Прынамсі трох журналістаў — Андрэя Аляксандрава, Дзяніса Івашына і Кацярыну Андрэеву — абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. Артыкул 356 Крымінальнага кодэксу ўсім ім інкрымінавалі, калі журналісты ўжо былі за кратамі. Аляксандраў і Івашын цяпер у СІЗА, Андрэева — у гомельскай жаночай турме.
Паводле юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, з тэхнічнага пункту гледжаньня, крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства такога не выключае.
«То бок чалавека могуць асудзіць за адно дзеяньне, а пазьней, пасьля праведзенага расьсьледаваньня, асудзіць яшчэ і за іншае, зьдзейсьненае да, падчас ці пасьля таго, за што чалавек быў затрыманы альбо ўжо быў асуджаны.
Але калі мы гаворым пра палітычна матываваны крымінальны перасьлед, тут цалкам відавочна, што журналіст, праваабаронца, актывіст не зьдзяйсьняў нічога процізаконнага. Іх асуджаюць менавіта за грамадзянскую пазыцыю», — выказаў сваю думку юрыст Павал Сапелка.
Што такое артыкул «Здрада дзяржаве»?
Частка 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэксу: «Выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі альбо іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, зьвестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаваў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, альбо шпіянаж, альбо пераход на бок ворага падчас вайны або збройнага канфлікту, альбо іншая дапамога замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам у правядзеньні дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна зьдзейсьненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь».
«Раней гэта тычылася нейкіх шпіёнскіх жарсьцяў, вайскоўцаў»
Былы адвакат Павал Сапелка кажа, што раней артыкул 356 выкарыстоўваўся вельмі рэдка.
«Раней гэта тычылася нейкіх шпіёнскіх жарсьцяў, эпізодаў супрацоўніцтва вайскоўцаў з замежнымі спэцслужбамі. Паколькі такія справы заўсёды разглядаліся ў закрытым рэжыме, складана меркаваць, наколькі абвінавачаньні былі абгрунтаваныя», — кажа Павал Сапелка.
За апошні год па гэтым артыкуле асудзілі на 18 гадоў былога капітана Генэральнага штабу Дзяніса Ўрада і на 10 гадоў — былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча.
Дзяніс Урад нібыта сфатаграфаваў і даслаў журналістам ліст міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова міністру абароны Віктару Хрэніну пра тое, што да аховы парадку 25 сакавіка 2021 году трэба прыцягнуць вайскоўцаў, што супярэчыць Канстытуцыі Беларусі.
Аляксей Храловіч нібыта перадаў тэлеграм-каналу тэлефонныя размовы прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант адносна абставінаў сьмерці Рамана Бандарэнкі.
«Журналісты не маглі прычыніць шкоду дзяржаве»
На думку юрыста Паўла Сапелкі, што да фармулёўкі артыкула «здрада дзяржаве», тут тэарэтычна яшчэ можна расцаніць, што дзяржаве была нанесена шкода — калі гаворка ідзе пра перадачу сакрэтнага дакумэнта сродкам масавай інфармацыі, як гэта было з афіцэрам Генштабу.
«Але мы павінны разумець, што такое злачынства мае на мэце найперш прычыненьне шкоды сваёй дзяржаве.
Што да Аляксандрава, Івашына і Андрэевай, яны ж журналісты і не маглі прычыніць шкоду дзяржаве. Калі палітвязьняў пагражаюць судзіць паўторна, як Кацярыну Андрэеву, гэта спосаб запалохаць іншых, у каго ёсьць свая думка, актыўная грамадзянская пазыцыя», — перакананы юрыст Павал Сапелка.
Палітзьняволеным падаўжаюць тэрміны адседкі
25 сакавіка палітзьняволенаму Ціхану Осіпаву, якія адбывае 11-гадовае пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15, прысудзілі яшчэ 7 месяцаў зьняволеньня і зьмянілі рэжым утрыманьня з узмоцненага на строгі. Суд праходзіў у калёніі ў закрытым рэжыме. Прысуд вынесла судзьдзя Кастрычніцкага раёну Магілёва Натальля Крашкіна.
За кратамі палітвязень ужо больш як паўтара года — за наезд на пяць вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага году, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос. Ціхана абвінавацілі паводле ч.2 арт. 293; ч.1 арт. 400; ч.1 арт. 14 і арт. 362.
7 красавіка стала вядома, што суд у закрытым рэжыме на тэрыторыі гомельскай жаночай калёніі прысудзіў актывістцы «Эўрапейскай Беларусі» Паліне Шарэндзе-Панасюк дадаткова яшчэ 1 год зьняволеньня. Жанчына, якая мае двух непаўналетніх дзяцей, атрымала летась 2 гады калёніі. На свабоду яна мела выйсьці ў верасьні 2022 году.
І Паліну Шарэнду-Панасюк, і Ціхана Осіпава асудзілі па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы).
Вольга Класкоўская, раней асуджаная на 2 гады калёніі за ўдзел у акцыі пратэсту, падчас якой перакрывалі рух транспарту ў менскай Серабранцы, ужо адбываючы пакараньне, атрымала новае абвінавачаньне — за «абразу прадстаўніка ўлады». Паводле яго Вользе прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі». Шляхам складаньня тэрмінаў Класкоўскай прызначылі 2,5 года калёніі агульнага рэжыму.
«Заканадаўства выкарыстоўваецца вельмі выбарачна»
Павал Сапелка кажа, што азнаёміўся зь вялікай колькасьцю прысудаў паводле артыкула 411 і, як правіла, заканадаўства выкарыстоўваецца вельмі выбарачна, у адносінах толькі да пэўных асобаў. Юрыст зьвяртае ўвагу на дзьве акалічнасьці, што да такіх спраў.
«Альбо асуджаны адмаўляецца выконваць нейкія прыніжальныя працы, калі ён максымальна паніжаецца ў статусе сярод зьняволеных і яму пагражае ў гэтай сытуацыі гвалт, а то нават існуе пагроза жыцьцю. Гэта першы варыянт.
Другі — калі адміністрацыя зьбірае дысцыплінарныя спагнаньні за даволі бяскрыўдныя ўчынкі (спазьненьне, сон у ШЫЗА на падлозе, іншыя дробязі). Аднаму гэта сыходзіць з рук. Ну, а на палітычных заводзіцца крымінальная справа. Прычым за адныя і тыя ж парушэньні хтосьці трапляе ў ШЫЗА, камусьці зьмяняюць рэжым, кагосьці адпраўляюць у турму, а камусьці дадаюць тэрмін», — канстатуе юрыст Павал Сапелка.