Галоўнае на гэты момант
- Украінская чыгунка аднаўляе рух цягнікоў на Чарнігаўшчыну пасьля адступленьня расейскіх войскаў.
- ААН: З пачатку вайны ва Ўкраіне (паводле зьвестак на поўнач 14 красавіка) пацьверджаная гібель 1982 мірных жыхароў і раненьні 2651, рэальныя лічбы «значна вышэйшыя».
- З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне пацярпелі 560 дзіцяці: загінулі 200 дзяцей, 360 атрымалі раненьні.
- Мінабароны Расеі прызнала, што крэйсэр «Масква» затануў. Украінцы раней заявілі, што ўдарылі па расейскім ракетным крэйсэры «Масква» ракетамі «Нэптун», у Мінабароны Расеі сьцьвярджаюць, што на «Маскве» ў выніку пажару здэтанаваў боезапас.
- Войскі Расейскай Фэдэрацыі зь Белгародзкай вобласьці Расеі прасоўваюцца на ўсход Украіны, пра гэта сьведчаць спадарожнікавыя здымкі.
- Сябры Кангрэсу ЗША наведалі Кіеў і ваколіцы, якія пацярпелі ад расейскіх акупацыйных войскаў.
- Прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі наведалі Кіеў 13 красавіка. 14 красавіка ў Кіеў прыбылі сьпікеры сэнатаў Польшчы і Чэхіі.
- ЗША накіроўваюць ва Ўкраіну верталёты, якія раней плянавалі паставіць у Афганістан, а таксама іншую цяжкую зброю.
- Польшча ўводзіць эмбарга на расейскі вугаль.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 16 красавіка
Расейскія вайскоўцы абстралялі Лісічанскі нафтаперапрацоўчы завод
Як паведамляе кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай, абстрэл адбыўся раніцай. У выніку пачаўся пажар на плошчы 5000 квадратных мэтраў. Тушэньне пажару працягваецца. Па словах Гайдая, гэта ня першы абстрэл завода.
Ранішнія абстрэлы Кіева, Харкава і ў Львоўскай вобласьці: ёсьць загінулыя
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ўкраінская сталіца патрапіла пад абстрэл раніцай 16 красавіка. «Выбухі раздаліся ў Дарніцкім раёне на ўскраіне горада. Цяпер на месцы працуюць ратавальнікі і мэдыкі. Зьвесткі аб пацярпелых удакладняюцца», – напісаў Клічко ў Telegram, заклікаўшы жыхароў горада ня грэбаваць сыгналамі паветранай трывогі.
У выніку нападу на Дарніцкі раён Кіева адзін чалавек загінуў, яшчэ некалькі грамадзян былі шпіталізаваныя, піша «Громадске».
Раніцай 16 красавіка самалёты Су-35 расейскіх войскаў абстралялі ракетамі Львоўскую вобласьць, паведаміў кіраўнік Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Максім Казіцкі.
Два чалавекі загінулі, ня менш за 18 атрымалі раненьні ў выніку ўдару расейскай ракетай «Калибр» па Харкаве 16 красавіка — такія зьвесткі дала Харкаўская абласная пракуратура.
Начныя абстрэлы ў Палтаўскай, Кіраваградзкай і Луганскай абласьцях
У адным зь сёлаў пад Палтавай у выніку абстрэлаў разбураныя збудаваньні, адзін чалавек загінуў, іншы паранены, паведамляе губэрнатар вобласьці.
У выніку начных абстрэлаў Луганскай вобласьці адзін чалавек загінуў, трое атрымалі раненьні, шкоджаныя газаправоды ў Севераданецку і Лысічанску, паведаміў старшыня абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
Старшыня Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка паведаміў аб двух «прылётах» у Дняпроўскай раёне — цалкам разбураная птушкафабрыка, на якой нікога не было.
Па інфраструктуры аэрапорта горада Александрыя ў Кіраваградзкай вобласьці Ўкраіны 15 красавіка ў 22.26 вечара нанесены ракетны ўдар, вядуцца аварыйна-выратавальныя працы, паведаміў 16 красавіка на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
На спадарожнікавых здымках Херсона знайшлі больш за 800 новых магіл
З 28 лютага па 15 красавіка на гарадзкіх могілках Херсона зьявілася ня менш за 824 новыя магілы, паведамляе лёнданская праваабарончая арганізацыя Цэнтар інфармацыйнай устойлівасьці (CIR). Высновы зробленыя на падставе спадарожнікавых здымкаў кампаніі Planet Lab, атрыманых з 28 лютага па 15 красавіка.
Мінабароны Расеі апублікавала відэа сустрэчы камандаваньня з экіпажам патанулага крэйсэра «Масква»
Міністэрства абароны Расеі апублікавала кадры сустрэчы Галоўнакамандуючага ВМФ адмірала Мікалая Яўменава і камандаваньня Чарнаморскага флёту з экіпажам патанулага ракетнага крэйсэра «Масква» ў Севастопалі.
На відэа пашыхтаваныя ня больш за 100 чалавек, а экіпаж «Масквы» меўся налічваць каля 500 чалавек. Расейскае камандаваньне дагэтуль нічога не паведаміла пра колькасьць загінулых на караблі.
Генштаб Узброеных сілаў Украіны: расейскія войскі страцілі ва Ўкраіне больш за 20 тысяч вайскоўцаў
З пачатку поўнамаштабнай вайны да 16 красавіка расейскія войскі страцілі ва Ўкраіне больш 20 100 чалавек асабовага складу, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны. Паводле Генштабу, страты расейскіх войскаў таксама склалі:
- 762 танкі,
- 1982 баявыя браніраваныя машыны,
- 371 артылерыйская сыстэма,
- 125 рэактыўных сыстэм залпавага агню,
- 66 сродкаў супрацьпаветранай абароны,
- 163 самалёты, 145 верталётаў,
- 1458 адзінак аўтамабільнай тэхнікі,
- 8 караблёў і лодак (у тым ліку крэйсэр «Масква»),
- 76 цыстэрнаў з гаруча-змазачнымі матэрыяламі,
- 138 бесьпілётных лятальных апаратаў апэратыўна-тактычнага ўзроўню – 138,
- 26 адзінак спэцтэхнікі,
- 4 ракетныя ўстаноўкі.
У палоне Расеі знаходзяцца каля 700 украінскіх вайскоўцаў і больш за тысячу мірных жыхароў
«Больш за тысячу цывільных у палоне ў расейцаў, больш за пяцьсот — гэта жанчыны. Мы ня будзем абменьваць вайскоўцаў на цывільных, бо гэта забаронена Жэнэўскай канвэнцыяй. Мы патрабуем адпусьціць без усялякіх умоваў нашых мірных жыхароў. Адносна колькасьці палонных у нас прыкладны парытэт: у нас каля 700 іх ваеннапалонных і ў іх каля 700 нашых вайскоўцаў», — адзначыла Верашчук.
Расейскія вайскоўцы рыхтуюцца з 18 красавіка цалкам закрыць Марыюпаль, — дарадца мэра гораду
Пра гэта заявіў дарадца мэра Марыюпаля Пётр Андрушчанка. Паводле яго, акрамя закрыцьця ўезду і выезду з горада расейскія сілы зьбіраюцца забараніць жыхарам перамяшчацца паміж раёнамі.
Андрушчанка сьцьвярджае, што ў горадзе зьбіраюцца правесьці «фільтраваньне» — і адправіць большасьць мужчын, якія засталіся ў Марыюпалі, у Новаазоўск. «Частку людзей плянуюць мабілізаваць у расейскі акупацыйны корпус, частку — прымусова адправіць на расчыстку завалаў, а аднесеных да нядобранадзейных — ізаляваць», — сказаў ён, дадаўшы, што частку мужчын могуць пакінуць у горадзе «для абслугоўваньня патрэбаў».
Зяленскі: «Сьвет павінен быць гатовы да таго, што Пуцін можа ўжыць ядзерную зброю»
У эксклюзіўным інтэрвію карэспандэнту CNN Джэйку Тэпэру Зяленскі заявіў, што Пуцін можа зьвярнуцца альбо да ядзернай, альбо да хімічнай зброі, бо жыцьці ўкраінцаў не ўяўляюць для яго каштоўнасьці.
«Мы павінны не баяцца, але быць гатовымі да гэтага. Але гэта не пытаньне Ўкраіны, ня толькі Украіны, але і ўсяго сьвету, я думаю», — сказаў Зяленскі.
Баі на ўсходзе Ўкраіны становяцца больш інтэнсіўнымі
У зводцы ўкраінскага камандаваньня адзначаецца, што ў мінулы дзень расейскія войскі працягвалі спробы авалодаць населенымі пунктамі Рубежнае і Папасная Луганскай вобласьці. У тым жа рэгіёне асабліва інтэнсіўныя абстрэлы зазнаў Севераданецк. Паводле зьвестак мясцовых уладаў, у горадзе разбурана каля 70% забудовы.
Адзначаюцца перамяшчэньні расейскіх войскаў у раёне Харкава, які зноў трапіў пад абстрэлы, ёсьць ахвяры сярод мірнага насельніцтва.
На поўдні войскі РФ спрабуюць выйсьці да адміністрацыйных межаў Херсонскай вобласьці, каб аднавіць наступ углыб Украіны.
Увечары 15 красавіка быў нанесены ракетны ўдар па аэрадроме ў горадзе Александрыя Кіраваградскай вобласьці.
Расейскі бок абвінаваціў Украіну ў падрыхтоўцы «правакацыі» — абстрэлу вакзала на станцыі Лазавая пад Харкавам. Расейскі генэрал Міхаіл Мізінцаў сьцьвярджае, што Ўкраіна мае намер абвінаваціць потым у абстрэле вакзала Расею, і параўноўвае гэта зь нядаўнім ракетным абстрэлам вакзала ў Краматорску. Украіна і Захад заявілі, што вакзал быў абстраляны расейскімі войскамі, Масква ўсё адмаўляла і заяўляла пра ўкраінскую «правакацыю».
Зяленскі назваў страты ўкраінскага войска з пачатку вайны
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію CNN 16 красавіка паведаміў аб стратах Узброеных сіл Украіну з пачатку вайны 24 лютага. Паводле Зяленскага:
- загінулі каля 2500-3000 вайскоўцаў,
- прыкладна 10 тысяч параненыя, «і невядома, колькі зь іх выжыве»,
- колькасьць загінулых цывільных пакуль цяжка падлічыць.
Таксама Зяленскі назваў магчымыя страты расейскага войска з пачатку вайны: паводле яго, іх колькасьць складае ад 19 да 20 тысяч чалавек.
Расея апошні раз паведамляла пра свае баявыя страты 25 сакавіка: паводле Мінабароны РФ, на той час 1351 вайсковец загінуў, 3825 вайскоўцаў параненыя. Таксама Мінабароны таксама дало ацэнку стратам Украіны: 14 000 вайскоўцаў забітыя, 16 000 — параненыя.
Генпракуратура Ўкраіны: з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 200 дзяцей
Пачынаючы з 24 лютага 560 дзяцей пацярпелі ва Ўкраіне ў выніку поўнамаштабнай узброенай агрэсіі Расеі. Паводле афіцыйных зьвестак ювэнальных пракурораў, 200 дзяцей загінулі і больш за 360 параненыя. Гэтыя лічбы не канчатковыя, бо ідзе праца па іх устанаўленьні ў месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў, на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях, паведамляе Офіс Генпракурора Ўкраіны.
Больш за ўсё пацярпела дзяцей у Данецкай вобласьці — 117, Кіеўскай — 105, Харкаўскай — 88, Чарнігаўскай — 54, Херсонскай — 41, Мікалаеўскай — 40, Луганскай — 36, Запароскай — 23, у Кіеве — 16, Сумскай — 16, Жытомірскай — 15.
ААН пацьвердзіла гібель прынамсі 1982 мірных жыхароў з пачатку вайны ва Ўкраіне
Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавеказмагло пацьвердзіць гібель 1982 і раненьне 2651 мірных жыхароў праз вайну вайны Расеі супраць Украіны. Гэта зьвесткі з 24 лютага па поўнач 14 красавіка. «Большасьць зафіксаваных страт сярод цывільных былі выкліканыя прымяненьнем выбуховай зброі з шырокай зонай паражэньня, уключаючы абстрэлы зь цяжкай артылерыі і рэактыўных сыстэм залпавага агню, а таксама ракетныя і авіяўдары», — гаворыцца ў паведамленьні.
У ААН заяўляюць, што рэальныя лічбы «значна вышэйшыя», паколькі атрыманьне інфармацыі зь некаторых месцаў, дзе працягваюцца інтэнсіўныя баявыя дзеяньні, адбываецца з затрымкай, і многія паведамленьні зь месцаў усё яшчэ мае патрэбу ў пацьверджаньні.
Амбасады Італіі і Францыі аднаўляюць працу ў Кіеве
Амбасада Італіі, часова перамешчаная ў Львоў з пачаткам вайны, з панядзелка 18 красавіка адновіць працу ў Кіеве, паведаміў кіраўнік МЗС Італіі Луіджы Ды Маё. Міністар замежных спраў Італіі ўдакладніў, што амбасадар краіны П'ер Франчэска Дзадза ўжо прыбыў у Кіеў.
Францыя таксама заявіла, што яе амбасада ва Ўкраіне вернецца ў Кіеў.
«Гэтая перадысьлякацыя адбудзецца вельмі хутка і дазволіць Францыі ўзмацніць сваю падтрымку Ўкраіны ва ўсіх сфэрах, каб супрацьстаяць вайне, разьвязанай Расеяй 24 лютага», — гаворыцца ў заяве МЗС, піша AFP. На пачатку сакавіка амбасада Францыі пераехала з Кіева ў Львоў.
Польшча ўводзіць эмбарга на расейскі вугаль
Закон, які забараняе ўвоз у Польшчу і транзыт празь яе тэрыторыю вугалю з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ці Беларусі, падпісаў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Акрамя таго, закон вызначае санкцыі ў адносінах да асоб або арганізацый, якія не выконваюць абавязку замарожваць сродкі ці эканамічныя рэсурсы, або бяруць удзел у абходзе санкцый. На парушальнікаў накладаецца штраф у памеры да 20 мільёнаў злотых.
Па гуманітарных калідорах 15 красавіка эвакуявалі 2864 чалавекі
Па гуманітарных калідорах, узгодненых на 15 красавіка, ва Ўкраіне ўдалося эвакуяваць 2864 чалавекі, паведаміла віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук.
363 чалавекі эвакуяваныя з Марыюпаля, 2494 — з гарадоў Запароскай вобласьці (Полагі, Васільеўка, Бярдзянск, Мелітопаль). Акрамя таго, нягледзячы на абстрэлы, удалося эвакуяваць 370 чалавек зь Лісічанска, Севераданецка, Рубежнага і іншых гарадоў Луганскай вобласьці.
Мінабароны РФ: крэйсэр «Масква» затануў
Як заявілі ў расейскім Міністэрстве абароны ўвечары 14 красавіка, «пры буксіраваньні крэйсэра «Масква» ў порт прызначэньня праз пашкоджаньні корпусу, атрыманыя падчас пажару ад дэтанацыі боезапасу, карабель страціў устойлівасьць. Ва ўмовах штармавога хваляваньня мора карабель затануў».
Гэта самая дарагая вайсковая страта Расеі з пачатку вайны. Выданьне Forbes ацэньвае яго кошт прыкладна ў 750 мільёнаў даляраў.
Ва Ўкраіне раней заявілі, што ўдарылі па расейскім ракетным крэйсэры «Масква» ракетамі «Нэптун», у Мінабароны Расеі сьцьвярджаюць, што на «Маскве» ў выніку пажару здэтанаваў боезапас.
Больш за 870 тысяч украінскіх уцекачоў ужо вярнуліся на радзіму
Больш за 870 тысяч уцекачоў, якія пакінулі Ўкраіну з пачатку вайны, вярнуліся на радзіму, гаворыцца ў дакладзе Ўпраўленьня ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў ад 14 красавіка, заснаваным на зьвестках Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны па стане на 12 красавіка. Цяпер каля 30 тысяч чалавек штодня перасякаюць мяжу ў адваротным кірунку, вяртаючыся ва Ўкраіну.
Агулам, паводле зьвестак ААН, з 24 лютага свае дамы ва Ўкраіне пакінулі ня менш за 11,7 млн чалавек, больш за 4,6 млн пакінулі краіну.
Амаль 220 тысяч чалавек засталіся ва Ўкраіне без жытла праз вайну
З прычыны вайны без жытла ва Ўкраіне засталося 219 600 чалавек, паведаміла Людміла Дзянісава, упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека. Паводле яе, гаворка ідзе аб 37 550 унікальных адрасах па ўсёй Украіне.
Інфармацыю аб пашкоджаным або зьнішчаным жытле зьбіраюць празь дзяржаўны партал электронных паслуг «Дія». Паводле Людмілы Дзянісавай, на плятформу паступіла ўжо каля 76 700 інфармацыйных заявак, а агульная плошча шкоды ацэньваецца ў 5,3 мільёна квадратных мэтраў.
Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны: па стане на 3 красавіка функцыянуюць толькі 30% моладзевых цэнтраў і прастораў
Паводле Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны:
- 18 моладзевых цэнтраў разбурана, пашкоджана або занята;
- 68% моладзевых работнікаў былі вымушаныя пакінуць свае рэгіёны;
- толькі 37,6% маюць магчымасьць займацца моладзьдзю;
- 40% моладзі ва Ўкраіне пацярпелі ў выніку збройнай агрэсіі Расеі і Беларусі,
- больш за 2 мільёны маладых людзей сталі ўнутрана перамешчанымі, яшчэ 2 мільёны выехалі за мяжу.
У Кіеўскай вобласьці зарэгістравалі 104 тысячы вымушаных перасяленцаў
Каля 10 тысяч перасяленцаў разьмясьцілі ў 23 установах камунальнай уласнасьці ў 13 грамадах рэгіёну, паведаміў кіраўнік гуманітарнага штабу Кіеўшчыны Аляксей Кулеба.
Уцекачы ад вайны
Паводле зьвестак ААН, па стане на 15 красавіка больш за 5 мільёнаў чалавек пакінулі Ўкраіну з пачатку вайны 24 лютага. У справаздачах Упраўленнья вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў ААН і Міжнароднай арганізацыі ААН па міграцыі гаворыцца, што агулам Украіну пакінулі 4 790 000 украінцаў і каля 215 тысяч замежнікаў.
найбольш уцекачоў з Украіны выехалі ў Польшчу — звыш 2, 7 мільёна чалавек, на другім месцы Румынія — больш за 725 тысяч чалавек.
На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны пражываў 41 мільён чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Расея ўвяла санкцыі супраць кангрэсмэнаў ЗША і сэнатараў Канады. Міністэрства замежных спраў Расеі 13 красавіка ўнесла ў чорны сьпіс 398 кангрэсмэнаў ЗША і 87 канадзкіх сэнатараў. Таксама Расея абвясьціла пэрсонай нон грата старшага дыплямата амбасады Чэхіі ў Маскве.
Пуцін падпісаў закон аб арыштах да 15 «сутак» за адмаўленьне «вырашальнай ролі» СССР «у разгроме нацысцкай Нямеччыны»
Паводле гэтага артыкулу прадугледжанае пакараньне для фізычных асобаў — штраф да 2 тысяч рублёў або адміністрацыйны арышт да 15 дзён. Для юрыдычных асобаў — штраф да 50 тысяч рублёў, пры паўторным парушэньні ім пагражае прыпыненьне дзейнасьці на тэрмін да 90 сутак.
Расея забараніла ўезд кіраўніку ўраду і міністрам Вялікай Брытаніі
Забарона на ўезд у Расею распаўсюджваецца на 13 чалавек. У «чорны сьпіс» трапілі прэмʼер-міністар Борыс Джонсан, міністар замежных спраў Элізабэт Трас, міністар юстыцыі Дамінік Рааб, міністар абароны Бэн Уолес і яго намесьнік, экс-прэмʼер, дэпутат парлямэнту Тэрэза Мэй, кіраўнікі МУС, Міністэрства фінансаў, транспарту і іншых міністрэстваў.
ФСБ просіць павялічыць дзяржвыдаткі на пахаваньне расейскіх вайскоўцаў
Фэдэральная служба бясьпекі РФ папрасіла ўрад павялічыць на 17% выдаткі на пахаваньне і надмагільлі для вайскоўцаў. Пры гэтым якім будзе канчатковы рахунак для падаткаплатнікаў — невядома, невядомая і колькасьць загінулых салдат. Зыходзячы з прадстаўленага ФСБ праекту рашэньня ўраду, кампэнсацыя выдаткаў на пахаваньне аднаго загінулага на вайсковай службе вырасьце на 7800–11 000 расейскіх рублёў (95–135 даляраў), у залежнасьці ад яго статусу і месца пахаваньня.
Апошнія дадзеныя пра загінулых Мінабароны падало 25 сакавіка: 1351 чалавек. Па вэрсіі ўкраінскага боку, загінулых расейскіх вайскоўцаў на парадак больш.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Лясы на поўдні пад забаронай
Міністэрства лясной гаспадаркі забараніла наведваць лясы на поўдні Гомельскай вобласьці. Пад забарону трапілі лясы Брагінскага, Нараўлянскага, Мазырскага і Хойніцкага раёнаў. Менавіта там, як паведамлялася, былі лягеры расейскіх вайскоўцаў.
Некалькі крыніц Свабоды паведамілі, што шмат беларускіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў Нароўлі, пад Брагінам і ў Хойніках.
Як рэагуе сьвет
Францыя перадасьць Украіне 24 пажарныя машыны, хуткія дапамогі і 50 тон ратавальнага абсталяваньня
Пра гэта 15 красавіка паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.
Макрон напісаў у Twitter, што запэўніў Зяленскага ў салідарнасьці Парыжа і гатоўнасьці дапамагаць завяршыць вайну. Таксама нагадаў, што Францыя надала Ўкраіне ваенную дапамогу больш як на 100 млн эўра.
ААН: Вайна ва Ўкраіне пагражае голадам адной пятай чалавецтва
«Вайна ва Ўкраіне можа адкінуць больш як пятую частку чалавецтва за рысу беднасьці, галечы і голаду ў маштабах, якіх ня бачылі дзесяцігодзьдзямі», — заявіў генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антонію Гутэрыш 14 красавіка.
ЗША паабяцалі дадатковую вайсковую дапамогу Ўкраіне на 800 млн даляраў
«Гэты новы пакет дапамогі будзе ўтрымліваць многія з высокаэфэктыўных сыстэм узбраеньняў, якія мы ўжо прапанавалі, і новыя магчымасьці, прыстасаваныя да больш шырокага наступу, які, як мы чакаем, Расея ажыцьцявіць на ўсходзе Ўкраіны, — адзначыў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. — Гэтыя новыя магчымасьці ўключаюць у сябе артылерыйскія сыстэмы, артылерыйскія снарады і бронетранспартэры. Я таксама ўхваліў перадачу дадатковых верталётаў».
Сусьветны банк дасьць Украіне яшчэ 1,5 мільярда даляраў фінансавай дапамогі
Сусьветны банк адправіць Украіне пакет фінансавай дапамогі на суму 1,5 мільярда даляраў — грошы пойдуць на крытычна важныя паслугі, піша Reuters. Сюды адносяцца пэнсіі, выплаты заробкаў супрацоўнікам мэдычных установаў, забесьпячэньне сацыяльных праграм і гэтак далей.
На пачатку сакавіка Сусьветны банк выдзеліў 700 мільёнаў даляраў экстранага фінансаваньня для Ўкраіны, а потым — яшчэ два траншы памерам амаль 200 мільёнаў і 100 мільёнаў даляраў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.