Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася прэм'ера аўдыёпастаноўкі «1984» паводле раману Оруэла, якую зрабілі «Купалаўцы»


Падчас запісу аўдыёспэктаклю «1984»
Падчас запісу аўдыёспэктаклю «1984»

«Тры дні, тры вечары, тры часткі. Твор, які дзясяткі гадоў застаецца на вяршыні чытацкіх рэйтынгаў», — так анансавалі сваю новую работу «Купалаўцы».

Сёньня, 19 сьнежня, а 19-й гадзіне незалежная тэатральная група «Купалаўцы» былых актораў Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы на сваім ютуб-канале прэзэнтавала першую частку эпічнага праекту — аўдыёспэктакль паводле аднайменнага раману Джорджа Оруэла «1984». Другая і трэцяя часткі — 20 і 21 сьнежня.

Пераклад раману на беларускую мову зрабіў Сяргей Шупа. Гэта ўжо другая вэрсія раману Джорджа Оруэла на беларускай мове ў аўдыёфармаце. Першая выйшла на кампакт-дыску ў выдавецтве «БелТонМедыа» ў 2008 годзе, кнігу начытаў дыктар Беларускага радыё Валер Будзевіч.

«Напэўна, няма сэнсу тлумачыць, чаму менавіта гэты матэрыял мы ўзялі для працы. Вечная гісторыя, як бот, што наступае на чалавечы твар, як казаў сам Оруэл», — камэнтуюць выбар твору артысты.

У часы Савецкага Саюзу твор на тэрыторыі Беларусі, як і ўва ўсім СССР, быў забаронены ажно да 1988 году. Хаця апублікаваны яшчэ ў 1949-м, а перакладзены ня менш чым на 65 моваў.

Лічылася, што патас раману скіраваны акурат супраць камуністычнай дыктатуры. «1984» — пра таталітарную сыстэма, у якой грамадзтва адмаўляе свабоду. Канцэнтрацыя ўлады ў адных руках, адзіная «правільная ідэалёгія», татальны кантроль над грамадзкім і асабістым жыцьцём, галеча і ўсеагульны страх, вынішчэньне іншадумцаў і нязгодных, бясконцыя пошукі ворагаў, зь якімі ідзе няспынная вайна. А галоўнае — вынішчэньне мовы, слова, ідэі, любога пачуцьця.

«Апошнія некалькі гадоў, яшчэ да 2020-га, я толькі гэты раман і круціў у галаве. Можа, гэта і ёсьць праца майго жыцьця. Колькасьць пачварных супадзеньняў з рэчаіснасьцю ўводзіць у шаленства, разбурае знутры і разам з гэтым заклікае інстынкт самазахаваньня казаць гучнае НЕ», — кажа Алег Гарбуз, выканаўца, рэжысэр і рэдактар праекту.

  • Рэжысэры і рэдактары запісу — Алег Гарбуз, Крысьціна Дробыш.
  • Кампазытар, гукарэжысэр, гукавы дызайнэр — Оlegdeep.
  • Мастачка — Насьця Камінская.
  • Над запісам працавалі: Алег Гарбуз, Юльяна Міхневіч, Валянціна Гарцуева, Андрэй Дробыш, Павал Паўлюць, Вячаслаў Паўлюць, Сяргей Чуб, Мікалай Кучыц, Крысьціна Дробыш, Міхась Зуй, Віталь Макарэвіч, Кірыл Гарбуз.

Хто такія «Купалаўцы»

У жніўні 2020 году акторы і супрацоўнікі Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў над мірнымі дэманстрантамі, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці Купалаўскі тэатар пакінулі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыкі аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — звыш 60 чалавек. Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы» і стварылі 6 арыгінальных спэктакляў.

З таго часу купалаўцы выступалі онлайн і здымаліся ў відэапастаноўках.

29 верасьня 2021 году акторы Купалаўскага тэатру, якія звольніліся ў знак пратэсту, упершыню за год выступілі на сцэне перад гледачамі. Гэта адбылося ў Беластоку на фэстывалі «Кірунак — Усход». Яны паказалі спэктакль «Я».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG