенную апэрацыю пад назвай «Кіпцюр» на поўначы Іраку супраць атрадаў Рабочай партыі Курдыстану (РПК), якую Анкара (а таксама ЗША і ЭЗ) прызнала тэрарыстычнай і якая мае базы ў Ірацкім Курдыстане — з кіраўніцтвам якога, зрэшты, партыя моцна варагуе.

Пра стаўленьне Турэччыны да расейска-ўкраінскай вайны і пра мэты, якія, магчыма, перасьледуе Эрдаган, у інтэрвію Радыё Свабода разважае палітоляг Іван Прэабражэнскі:

Іван Прэабражэнскі
Іван Прэабражэнскі

— Як спалучаюцца спроба арганізацыі Анкарой расейска-ўкраінскіх перамоваў, адмова ад увядзеньня санкцыяў супраць Масквы, чарговыя пастаўкі рознай зброі Кіеву і тэхнікі для разьмінаваньня, ня лічачы раней прададзеных бесьпілётнікаў «Байрактар», і пры гэтым гарачае чаканьне расейскіх турыстаў на сваіх курортах, дытырамбы кампаніі «Росатом» і гэтак далей?

— Анкара займае максымальна выгадную для сябе пазыцыю, спрабуючы зарабляць на чужым канфлікце — і як мага больш. Ранейшыя сувязі Расеі і Ўкраіны вельмі абмяжоўвалі магчымасьці Турэччыны ўдзельнічаць у вялікай палітыцы ў гэтай частцы Эўразіі, але яна б вельмі гэтага хацела. Гістарычна Турэччына традыцыйна ўплывала на ўвесь поўдзень Украіны. І туркі выдатна гэта памятаюць, і пры Эрдагану, тым больш, усё часьцей пра гэта прыгадваюць, таму што ва ўнутранай палітыцы ён пачынае ідэалягічна ўсё мацней абапірацца на даволі цікавую сумесь панцюркізму і ісламізму.

І таму Турэччына спрабуе зарабляць грошы і на расейскіх турыстах, і на пастаўках узбраеньняў Украіне, і на продажы ў Расею садавіны і гародніны. І адначасова Турэччына спрабуе ўзмацніць свой палітычны ўплыў, выступаючы як пасярэднік на перамовах, у ролі вялікага міратворцы. І таму ж яна не прадае Ўкраіне некаторае расейскае ўзбраеньне, хоць яе да гэтага падштурхоўвала NATO.

— Якое менавіта расейскае ўзбраеньне?

— У Анкары ёсьць расейскія зэнітна-ракетныя комплексы С-400, купля якіх некалькі гадоў таму прывяла да вялікага канфлікту з партнэрамі па NATO, у асноўным з ЗША. Турэччына праз гэта страціла магчымасьць купіць і потым часткова вырабляць на сваёй тэрыторыі сучасныя амэрыканскія зьнішчальнікі, і ў выніку з гэтай прычыны і сапсаваліся яе адносіны з Вашынгтонам. І дзесьці тыдні праз два пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну NATO дастаткова настойліва пачала прапаноўваць Эрдагану паставіць іх Кіеву, наўзамен атрымаўшы амэрыканскія ЗРК «Пэтрыёт» — як гэта зрабіла, напрыклад, Славаччына, перадаўшы Ўкраіне свае больш састарэлыя комплексы С-300 для супрацьдзеяньня Расеі. Аднак Эрдаган ня стаў гэтага рабіць.

Турэччына наогул паводзіць сябе як сапраўдны рэгіянальны лідэр, і ў адносінах што з Расеяй, што з Украінай імкнецца прытрымлівацца старажытнага прынцыпу «падзяляй і пануй». Чым больш канфліктаў на ўсёй постсавецкай прасторы, тым вышэйшы там уплыў Турэччыны, у кожным такім канкрэтным пункце. Гэта тычыцца ўжо ня толькі Расеі і Ўкраіны, але і ўсяго Паўднёвага і Паўночнага Каўказу і ўсёй Цэнтральнай Азіі. Эрдаган паўсюль імкнецца карыстацца слабасьцямі Расеі і падвышаць свой уплыў — дакладней, у разуменьні цяперашніх турэцкіх уладаў, вяртаць гэты ўплыў, які быў згублены ў XIX — пачатку ХХ стагодзьдзяў.

— А наколькі для самога Рэджэпа Эрдагана важная вайна ва Ўкраіне, для яго асабістых мэтаў?

— У Эрдагана, безумоўна, ёсьць мноства асабістых мэтаў, якія ня толькі не адпавядаюць мэтам Турэччыны як дзяржавы, але, магчыма, і наўпрост супярэчаць інтарэсам Турэччыны. Эрдаган, як і Пуцін, — вельмі аўтарытарны лідэр, па сутнасьці, амаль дыктатар. Эрдаган у апошнія гады сканцэнтраваў у сваіх руках беспрэцэдэнтны абʼём улады. Акрамя таго, пасьля так званай спробы вайсковага перавароту 2016 году, які ў многіх экспэртаў выклікае пытаньні — хто ў рэальнасьці і што там пераварочваў, — Эрдаган змог зьвесьці на нішто ўплыў турэцкай арміі, які да таго быў вырашальны, у тым ліку ў палітыцы.

Прэзыдэнты Азэрбайджану і Турэччыны Ільхам Аліеў (зьлева) і Рэджэп Эрдаган сустракаюцца ў Нагорным Карабаху, ліпень 2021
Прэзыдэнты Азэрбайджану і Турэччыны Ільхам Аліеў (зьлева) і Рэджэп Эрдаган сустракаюцца ў Нагорным Карабаху, ліпень 2021

І ў гэтым сэнсе поўнамаштабны ваенны канфлікт на тэрыторыі Ўкраіны дазваляе яму, з аднаго боку, выступаць у ролі лідэра моцнай краіны, якая можа даць свае пасярэдніцкія паслугі бакам канфлікту, а з другога боку, магчымасьць паспрабаваць, як гэта ў свой час зрабіў Аляксандар Лукашэнка Менскімі пагадненьнямі па Ўкраіне, выйсьці з частковай дыпляматычнай ізаляцыі, у якой цяпер апынуўся Эрдаган са сваёй уласнай віны, найперш у адносінах з ЭЗ і ў цэлым з Захадам.

Турэцкія танкі на мяжы з Ірацкім Курдыстанам, красавік 2022
Турэцкія танкі на мяжы з Ірацкім Курдыстанам, красавік 2022

— Эрдаган цяпер пачаў чарговую, ужо каторую па ліку, сваю ўласную вайну. Турэцкія войскі ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях ужо ў Сырыі, у Лібіі, у іншых краінах. І цяпер ён пару дзён таму аддаў загад аб пачатку чарговай ваеннай апэрацыі ў Ірацкім Курдыстане, супраць атрадаў Рабочай партыі Курдыстану. Чаму ён наважыўся на гэта менавіта зараз?

— Тут сышлося некалькі чыньнікаў. Самае галоўнае — гэта сурʼёзная зьмена сытуацыі ў рэгіёне ў цэлым, выкліканая, у тым ліку, уплывам вайны паміж Расеяй і Ўкраінай на ўсю Эўразію. ЭЗ імкнецца атрымаць максымальную колькасьць энэрганосьбітаў зь любых даступных крыніц, для таго каб адысьці ад залежнасьці ад Расейскай Фэдэрацыі. І гэты працэс закрануў у выніку і Ірацкі Курдыстан, які зьяўляецца дастаткова невялікай часткай цэлага Іраку, але пры гэтым найбольш забясьпечанай вуглевадародамі.

Цікава, што кіраўнік Ірацкага Курдыстану Масуд Барзані пачаў перамовы аб магчымасьці продажу газу з падкантрольнай яму тэрыторыі як у Турэччыну, гэтак і ў Эўразьвяз літаральна за два дні да ўварваньня турэцкай арміі на тэрыторыю Іраку. Турэцкія часткі зараз працягваюць баявыя дзеяньні супраць баевікоў Рабочай партыі Курдыстану, якая не падпарадкоўваецца Барзані і не зьвязаная зь ім. Ён пабываў у Анкары, сустракаўся з Эрдаганам і, як мяркуюць многія СМІ, па сутнасьці, даў дабро на гэтую ваенную апэрацыю, падтрымаў яе нефармальна.

А пасьля гэтага Барзані адбыў далей, у Эўропу, ён ужо пасьпеў пабываць у Вялікай Брытаніі. Гэта вялікае турнэ, у рамках якога Барзані, відавочна, абмяркоўвае падключэньне Ірацкага Курдыстану праз Турэччыну да забесьпячэньня ЭЗ газам.

Другі фактар — гэта расейска-ўкраінская вайна, якая займае ўсе выпускі навінаў зараз і на фоне якой ніхто ня будзе цяпер сурʼёзна зьвяртаць увагу на актыўнасьць Турэччыны ў Ірацкім Курдыстане. Пакуль уся міжнародная рэакцыя на атаку супраць баевікоў Рабочай партыі Курдыстану — гэта выклік турэцкага амбасадара ў МЗС Іраку, якому там уручылі ноту пратэсту.

Акрамя таго, хутчэй за ўсё, гэта ўнутрыпалітычнае пытаньне, якое вельмі важнае для Эрдагана, таму што яму неабходна тэрмінова прадэманстраваць хоць нейкія посьпехі, калі не зьнешнепалітычныя, то ў барацьбе з турэцкімі курдамі. Рабочая партыя Курдыстану дзейнічае ня толькі ў Іраку — але традыцыйна лічыцца, што яна як бы родам з Іраку, дзе са сваіх базаў узаемадзейнічае зь вялізным курдзкім падпольлем на тэрыторыі самой Турэччыны.

Уладзімір Пуцін і Рэджэп Эрдаган на цырымоніі адкрыцьця газаправоду «Турэцкі паток», Стамбул, 8 студзеня 2020
Уладзімір Пуцін і Рэджэп Эрдаган на цырымоніі адкрыцьця газаправоду «Турэцкі паток», Стамбул, 8 студзеня 2020

— Што можна сказаць пра магчымыя далейшыя крокі Эрдагана ў дачыненьні да Расеі? Можа, адбудзецца ягонае чарговае збліжэньне з Пуціным? Ці, наадварот, будзе новая канфрантацыя ў спрэчных рэгіёнах, дзе паміж Масквой і Анкарой па-ранейшаму існуюць наймацнейшыя супярэчнасьці? У Сырыі, у Цэнтральнай Азіі ці на Паўднёвым Каўказе?

— Турэччына традыцыйна, а цяпер асабліва, не зьяўляецца для Расеі саюзьнікам. Абодва яны, і Пуцін, і Эрдаган, узаемадзейнічаючы на асабістым узроўні, выдатна разумеюць, што, па сутнасьці, яны два бандыты, якія дзеляць навакольны сьвет. Яны гавораць на адной мове, яны заўсёды могуць дамовіцца, як той казаў, «па паняцьцях» — таму і дамаўляюцца, — але яны апанэнты, а не саюзьнікі. Адпаведна, у любы момант, калі Расея слабее, Турэччына павялічвае ціск.

Так і было, літаральна нядаўна, у Нагорным Карабаху, дзе азэрбайджанскія вайскоўцы пасьля пачатку расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны правялі зноў дэманстрацыю сілы. Занялі адно армянскае невялікае паселішча, літаральна зь некалькіх дамоў, і паказалі, што яны лёгка змогуць прасоўвацца і далей — таму што большая частка расейскіх «міратворцаў», мяркуючы па наяўнай інфармацыі, адбыла для вядзеньня ваенных дзеяньняў супраць Украіны, так што спыніць іх, па сутнасьці, не было каму. Відавочна, што гэтую дэманстрацыю сілы Баку правёў па ўзгадненьні з Анкарой. І калі ў найбліжэйшы час нейкая новая дамова паміж Армэніяй і Азэрбайджанам, за кошт у першую чаргу армянскіх інтарэсаў і са стратай часткі кантролю над яшчэ некаторай колькасьцю армянскіх тэрыторыяў, ня будзе падпісаная, то Турэччына будзе імкнуцца вырашыць гэтае пытаньне пры дапамозе ваеннай сілы.

Азэрбайджанская бранятэхніка
Азэрбайджанская бранятэхніка

Яшчэ адзін рэгіён, дзе Турэччына будзе ўзмацняцца, безумоўна, і адкуль змушаная сыходзіць паступова Расея, — гэта Цэнтральная Азія. Там Турэччына ўжо аказваецца канкурэнтам Кітаю. І нездарма Анкара зараз на зьнешнепалітычным узроўні стала, пасьля Вашынгтону, ледзь не другім галоўным апанэнтам Пэкіну і другой найбуйнейшай дзяржавай, якая асуджае рэпрэсіўную палітыку КНР у дачыненьні да ісламскіх меншасьцяў. Турэччына разумее, што яна заходзіць на поле, дзе раней з Кітаем канкуравала Расея, — і зараз разьлічвае канкураваць зь ім сама.

У Турэччыны зьявіліся інтарэсы, напрыклад, і ў Малдове, дзе ёсьць гагауская меншасьць, якая лічыцца, прынамсі збольшага, мусульманскай, і ў шматлікіх іншых рэгіёнах. Урэшце, нездарма МЗС Расейскай Фэдэрацыі, які ўвогуле палюбіў дзіўныя гістарычныя экскурсы, цяпер прыгадаў аб старажытных дамовах, якія заключаліся з асманскімі ўладамі адносна тэрыторый поўдня цяперашняй Украіны, у тым ліку па Крыме.

— Вы XVIII стагодзьдзе, па-мойму, маеце на ўвазе?

— Так, гаворка ідзе пра Яскую мірную дамову. І далей Крамлём выцягваецца на сьвет увесь вялізны блёк пагадненьняў паміж Расейскай і Асманскай імпэрыямі, якія тычыліся разьмежаваньня іх уплыву — дзе гаварылася, кажучы простымі словамі, аб тым, што калі не Расеі належаць нейкія тэрыторыі, то тады асманы маюць поўнае права на іх прэтэндаваць. Гэта ўсё рэгулярна прыгадваюць афіцыйныя расейскія «геапалітыкі», калі спрабуюць палохаць Украіну.

Але наогул у рэальнасьці гэта не пустыя страхі, таму што ў самой Турэччыне сурʼёзна расьце ўплыў новых панцюркістаў. Прычым пры Рэджэпу Эрдагану адбылося такое ж, як і ў Расеі, зьліцьцё нацыяналістаў з рэлігійнымі радыкаламі, ісламісты ў Турэччыне зьліліся з панцюркістамі, чаго раней не было. І постымпэрскія настроі дамінуюць у наш час ня толькі ў істэблішмэнце Расеі, але і ў вышэйшых колах у Турэччыне. У гэтым катле, відавочна, і рыхтуецца новая зьнешнепалітычная стратэгія Турэччыны, якая будзе адначасова ісьці і па ісламскім, і па нацыянальным напрамках. І, адпаведна, рызыкі для суседніх краінаў якасна ўзрастуць.

Непазьбежным таму выглядае і будучае супрацьстаяньне Масквы і Анкары ў Сырыі, большую частку якой Турэччына, па сутнасьці, лічыць сваёй былой правінцыяй. Анкара ніколі паўнавартасна, я думаю, не прызнае Башара Асада, якога Расейская Фэдэрацыя лічыць дзейным прэзыдэнтам Сырыі. І заўсёды будзе імкнуцца ў будучыні, як і Расея паступіла з Украінай пасьля Майдану, называць дзейныя сырыйскія ўлады нелегітымнымі і пачаць зноў умешвацца ў сырыйскую палітыку — як толькі і калі Расея там аслабне і сыдзе з рэгіёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG