Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра ўкраінскую ракету «Нэптун», якая, імаверна, патапіла расейскі крэйсэр «Москва»


Крэйсэр «Москва»
Крэйсэр «Москва»

Міністэрства абароны Расеі прызнала, што крэйсэр «Москва» затануў. Але прычынай крушэньня свайго флягмана ў Расеі назвалі пажар, які стаў вынікам дэтанацыі боепрыпасаў.

Украінскія вайскоўцы і палітыкі пераконваюць, што расейскі крэйсэр зьнішчыла найноўшая распрацоўка кіеўскіх канструктараў — крылатая ракета «Нэптун». Свабода прааналізавала, у чым унікальнасьць гэтай украінскай зброі.

Створаная пасьля пачатку расейскай агрэсіі ў 2014-м

Кіеўскае канструктарскае бюро «Луч» пачало распрацоўваць ракету ў 2014 годзе, калі Ўкраіна ад незаконнай анэксіі Расеяй Крыму страціла асноўны карабельны склад і берагавыя ракетныя комплексы «Рубеж».

Ракетны супрацькарабельны комплекс «Нэптун» стварылі ў рэкордныя тэрміны: першыя ягоныя выпрабаваньні правялі ў 2016 годзе, а ўжо ў 2019-м, за год да фінальных выпрабаваньняў, яго ўпершыню прывезьлі ў Кіеў на выстаўку «Зброя і бясьпека» для публічнай дэманстрацыі.

Іх вытворчасьць пачалі ў 2019-м у каапэрацыі зь іншымі прадпрыемствамі, у тым ліку Харкаўскім авіяцыйным заводам і прадпрыемствам «Мотор Січ».

Украінская паштовая марка з расейскім крэйсерам
Украінская паштовая марка з расейскім крэйсерам

Нябачная для радараў

Ракетны комплекс «Нэптун» распрацоўваўся як зброя стрыманьня, бо ракеты шматфункцыянальныя: яны могуць зьбіваць як баявыя караблі (клясаў крэйсэр, эсьмінец, фрэгат, карэт), гэтак і наземныя цэлі. Пры гэтым радары практычна ня бачаць ракет.

«Яе (ракету) немагчыма выявіць нават у звычайнае надвор’е: на вышыні 5-7 мэтраў радыёлякацыйныя сродкі бачаць яе толькі ў кароткі адрэзак часу, бо радыёгарызонт вышэй, чым ракета ляціць над паверхняй вады. Яна ляціць вельмі нізка», — паведаміў дырэктар інфармацыйна-кансалтынгавай кампаніі Defense Express Сяргей Згурэц.

«Нэптун», як і амэрыканскія крылатыя ракеты «Гарпун», здольны пацэліць на адлегласьці 280 кілямэтраў. Вага ўкраінскай ракеты — 870 кг (амэрыканская крыху лягчэйшая — 742 кг).

На фінальных выпрабаваньнях, якія адбыліся ў чэрвені 2020-га на адэскім палігоне «Алібей», абедзьве запушчаныя ракеты трапілі дакладна ў цэль, што выклікала ў распрацоўшчыкаў асаблівы гонар і радасьць.

У жніўні 2020-га ракетныя комплексы «Нэптун» перадалі на ўзбраеньне Ваенна-марскім сілам Украіны.

Tatra перамагла шасі МЗКТ

У 2016 годзе, калі ўжо была распрацаваная ракета «Нэптун», украінскія СМІ зьвярнулі ўвагу на тое, як праз украінскую чыгунку перамяшчалі шасі беларускай вытворчасьці МЗКТ-6922, прызначаныя для зэнітна-ракетных комплексаў. Тады так да канца і ня высьветлілі, былі яны прызначаныя менавіта ўкраінскаму ВПК ці ішлі транзытам у іншую краіну.

Але ракетны комплекс «Нэптун» у выніку паставілі спачатку на шасі Крэмэнчуцкага аўтазаводу, а пазьней — на шасі чэскага Tatra.

«Москва» ня першая мішэнь

Аляксандар Турчынаў, які з сьнежня 2014 да траўня 2019-га працаваў сакратаром Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, заявіў, што зьнішчэньне флягмана расейскага марскога флёту ня першае эфэктыўнае выкарыстаньне «Нэптуна».

«Два тыдні таму наша крылатая ракета нанесла ўдар па яшчэ адным ключавым (расейскім) караблі — „Адмірал Эсэн“. Супрацьракетныя сродкі „Эсэна“ запэленгавалі пагрозу толькі пры падлёце і адкрылі агонь, але нават з пашкоджаньнямі наша ракета нанесла караблю значныя страты і вывела яго з баявой апэрацыі. Для прарыву супрацьракетнай абароны па „Москве“ зрабілі пуск адразу дзьвюх ракет. Вынік вядомы ўсяму сьвету», — падкрэсьліў Аляксандар Турчынаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG