ТЮГ заўсёды быў выключна беларускамоўным
Тэатар юнага гледача быў заснаваны ў 1931 годзе. Яго арганізатарам стаў Мікалай Кавязін (энтузіяст, настаўнік маляваньня і кіраўнік драматычнага гуртка чыгуначнай школы). У 1937 годзе тэатар узначаліў вядомы рэжысэр і пэдагог Еўсьцігней Міровіч, а ў 1941-м, незадоўга перад вайной, — славуты актор і рэжысэр Міхаіл Зораў. Праіснаваў ТЮГ да ліпеня 1941 году.
Восьмага красавіка 1956 году адбылося другое нараджэньне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Заснавала сучасны тэатар Любоў Мазалеўская. На адкрыцьці паказалі інсцэніроўкі з рамана М. Астроўскага «Як гартавалася сталь», з казкі «Горад майстроў» Т. Габэ і з драмы «Каханьне Ані Бярозкі» В. Пістоленкі.
Ставілі спэктаклі на беларускай мове таксама расейскія рэжысэры: Павел Хомскі («Маладая гвардыя»), Барыс Эрын («Дванаццатая ноч» У. Шэксьпіра), Уладзімір Салюк («Драма празь лірыку» Г. Палонскага, «Стваральніца цуду» У. Гібсана) і іншыя.
У 1963 годзе Артур Вольскі стаў загадчыкам літаратурнай часткі ТЮГу, а ў 1966 годзе — дырэктарам тэатру, якім заставаўся 12 гадоў.
«Мова ў тэатрах ніколі не была перашкодай для посьпеху і касы. У 1970-я гэты тэатар меў ашаламляльны посьпех дзякуючы спэктаклям рэжысэра М. Шыйко „Зялёная птушка“ Карла Гоцы, „Зь любімымі не расставайцеся“ Аляксандра Валодзіна, Юры Міроненка паставіў „Бэмбі“ Фэлікса Зальтана. Гэта былі шэдэўры. Чэргі па білеты стаялі. Купалаўскі быў заўсёды самым папулярным і аншлягавым тэатрам, працуючы толькі па-беларуску. За ўсю гісторыю ТЮГу толькі адна галоўная рэжысэрка заяўляла пра перавод тэатра на расейскую мову, Натальля Башава, але яе своечасова спынілі», — расказвае тэатральны крытык.
Андрэй Андросік марыў стварыць сямейны тэатар
У ТЮГу пачыналі свой творчы шлях кінарэжысэр Ігар Дабралюбаў, драматург Аляксей Дудараў, рэжысэр Мікалай Трухан, шэраг знакамітых купалаўцаў. Сярод артыстаў варта адзначыць Міхаіла Пятрова, Віктара Лебедзева, Уладзімера Говар-Бандарэнку, Людмілу Цімафееву, Рыму Маленчанку, Сяргея Жураўля.
У 1996 годзе галоўным рэжысэрам ТЮГу стаў Андрэй Андросік. Мэтай Андросіка зьяўлялася арганізацыя сямейнага тэатра, «каб гледачы сюды прыходзілі самастойна, добраахвотна і з радасьцю, таму што галоўная пэрсона ў нашым тэатры — дзіця са сваім унутраным сьветам. Прысутнасьць бацькоў побач зь дзецьмі — найбольш дзейсны спосаб уплыву на юную псыхіку», — лічыў Андросік.
«Фае было завалена паветранымі шарыкамі. Яны даставаліся малым з рук артыстаў. Для гэтага трэба было стварыць што-небудзь карыснае. Асабліва актыўныя маглі атрымаць клоўнскі чырвоны носік і пасьмяшыць аднагодкаў. Дзіцячы цырульнік рабіў ахвотным прычоскі, мадэльеры паказвалі навінкі дзіцячай моды, міліцыянт нагадваў правілы дарожнага руху. Ахвотныя маглі ўзяць удзел у конкурсе малюнкаў, а тыя, каму звычайна не сядзіцца на месцы, уявіць сябе вагонамі і разам з артыстамі-паравозікамі праехаць па краіне «Тэатраліі», — успамінае тыя часы тэатразнаўца, прафэсарка Тацяна Арлова.
На сцэне ТЮГу ставілі Францішка Аляхновіча, Уладзімера Караткевіча
У 2010 годзе галоўным рэжысэрам ТЮГу стаў Уладзімер Савіцкі. Менавіта пры Савіцкім будынак ТЮГу перажыў капітальны рамонт і рэканструкцыю, якія цягнуліся 5 гадоў. Увесь гэты час трупа грала на сцэне Дома літаратара.
Уладзімер Савіцкі дэбютаваў пастаноўкай п’есы Францішка Аляхновіча «Пан міністар». Рэжысэр зрабіў з твора сцэнічны фарс, аздобіўшы яго містычнымі і трагікамічнымі матывамі. Разам з мастаком Цімафеевым рэжысэр зрабіў спэктакаль у бела-чырвона-чорнай колеравай гаме.
У 2012 годзе Савіцкі паставіў спэктакль пра Кастуся Каліноўскага «Майго юнацтва крылы» (паводле паэмы Аркадзя Куляшова «Хамуціус»). Таксама ён быў рэжысэрам «Беларускіх вадэвіляў» братоў Далецкіх і Міхася Чарота, «Дзікага паляваньня караля Стаха» па кнізе Ўладзімера Караткевічу.
У 2017 годзе тэатар атрымаў статус акадэмічнага і стаў называцца «Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатар юнага гледача».
На ініцыятыву мастацкага кіраўніка Ўладзімера Савіцкага і загадчыцы літаратурнай часткі Жанны Лашкевіч у ТЮГу быў створаны Цэнтар творчых праектаў з экспэрымэнтальнай сцэнай. У 2018 годзе пастаўлены «трылер кніжнай паліцы» — спэктакль «Мёртвыя душы» папулярных дзіцячых пісьменьнікаў Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак.
Новая кіраўніца тэатра заявіла пра русыфікацыю
20 студзеня Ўладзімера Савіцкага звольнілі з пасады галоўнага рэжысэра ТЮГу. 11 красавіка калектыву тэатра прадставілі новага мастацкага кіраўніка — Веру Палякову-Макей.
Яна ўжо заявіла, што плянуе адмовіцца ад працы выключна на беларускай мове. Маўляў, тады ў тэатар проста «паваляць» расейскія турысты.
«У нашай краіне дзьве дзяржаўныя мовы — расейская і беларуская. І ўпірацца толькі ў беларускую мову — страчваць частку гледачоў, напрыклад гасьцей гораду. Да нас прыяжджаюць госьці, тыя ж расейскія гледачы. Я лічу, што спэктаклі павінны быць на дзьвюх мовах. Тады ў тэатра ёсьць камэрцыйная гісторыя», — сказала яна ў інтэрвію Беларускаму радыё. Размаўляла яна з журналістамі па-расейску.
«Ніякія расейскія турысты, пра якіх гаворыць Вера Палякова, у Тэатар юнага гледача ня пойдуць. Мо на загад Макея са Смаленску дзяцей вазіць будуць? Абсурд, утопія. Але пачалі ўжо «патрыятычнае выхаваньне» дзяцей. Пасьпелі паставіць там па-расейску нешта пра «піянэраў-герояў», — кажа тэатральны крытык.
Восьмага красавіка 2022 году ў ТЮГу адбылася прэм’ера спэктакля рэжысэра Ягора Невяровіча «Время выбрало за них». Упершыню за 90-гадовую гісторыю тэатра пастаноўка выйшла на расейскай мове.
Цяпер у Беларусі 29 тэатраў. Толькі шэсьць зь іх беларускамоўныя.
Заслужаная артыстка, дацэнт, узнагароджаная мэдалём Францішка Скарыны
Вера Палякова нарадзілася ў Менску ў 1978 годзе. Маці Тацяна — спартоўка ў стральбе зь пісталета і вінтоўкі, бацька Аляксандар спачатку працаваў на заводзе, а потым стаў прадпрымальнікам. Вера захаплялася музыкай, сьпявала ў хоры. У старшых клясах вучылася ў тэатральным ліцэі.
Паступіла ў Беларускую акадэмію мастацтваў, скончыла яе з чырвоным дыплёмам. Па разьмеркаваньні адпрацавала ў ТЮГу 60 дзён. Адтуль пайшла ў дэкрэт.
У 2001 годзе Палякова дэбютавала ў фільме «Павадыр». Здымалася ў стужках «Эскіз на маніторы» (2001), «Дунечка» (2004), «Яшчэ пра вайну», «На сьпіне ў чорнага ката». Таксама ў фільмаграфіі Паляковай ёсьць расейскія сэрыялы: «Каменская-2», «Мужчыны ня плачуць», «Нядзеля ў жаночай лазьні», «Ой, ма-мач-кі!», «Работа над памылкамі». У некаторых акторка грае галоўныя ролі.
Палякова грала на сцэнах Тэатра-студыі кінаактора, «Рускага» і Купалаўскага тэатраў. У 2016 годзе акторка атрымала мэдаль Францішка Скарыны. Была вядоўцай на розных тэлеканалах — у ток-шоў «Жыцьцё як жыцьцё», у «Студыі добрага настрою», «Раніцы сталіцы» (СТВ), «Нашай раніцы» (АНТ).
У 2017 годзе акторка скончыла Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Цяпер Палякова-Макей — дацэнт катэдры вакалу, маўленьня і плястычных дысцыплін Акадэміі мастацтваў.
25 лютага 2022 году Палякова-Макей атрымала званьне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь.
Муж — міністар, старэйшы сын служыць у Печах, малодшы — фанат рэпэра Цімаці
Вера Палякова замужам за міністам замежных спраў Уладзімерам Макеем. Мае двух сыноў. Дзьмітры (ад першага шлюбу) у 2021 годзе скончыў мэдычны ўнівэрсытэт, ён фармацэўт-правізар. Увосень 2021 году старэйшы сын прызваны ў войска — служыць у Печах у 72-м гвардзейскім аб’яднаным вучэбным цэнтры.
Малодшаму Арцёму 12 гадоў. У 2019 годзе ён прэтэндаваў на дзіцячую «Эўравізію», выступаў у складзе гурту «Нясумны ўзрост» зь беларускамоўнай песьняй «Файна» і ня трапіў у дзясятку фіналістаў. Вера Палякова-Макей тады моцна абурылася ў сацсетках.
Сям’я Макеяў сябруе з поп-каралём расейскай сцэны Філіпам Кіркоравым. Кіркораў віншаваў артыстку з днём народзінаў у адным зь менскіх канцэртных заляў. Палякова з малодшым сынам Арцёмам ня раз езьдзіла на дні народзінаў дачкі Кіркорава Алы-Вікторыі ў Маскву.
Малодшы сын Макеяў Арцём — вялікі фанат расейскага рэпэра Цімаці. Дзеля сына міністар нават прыйшоў на адкрыцьцё бургернай, адным з уладальнікаў сеткі якой зьяўляецца гэты рэпэр.