Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прызналі, што крэйсэр «Масква» затануў; кангрэсмэны ЗША прыехалі ў Кіеў. 51-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


У Адэсе зьнялі шыльды з указаньнем адлегласьці да расейскіх гарадоў. 14 красавіка
У Адэсе зьнялі шыльды з указаньнем адлегласьці да расейскіх гарадоў. 14 красавіка

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 4 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Украінская чыгунка аднаўляе рух цягнікоў на Чарнігаўшчыну пасьля адступленьня расейскіх войскаў.
  • ААН: З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі сама меней 1964 мірныя жыхары, 2613 параненыя (у ААН прызнаюць, што сапраўдныя лічбы могуць быць значна вышэйшыя).
  • З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне пацярпелі 553 дзіцяці: загінулі 198 дзяцей, 355 атрымалі раненьні.
  • Мінабароны Расеі прызнала, што крэйсэр «Масква» затануў. Украінцы раней заявілі, што ўдарылі па расейскім ракетным крэйсэры «Масква» ракетамі «Нэптун», у Мінабароны Расеі сьцьвярджаюць, што на «Маскве» ў выніку пажару здэтанаваў боезапас.
  • Войскі Расейскай Фэдэрацыі зь Белгародзкай вобласьці Расеі прасоўваюцца на ўсход Украіны, пра гэта сьведчаць спадарожнікавыя здымкі.
  • Сябры Кангрэсу ЗША наведалі Кіеў і ваколіцы, якія пацярпелі ад расейскіх акупацыйных войскаў.
  • Прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі наведалі Кіеў 13 красавіка. 14 красавіка ў Кіеў прыбылі сьпікеры сэнатаў Польшчы і Чэхіі.
  • ЗША накіроўваюць ва Ўкраіну верталёты, якія раней плянавалі паставіць у Афганістан, а таксама іншую цяжкую зброю.
  • Польшча ўводзіць эмбарга на расейскі вугаль.
  • Мэр Парыжа наведала Кіеў.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 15 красавіка

Выбухі ў Кіеве

Украінскія і замежныя СМІ паведамляюць пра сэрыю выбухаў у Кіеве пасьля 1-й гадзіны ночы 15 красавіка. Жыхар украінскай сталіцы пацьвердзіў ВВС гэтую інфармацыю і сказаў, што выбухі былі чуваць на паўднёвым захадзе гораду. Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Леся Васіленка напісала ў Twitter пра тры магутныя выбухі «адзін за адным» у Кіеве.

Частка Кіеўскай вобласьці была абясточаная пасьля паведамленьняў аб магутных выбухах у сталіцы, паведамляе арганізацыя NetBlocks, якая адсочвае працу інтэрнэту. Паводле яе зьвестак, у Кіеўскай вобласьці рэзка ўпала інтэрнэт-актыўнасьць з прычыны адключэньня электраэнэргіі. Паказьнікі, якія мяняюцца ў рэжыме рэальнага часу, дэманстравалі падзеньне ўзроўню падключэньня да інтэрнэту ў рэгіёне да 85% ад звычайнага ўзроўню, пачынаючы з 1:30 па мясцовым часе.

13 красавіка Мінабароны РФ абяцала наносіць удары па «цэнтрах прыняцьця рашэньняў», у тым ліку па Кіеве, калі «працягнуцца дывэрсіі і ўдары ўкраінскіх войскаў на расейскай тэрыторыі».

Удзень 14 красавіка губэрнатары Белгародзкай і Курскай абласьцей заявілі пра абстрэлы прымежнай зоны «з боку Ўкраіны».

Генпракуратура Ўкраіны: з пачатку вайны ў краіне загінулі 198 дзяцей.

З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 198 дзяцей, 355 атрымалі раненьні, паведамілі ў Генпракуратуры Ўкраіны 15 красавіка.

У Харкаўскай вобласьці расейцы абстралялі эвакуацыйныя аўтобусы зь мірным насельніцтвам

Як паведамляе Офіс генпракурора Ўкраіны, гэта адбылося 14 красавіка каля пасёлку Баравая Ізюмскага раёну. Загінулі 7 чалавек, 27 параненыя.

Абстрэлы ў Васільеўцы Запароскай вобласьці, ёсьць ахвяры

Горад Васільеўка ў Запароскай вобласьці Ўкраіны 15 красавіка трапіў пад артылерыйскі абстрэл з боку расейскіх войскаў, паведаміў сьпікер абласной вайсковай адміністрацыі Іван Арэф'еў. Паводле яго зьвестак, у выніку абстрэлу адзін чалавек загінуў, пяцёра атрымалі раненьні. Таксама пашкоджаныя дамы ў цэнтры гораду і прыватным сэктары, дэпо на чыгуначнай станцыі «Таўрыйск», зьнішчана прадуктовая крама.

Расейскія войскі зноў абстралялі Мікалаеў, ёсьць пацярпелыя

Расейскія войскі абстралялі Мікалаеў, паведаміла ў тэлеграме 15 красавіка старшыня Мікалаеўскай абласной рады Ганна Замазеева. «Адзін з раёнаў гораду быў абстраляны з рэактыўных сыстэм залпавага агню. На жаль, ёсьць пацярпелыя — беражыце сябе, не выходзьце са сховішчаў!» — заклікала яна.

Жыхары Кахоўкі выйшлі паглядзець на зьбітую ракету. Вынік — двое загінулых, трое параненых

Трое жыхароў Кахоўкі трапілі ў гарадзкую бальніцу з аскепкавымі раненьнямі пасьля таго, як наблізіліся да зьбітай у іх раёне ракеты. Яшчэ два чалавекі памерлі ад атрыманых калецтваў. Пра гэта паведамляюць у фэйсбуку гарадзкой грамады. «Зьбілі ракету, мясцовыя выйшлі паглядзець, і вось вынік», — гаворыцца ў паведамленьні.

Мэр Парыжа наведала Кіеў

Мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко і ягоная француская калега Ан Ідальга падпісалі Пагадненьне аб наладжваньні сяброўства паміж Кіевам і Парыжам.

Польшча ўводзіць эмбарга на расейскі вугаль

Закон, які забараняе ўвоз у Польшчу і транзыт празь яе тэрыторыю вугалю з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ці Беларусі, падпісаў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Акрамя таго, закон вызначае санкцыі ў адносінах да асоб або арганізацый, якія не выконваюць абавязку замарожваць сродкі ці эканамічныя рэсурсы, або бяруць удзел у абходзе санкцый. На парушальнікаў накладаецца штраф у памеры да 20 мільёнаў злотых.

Мінабароны РФ: крэйсэр «Масква» затануў

Як заявілі ў расейскім Міністэрстве абароны ўвечары 14 красавіка, «пры буксіраваньні крэйсэра «Масква» ў порт прызначэньня праз пашкоджаньні корпусу, атрыманыя падчас пажару ад дэтанацыі боезапасу, карабель страціў устойлівасьць. Ва ўмовах штармавога хваляваньня мора карабель затануў».

Гэта самая дарагая вайсковая страта Расеі з пачатку вайны. Выданьне Forbes ацэньвае яго кошт прыкладна ў 750 мільёнаў даляраў.

Ва Ўкраіне раней заявілі, што ўдарылі па расейскім ракетным крэйсэры «Масква» ракетамі «Нэптун», у Мінабароны Расеі сьцьвярджаюць, што на «Маскве» ў выніку пажару здэтанаваў боезапас.

Урад Украіны паведаміў пра чацьвёрты абмен палоннымі з Расеяй

Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук 14 красавіка заявіла аб правядзеньні з Расеяй чарговага абмену палоннымі.

«Абмянялі 5 афіцэраў і 17 шараговых вайскоўцаў. Таксама вызвалілі 8 цывільных, у тым ліку адну жанчыну», — паведаміла Ірына Верашчук. Усяго, паводле яе, вызвалілі 30 украінскіх грамадзян.

Украінскае Апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» 15 красавіка паведаміла, што пасьля напружаных перамоваў у раёне пасёлку Пасад-Пакроўскае Херсонскай вобласьці з палону ўдалося вярнуць 5 украінскіх вайскоўцаў, іх абмянялі на 4 расейцаў.

Больш за 870 тысяч украінскіх уцекачоў ужо вярнуліся на радзіму

Больш за 870 тысяч уцекачоў, якія пакінулі Ўкраіну з пачатку вайны, вярнуліся на радзіму, гаворыцца ў дакладзе Ўпраўленьня ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў ад 14 красавіка, заснаваным на зьвестках Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны па стане на 12 красавіка. Цяпер каля 30 тысяч чалавек штодня перасякаюць мяжу ў адваротным кірунку, вяртаючыся ва Ўкраіну.

Агулам, паводле зьвестак ААН, з 24 лютага свае дамы ва Ўкраіне пакінулі ня менш за 11,7 млн чалавек, больш за 4,6 млн пакінулі краіну.

У Бучы з брацкай магілы дасталі дасталі целы 73 загінулых. У 85% забітых у горадзе ёсьць кулявыя раненьні

У Бучы Кіеўскай вобласьці з брацкай магілы ля царквы Андрэя Першазванага 14 красавіка дасталі целы 73 загінулых, паведаміў мэр гораду Анатоль Федарук.

Агулам у Бучы знайшлі целы 403 загінулых. Па словах мэра, вызначылі асобы 167 чалавек: «Высьветлілі, што гэта за людзі, дзе яны жылі, дзе працавалі».

У 85% забітых у Бучы ёсьць кулявыя раненьні, заявіў 15 красавіка мэр гораду Анатоль Федарук.

«Практычна 85% усіх целаў, якія мы падымаем з брацкіх магіл ці індывідуальных пахаваньняў на агародах, у парках, сквэрах, дварах, — з адтулінамі ад кулі. Гэта значыць, сьвядомае наўмыснае забойства адбылося ў Бучы», — сказаў ён.

Восем расейскіх атак за дзень па Данецкай і Луганскай абласьцях

«На тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей за мінулыя суткі было адбіта восем расейскіх атак, зьнішчана 4 танкі, 6 БТР, 4 БМП, адна артылерыйская сыстэма праціўніка», — паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны раніцай 15 красавіка.

Сьпікеры сэнатаў Польшчы і Чэхіі наведалі вызваленыя Ірпень, Бучу і Барадзянку

«Мы ў Сэнаце парлямэнту Чэхіі ведаем, што адбываецца ва Ўкраіне, але лічым патрэбным і правільным убачыць гэты жах на ўласныя вочы. Калі хтосьці кажа, што не было марадэрства, барбарства і зьверства — мы бачылі, што вы памыляецеся», — напісаў сьпікер Сэната Чэхіі Мілаш Выстэрчыл у Twitter.

«Я ў шоку ад убачанага — гэта Галгофа XXI стагодзьдзя. Ганебнай агрэсіі Расеі супраць Украіны няма апраўданьня. Мы ўшаноўваем загінулых і схіляем галовы перад гераічнымі абаронцамі... Зьверствы расейскіх вайскоўцаў — гэта горш, чым можна было ўявіць», — пракамэнтаваў візыт у вызваленыя гарады сьпікер Сэнату Польшчы Томаш Гродзкі.

Абстрэлы ў Харкаўскай вобласьці

14 красавіка расейскія войскі абстралялі пасёлак Золачаў у Харкаўскай вобласьці. Ёсьць разбураныя прыватныя дамы і прадпрыемствы. Таксама абстралялі сяло Аднаробаўка каля мяжы з Расеяй: пашкодзілі 8 дамоў і 4 разбурылі цалкам, паведаміў старшыня Золачаўскай грамады Віктар Каваленка.

Акрамя таго, з двух верталётаў абстралялі пасёлак Аляксандраўка. Раненьні атрымалі двое дзяцей 9 і 11 гадоў. З раненьнямі ў шыю і сьцягно іх шпіталізавалі.

Парк Горкага ў Харкаве трапіў пад абстрэл яшчэ 11 красавіка. Ад выбухаў упалі некалькі дрэў, пашкоджаныя атракцыёны, сцэна ў рэтра-зоне, ёсьць сьляды ад снарадаў на асфальце і платах, піша НВ і дэманструе відэа зь месца падзей. Па дадзеных на 13 красавіка, загінулі як мінімум 24 дзіцяці. Яшчэ 55 дзяцей атрымалі раненьні і траўмы рознай ступені цяжкасьці.

Ад пачатку расейскага ўварваньня ў выніку абстрэлаў у Харкаўскай вобласьці пашкоджана 207 навучальных устаноў. Чатыры школы і чатыры дзіцячыя садкі зьнішчаныя ўшчэнт.

Удар па прадпрыемстве ў Краматорску

Расейскія войскі 14 красавіка трапілі ў машынабудаўнічае прадпрыемства ў Краматорску. Яно працягвала працаваць падчас вайны, цяпер працу спынілі. Ратавальнікі разьбіраюць завалы, паведаміў мэр гораду Аляксандар Ганчарэнка.

Расея заяўляе пра новыя абстрэлы «з боку Ўкраіны»

Ва Ўкраіне называюць заявы «рэалізацыяй пляну зьдзяйсьненьня тэрактаў расейскімі спэцслужбамі».

СК РФ 14 красавіка заявіў, што ​Ўзброеныя сілы Ўкраіны абстралялі зь верталётаў пасёлак Клімава ў Бранскай вобласьці:

«З выкарыстаньнем двух баявых верталётаў, забясьпечаных цяжкім наступальным узбраеньнем, вайскоўцы Ўзброеных сіл Украіны незаконна ўварваліся ў паветраную прастору Расейскай Фэдэрацыі. Рухаючыся на малой вышыні, дзейнічаючы наўмысна, яны зрабілі ня менш за 6 авіяўдараў па жылых дамах у пасёлку Клімава Клімаўскага раёну Бранскай вобласьці», — заяўляе ведамства. Паводле Сьледчага камітэту, у выніку пашкоджаныя 6 дамоў, параненыя 7 чалавек. СК РФ завёў крымінальную справу.

Губэрнатар Белгародзкай вобласьці сёньня заявіў пра абстрэлы «з боку Ўкраіны» вёсак Спадарушына і Жураўлёўка. Паводле яго, пацярпелых і ахвяраў сярод мірнага насельніцтва няма.

Цэнтар процідзеяньня дэзынфармацыі пры РНБА Ўкраіны ў адказ на гэтыя заявы сьцьвярджае, што расейскія спэцслужбы «пачалі рэалізацыю пляну правядзеньня тэрактаў для нагнятаньня антыўкраінскай гістэрыкі ў РФ».

Расейцы акупуюць горад Алешкі на Херсоншчыне

Над будынкам адміністрацыі гораду Алешкі ў Херсонскай вобласьці паднялі расейскі сьцяг, паведаміў 14 красавіка мэр гораду Яўгені Рышчук. Паводле яго, Алешкі ўжо амаль цалкам занятыя расейскімі войскамі.

ААН: З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі мінімум 1964 мірныя жыхары

Таксама арганізацыя паведамляе пра 2613 параненых па стане на 14 красавіка. Пры гэтым у ААН адзначаюць, што сапраўдныя лічбы могуць быць значна вышэйшыя, бо інфармацыя з заблякаваных раёнаў прыходзіць са спазьненьнем.

Амаль 220 тысяч чалавек засталіся ва Ўкраіне без жытла праз вайну

З прычыны вайны без жытла ва Ўкраіне засталося 219 600 чалавек, паведаміла Людміла Дзянісава, упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека. Паводле яе, гаворка ідзе аб 37 550 унікальных адрасах па ўсёй Украіне.

Інфармацыю аб пашкоджаным або зьнішчаным жытле зьбіраюць празь дзяржаўны партал электронных паслуг «Дія». Паводле Людмілы Дзянісавай, на плятформу паступіла ўжо каля 76 700 інфармацыйных заявак, а агульная плошча шкоды ацэньваецца ў 5,3 мільёна квадратных мэтраў.

Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны: па стане на 3 красавіка функцыянуюць толькі 30% моладзевых цэнтраў і прастораў

Паводле Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны:

  • 18 моладзевых цэнтраў разбурана, пашкоджана або занята;
  • 68% моладзевых работнікаў былі вымушаныя пакінуць свае рэгіёны;
  • толькі 37,6% маюць магчымасьць займацца моладзьдзю;
  • 40% моладзі ва Ўкраіне пацярпелі ў выніку збройнай агрэсіі Расеі і Беларусі,
  • больш за 2 мільёны маладых людзей сталі ўнутрана перамешчанымі, яшчэ 2 мільёны выехалі за мяжу.

Сілы спэцапэрацый Украіны зруйнавалі мост у горадзе Ізюм, адкуль расейцы плянуюць наступ

Салдаты сіл спэцыяльных апэрацый узарвалі мост з вайсковай тэхнікай, якая накіроўвалася ў Ізюм, паведаміла прэс-служба ССА.

Некалькі дзён таму ўкраінскія вайскоўцы выявілі расейскую тэхніку ў Харкаўскай вобласьці: для ўзмацненьня расейскай групоўкі ў рэгіёне былі накіраваныя бронеаўтамабіль «Тыгр», «КАМАЗ» і тры «Ўралы». Апэратары ўстанавілі маршрут калёны і вызначылі мост, прыдатны для інжынэрнай засады.

У Кіеўскай вобласьці зарэгістравалі 104 тысячы вымушаных перасяленцаў

Каля 10 тысяч перасяленцаў разьмясьцілі ў 23 установах камунальнай уласнасьці ў 13 грамадах рэгіёну, паведаміў кіраўнік гуманітарнага штабу Кіеўшчыны Аляксей Кулеба.

Францыя заявіла, што яе амбасада ва Ўкраіне вернецца ў Кіеў

«Гэтая перадысьлякацыя адбудзецца вельмі хутка і дазволіць Францыі ўзмацніць сваю падтрымку Ўкраіны ва ўсіх сфэрах, каб супрацьстаяць вайне, разьвязанай Расеяй 24 лютага», — гаворыцца ў заяве МЗС, піша AFP. На пачатку сакавіка амбасада Францыі пераехала з Кіева ў Львоў.

Уцекачы ад вайны

Украіну з пачатку вайны пакінулі больш за 4,4 млн чалавек, вынікае са зьвестак на сайце агенцтва ААН у справах уцекачоў на 9 красавіка.

Большасьць зь іх выехалі ў Польшчу — гэта звыш 2,5 млн чалавек. Звыш 671 тысячы чалавек адправіліся ў Румынію, 413 тысяч — у Вугоршчыну, 406 тысячы — у Малдову, 373 тысячы — у Расею, 307 тысяч — у Славаччыну і 19 тысяч — у Беларусь.

На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны пражываў 41 мільён чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Расея ўвяла санкцыі супраць кангрэсмэнаў ЗША і сэнатараў Канады. Міністэрства замежных спраў Расеі 13 красавіка ўнесла ў чорны сьпіс 398 кангрэсмэнаў ЗША і 87 канадзкіх сэнатараў. Таксама Расея абвясьціла пэрсонай нон грата старшага дыплямата амбасады Чэхіі ў Маскве.

ФСБ просіць павялічыць дзяржвыдаткі на пахаваньне расейскіх вайскоўцаў

Фэдэральная служба бясьпекі РФ папрасіла ўрад павялічыць на 17% выдаткі на пахаваньне і надмагільлі для вайскоўцаў. Пры гэтым якім будзе канчатковы рахунак для падаткаплатнікаў — невядома, невядомая і колькасьць загінулых салдат. Зыходзячы з прадстаўленага ФСБ праекту рашэньня ўраду, кампэнсацыя выдаткаў на пахаваньне аднаго загінулага на вайсковай службе вырасьце на 7800–11 000 расейскіх рублёў (95–135 даляраў), у залежнасьці ад яго статусу і месца пахаваньня.

Апошнія дадзеныя пра загінулых Мінабароны падало 25 сакавіка: 1351 чалавек. Па вэрсіі ўкраінскага боку, загінулых расейскіх вайскоўцаў на парадак больш.

Société Générale і Ericsson сыходзяць з Расеі

Француская фінансавая група Société Générale абвясьціла, што пакідае Расею.

Швэдзкая кампанія Ericsson заявіла, што прыпыніць сваю дзейнасьць у Расеі на няпэўны тэрмін.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

На Гомельшчыне затрымалі сем чалавек за фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі

Нягледзячы на новыя заявы Лукашэнкі ў падтрымку Пуціна і расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, беларусы працягваюць змаганьне партызанскімі мэтадамі, каб не дапусьціць перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі па чыгунцы ва Ўкраіну.

Супраць тых, хто скідаў фота і відэа ў тэлеграм-каналы «Беларускі Гаюн», Nexta, «Беларусь головного мозга», распачатыя крымінальныя справы паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу — садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, па якім затрыманым пагражае да 6 гадоў зьняволеньня, паведамілі ў Сьледчым камітэце РБ.

Лясы на поўдні пад забаронай

Міністэрства лясной гаспадаркі забараніла наведваць лясы на поўдні Гомельскай вобласьці. Пад забарону трапілі лясы Брагінскага, Нараўлянскага, Мазырскага і Хойніцкага раёнаў. Менавіта там, як паведамлялася, былі лягеры расейскіх вайскоўцаў.

Некалькі крыніц Свабоды паведамілі, што шмат беларускіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў Нароўлі, пад Брагінам і ў Хойніках.

Як рэагуе сьвет

Францыя перадасьць Украіне 24 пажарныя машыны, хуткія дапамогі і 50 тон ратавальнага абсталяваньня

Пра гэта 15 красавіка паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Макрон напісаў у Twitter, што запэўніў Зяленскага ў салідарнасьці Парыжа і гатоўнасьці дапамагаць завяршыць вайну. Таксама нагадаў, што Францыя надала Ўкраіне ваенную дапамогу больш як на 100 млн эўра.

ААН: Вайна ва Ўкраіне пагражае голадам адной пятай чалавецтва

«Вайна ва Ўкраіне можа адкінуць больш як пятую частку чалавецтва за рысу беднасьці, галечы і голаду ў маштабах, якіх ня бачылі дзесяцігодзьдзямі», — заявіў генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антонію Гутэрыш 14 красавіка.

ЗША паабяцалі дадатковую вайсковую дапамогу Ўкраіне на 800 млн даляраў

«Гэты новы пакет дапамогі будзе ўтрымліваць многія з высокаэфэктыўных сыстэм узбраеньняў, якія мы ўжо прапанавалі, і новыя магчымасьці, прыстасаваныя да больш шырокага наступу, які, як мы чакаем, Расея ажыцьцявіць на ўсходзе Ўкраіны, — адзначыў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. — Гэтыя новыя магчымасьці ўключаюць у сябе артылерыйскія сыстэмы, артылерыйскія снарады і бронетранспартэры. Я таксама ўхваліў перадачу дадатковых верталётаў».

Сусьветны банк дасьць Украіне яшчэ 1,5 мільярда даляраў фінансавай дапамогі

Сусьветны банк адправіць Украіне пакет фінансавай дапамогі на суму 1,5 мільярда даляраў — грошы пойдуць на крытычна важныя паслугі, піша Reuters. Сюды адносяцца пэнсіі, выплаты заробкаў супрацоўнікам мэдычных установаў, забесьпячэньне сацыяльных праграм і гэтак далей.

На пачатку сакавіка Сусьветны банк выдзеліў 700 мільёнаў даляраў экстранага фінансаваньня для Ўкраіны, а потым — яшчэ два траншы памерам амаль 200 мільёнаў і 100 мільёнаў даляраў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG