Пра гэта Свабодзе паведаміў сябра Зьмітра, былы маладафронтавец Эдуард Лобаў.
«Ганс» ваяваў у 24-й асобнай мэханізаванай брыгадзе імя князя Данілы Галіцкага. Гэтая брыгада разьмяшчаецца ў гарадку Явараў Львоўскай вобласьці. Сам Рубашэўскі разам зь сям’ёй жыў у мястэчку Шкло Явараўскага раёну.
Зьмітру Рубашэўскаму было 30 гадоў. Ён родам зь Берасьця. Вучыўся там жа ў будаўнічай вучэльні. На вайну «Ганс» прыехаў у 2015 годзе.
«Ведаў яго яшчэ крыху па Беларусі, але пасябравалі ва Ўкраіне. Калісьці плянаваў далучыцца да „Маладога фронту“. Ён паехаў у Львоў на футбольны матч паміж зборнымі Беларусі і Ўкраіны, там пазнаёміўся з хлопцамі з „Правага сэктару“, вырашыў да іх далучыцца. Потым мы ўжо сустрэліся ў Кіеве. Ён служыў у батальёне пад камандаваньнем „Хамера“, які таксама нядаўна загінуў», — расказвае Лобаў.
Рубашэўскі адзначыўся ў многіх баях падчас першай вайны на ўсходзе Ўкраіны. Ваяваў пад Марыюпалем, Аўдзееўкай. Быў узнагароджаны званьнем «Народны герой Украіны» за абарону шахты Бутаўка. Пабрацімы казалі, што ён фактычна ніколі не выяжджаў зь лініі фронту, асабіста неаднаразова выносіў параненых з поля бою, капаў траншэі, будаваў умацаваньні.
«Калі пачалася новая вайна, то ён адразу рваўся ў бой. Размаўлялі зь ім аб справах на нашых кірунках. Усё хацелі сустрэцца разам з усімі тымі, хто быў пад Аўдзееўкай», — кажа Лобаў.
Рубашэўскі меў тры раненьні. Спачатку асколак трапіў у нагу, а потым ад гранаты пацярпелі рука і нага. У траўні 2019 году страціў вока ў баях. Другое таксама бачыла ня дужа добра, але зрок усё ж аднавіўся.
Пасьля раненьня ў шпіталі гораду Дніпра «Ганса» даглядала сястра ягонага таварыша па службе Мар’яна «Хітрага», які загінуў за год да гэтага. Менавіта Рубашэўскі прывёз цела Мар’яна на ягоную радзіму, там і пазнаёміўся з Галінай, потым яны сталі часьцей кантактаваць. Празь нейкі час пасьля раненьня яна пабраліся шлюбам. У пары ёсьць дачка.
У інтэрвію для ўкраінскіх СМІ «Ганс» казаў, што адзін зь ягоных прапрадзедаў удзельнічаў у паўстаньні Касьцюшкі. Сам ён называў імпэрыі злом, і гэта была адна з прычын, чаму ён ваяваў на баку Ўкраіны.
У Беларусі на Рубашэўскага была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу «Наёмніцтва». Пазыўны «Ганс» ён меў за тое, што насіў нямецкі шлем часоў Другой сусьветнай вайны.
Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі меў неадназначныя палітычныя погляды. Напрыклад, ён заяўляў, што зьяўляецца прыхільнікам «нацыянал-сацыялістычнай» ідэалёгіі, але ня гітлераўскага тыпу. Часта крытыкаваў беларускую апазыцыю, а таксама з павагай выказваўся пра Лукашэнку. Тым ня менш пабрацімы кажуць, што цанілі яго найперш за сьмеласьць у баях.
На сёньня вядома пра 4 беларускіх дабраахвотнікаў, якія загінулі падчас расейска-украінскай вайны.
Раней ва Ўкраіне загінулі тры беларускія добраахвотнікі:
- 31-гадовы Аляксей Скобля, пазыўны «Тур»,
- 27-гадовы Ільля «Літвін» зь беларускай роты тэрытарыяльнай абароны батальёну «Азоў»
- і Зьміцер Апанасовіч (пазыўны «Тэрор»).
13 сакавіка стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі падпісаў указ аб прысваеньні званьня Героя Ўкраіны Аляксею Скобле «за асабістую мужнасьць і гераізм, праяўленыя ў абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, вернасьць ваеннай прысязе».
Аляксей Скобля — другі беларус, які стаў Героем Украіны, пасьля Міхала Жызьнеўскага, якога забілі 22 студзеня 2014 году падчас Эўрамайдану ў Кіеве.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.