Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 13 красавіка: затрыманьні 2 музыкаў і рэдактара; 2 гады калёніі за ўдзел у маршах; 3 гады «хіміі» за ўдзел у маршы


Сілавікі ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Сілавікі ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Не спыняецца ціск і на палітвязьняў.

12 красавіка ў сябе дома пасьля ператрусу затрымалі 30-гадовага музыку Аляксандра Казакевіча. Прычына — «абраза прадстаўніка ўлады ў сацсетках». Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Раней Аляксандар Казакевіч іграў у гурце «Канфлікт».

Пасьля 1,5-месячнага арышту на волю ня выйшла старшыня незалежнага прафсаюзу «Нафтан». Яе зноў затрымалі

Наваполацкую актывістку Вольгу Брыцікаву затрымалі яшчэ 27 лютага падчас галасаваньня на рэфэрэндуме на выбарчым участку. Яе арыштавалі на 15 дзён за тое, што яна сфатаграфавала бюлетэнь. Празь некалькі дзён над Вольгай адбыўся ўжо другі суд. Ёй прызначылі яшчэ 15 дзён арышту за антываенную вопратку.

10 сакавіка стала вядома, што яе зноў асудзілі. Паводле папярэдняй інфармацыі, чарговыя 15 сутак яна атрымала за паперы з надпісам «Не вайне» на вокнах.

13 красавіка Вольга мелася выйсьці на волю, але міліцыянты сказалі, што яна затрыманая на 72 гадзіны. У межах якой справы яна затрыманая — невядома. За кратамі ў часовым ізалятары Вушачаў Брыцікаву трымаюць ужо 46-я суткі, паведамляе «Вясна».

Сілавікі затрымалі рэдактарку Аляксандру Макавік

Пра гэта паведамляе Беларуская Рада культуры.

Аляксандра Макавік паводле адукацыі філёляг, удзельнічала ў падрыхтоўцы кніг, працавала ў СМІ. Прычыны затрыманьня і месца, дзе ўтрымліваецца Аляксандра, невядомыя.

Музыку Ўладзіслава Плюшчава арыштавалі на 25 сутак

Уладзіслаў Плюшчаў — гітарыст Pomidor/off, граў у «Крамбамбулі» і Zet. Яго затрымалі 12 красавіка, а на праўладных тэлеграм-каналах зьявілася пакаяннае відэа, на якім ён кажа, што хадзіў на маршы ў 2020 годзе, падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і рабіў зь іх рэпосты, а таксама рэгістраваўся ў пляне «Перамога».

Як паведамляе Беларуская рада культуры, яго асудзілі на 25 дзён арышту.

Пры затрыманьні ўдарылі электрашокерам і асудзілі за ўдзел у мітынгу на 3 гады «хіміі»

У судзе Заводзкага раёну Менску 4 красавіка на тры гады «хіміі» асудзілі Дзьмітрыя Зарэмбу. Справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу разглядала судзьдзя Анастасія Осіпчык, піша «Вясна».

Дзьмітрыя затрымалі на працы раніцай 11 студзеня. Ён расказаў BYSOL пра сваё затрыманьне:

«Пакуль пераапранаў працоўнае адзеньне, запыталі, дзе мой тэлефон, вельмі ён іх цікавіў. Потым пасадзілі ў машыну, надзелі кайданкі і пачалі патрабаваць пароль ад тэлефона. Адказваю: „Забыў“. Тады яны мяне ўдарылі электрашокерам, у мяне здарылася спазма. Я зразумеў, што геройстваваць няма сэнсу, яны выб’юць пароль любым коштам, яны па гэта і прыехалі».

У тэлефоне Дзьмітрыя знайшлі фатаздымкі зь мітынгу ад 27 верасьня 2020 году. На яго завялі крымінальную справу за ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Пасьля суду Дзьмітрыю зь Беларусі дапамог выехаць BYSOL.

За вулічныя надпісы «Стоп Лукашэнка» і «Стоп Лука» берасьцейца асудзілі на тры месяцы арышту

13 красавіка ў судзе Ленінскага раёну Берасьця на тры месяцы арышту за два надпісы пра Лукашэнку на фасадзе дома і прыпынку асудзілі Алега Якуніна. Яго судзілі па арт. 341 Крымінальнага кодэксу — апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці. Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітрый Куроўскі, дзяржаўнае абвінавачваньне падтрымлівала Ганна Горбач, паведамляе «Вясна».

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, 9 лютага 2022 году Алег Якунін напісаў два выразы пра Лукашэнку: «Стоп Лукашэнка» і «Стоп Лука».

Прэтэнзіі да Якуніна выставілі таксама камунальнікі. На судзе заявілі пазовы адразу два прадпрыемствы: КУП ЖРЭУ і ГУП ДЭП. Яны запрасілі 25,41 рубля і 54,93 рубля адпаведна за пашкоджаньне маёмасьці.

У Менску затрымалі актывістку Сьвятлану Каваленку

Раніцай 13 красавіка на працы затрымалі Сьвятлану Каваленку. Паводле папярэдняй інфармацыі, яе даставілі ў Партызанскае РУУС. Прычына затрыманьня пакуль невядомая, піша «Вясна».

Сьвятлану ў 2020 годзе перасьледавалі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй, а таксама за тое, што далучылася да збору подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзыдэнты.

На Калесьнікаву наклалі другое спагнаньне

7 красавіка камісія папраўчай калёніі №4 Гомля наклала на Марыю Калесьнікаву другое спагнаньне, паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі. Цяпер Марыю Калесьнікаву пазбавілі права на кароткатэрміновае спатканьне.

30 сакавіка яе пазбавілі працяглага спатканьня. Цяпер, у выпадку накладаньня на Марыю трэцяга спагнаньня, незалежна ад цяжару правіны, яе могуць прызнаць злоснай парушальніцай парадку адбыцьця пакараньня.

Фігуранту «пінскай справы» Алегу Рубцу зьбіраюцца замяніць калёнію на турму

Фаната ФК «Хваля» Алега Рубца, асуджанага летась на 5,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму, напярэдадні ягонага 20-годзьдзя на 40 дзён зьмяшчалі ў ШЫЗА. Пра гэта паведаміла ягоная маці Тацяна Собалева.

Цяпер хлопец знаходзіцца ў ПКТ івацэвіцкай калёніі, дзе адбывае пакараньне.

«У далейшым яго чакае суд і перавод на турэмны рэжым. Пра гэта ён паведаміў нам у лісьце ад 7 красавіка, — зазначыла жанчына і падзякавала ўсім, хто даслаў Алегу віншаваньні з народзінамі. — Алег не здаецца! Нават там у калёніі, у нечалавечых умовах, ён застаецца байцом».

Мужа беларускай дызайнэркі затрымалі за фатаздымак 2020 году

Пра гэта сама дызайнэрка Іна Холад паведаміла ў Інстаграме брэнду.

Пазьней адпаведнае паведамленьне зьявілася ў праўладным тэлеграм-канале. Там сьцьвярджаюць, што мужчыну прызналі падазраваным паводле артыкула 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Намесьніцу дырэктара менскай гімназіі і яе дачку асудзілі на два гады калёніі за ўдзел у маршах

12 красавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску судзьдзя Марына Клімчук разгледзела справу палітзьняволеных маці і дачкі Сьвятланы і Яны Хромавых.

Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і агучылі прысуд: два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму кожнай.

Вядома, што ў віну палітзьняволеным ставіўся ўдзел у трох маршах.

Сьвятлана Хромава — намесьніца дырэктара гімназіі № 42 Менску, яе затрымалі разам з дачкой Янай летась 22 сьнежня.

У Берасьці затрымалі двух хлопцаў за жаданьне ваяваць за Ўкраіну

У праўладных тэлеграм-каналах, а таксама ў дзяржаўных СМІ выйшлі сюжэты пра Віталя Шавелянкова і Аляксандра Жака. Абодва зьняліся ў «пакаянных відэа», дзе кажуць, што зьбіраліся ваяваць за Ўкраіну і заклікалі абараняць мірнае ўкраінскае насельніцтва. За гэта нібыта іх і затрымалі.

Студэнт-праграміст Аляксандар нават спрабаваў даведацца, як ва ўмовах закрытых межаў трапіць ва Ўкраіну, зьвяртаўся ў польскае і ўкраінскае консульствы, піша «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG