Галоўнае на гэты момант
- Расейскія войскі пакінулі Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую вобласьці, перагрупоўваюцца на ўсходзе Ўкраіны і плянуюць рухацца ў бок Харкава, — украінскія ўлады.
- ААН: Украіну з пачатку вайны пакінулі больш за 4,4 млн чалавек, — зьвесткі на раніцу 9 красавіка.
- З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 176 дзяцей і больш за 324 атрымалі раненьні.
- Эўразьвяз і ЗША ўзгаднілі новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі.
- Генасамблея ААН прыпыніла ўдзел Расеі ў Радзе правоў чалавека.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 8 і 9 красавіка
Зяленскі сустрэўся з прэм'ерам Вялікай Брытаніі і канцлерам Аўстрыі
Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан прыбыў у Кіеў 9 красавіка зь неабвешчаным візытам, каб правесьці перамовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, паведаміў намесьнік кіраўніка офіса Зяленскага Андрэй Сыбіга.
Па выніках перамоваў офіс Джонсана заявіў, што Вялікая Брытанія накіруе 120 браняваных машын і супрацькарабельных ракетных комплексаў для падтрымкі Украіны.
Таксама 9 красавіка ў Кіеве Ўладзімір Зяленскі сустрэўся з канцлерам Аўстрыі Карлам Нэгамэрам. «Аўстрыя падтрымлівае нас у супрацьстаяньні расейскай агрэсіі», — напісаў прэзыдэнт і ў сваім тэлеграм-канале. Лідары абмеркавалі «ўзмацненьне санкцыйнага ціску на Расею, падтрымку энэргетычнага і нафтавага эмбарга супраць агрэсара, сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ». «Сьвет павінен зрабіць усё магчымае, каб спыніць вайну. Мы цэнім падтрымку Аўстрыі на гэтым шляху», — дадаў Зяленскі.
Войскі РФ абстрэльваюць Харкаў, спрабуюць абысьці Ізюм, — мясцовая адміністрацыя
Расейскія вайскоўцы працягваюць абстрэльваць жылыя раёны Харкава і прыгарада, у суткі нанесьлі амаль 50 удараў з артылерыі, мінамётаў, танкаў і РСЗА, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Паводле яго, пацярпела інфраструктура некалькіх раёнаў горада, пашкоджаныя будынкі бальніцы, амбуляторыі, жылых дамоў. Пацярпелых няма.
«Расейцы спрабуюць абысьці Ізюм, пазыцыі нашага войска і канцэнтравана накіраваць свае войскі ў Данецкую і Луганскую вобласьці, чым узмацніць там вайсковую прысутнасьць», — дадаў Сінягубаў. Паводле яго, у гэтым раёне працягваюцца эвакуацыйныя мерапрыемствы.
Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што расейская армія скідае на горад бомбы на парашутах і папрасіў людзей не набліжацца да такіх бомбаў: «Харкаў сутыкнуўся з бамбёжкай новым тыпам бомбаў. Расейскі агрэсар скідае іх на парашутах. Прашу ні ў якім разе не набліжацца да такіх парашутаў і неадкладна паведаміць пра іх выратавальнікам».
Генштаб Узброеных сіл Украіны: статы расейскага войска на 9 красавіка — больш за 19 тысяч асабовага складу
Генштаб Узброеных сіл Украіны заяўляе, што страты войскаў РФ на 9 красавіка склалі каля 19 100 чалавек (ведамства не ўдакладняе, ці гэта забітыя, параненыя ці ўзятыя ў палон). Таксама называюцца наступныя страты ўзброеных сіл РФ: 151 самалёт, 136 верталётаў, 705 танкаў, 1895 бронемашын, 335 артылерыйскіх сыстэм, 55 сродкаў СПА, 108 рэактыўных сыстэм залпавага агню, 76 аўтацыстэрнаў, 1363 адзінкі аўтатэхнікі, 7 караблёў (катэраў), 112 БПЛА апэратыўна-тактычнага ўзроўню, 25 адзінак спэцтэхнікі.
Мінабароны Расеі зьвесткі аб забітых расейскіх вайскоўцах падчас вайны апошні раз давала 25 сакавіка: тады колькасьць загінулых, паводле афіцыйнай вэрсіі, склала 1351 чалавек. Аднак прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў 7 красавіка прызнаў, што страты расейскіх войскаў «значныя».
Колькасьць ахвяраў у Краматорску вырасла да 52 чалавек
8 красавіка расейскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па чыгуначным вакзале ў Краматорску Данецкай вобласьці, дзе праходзіла эвакуацыя і знаходзіліся каля 4 тысяч мірных жыхароў. Паводле апошняй інфармацыі, вядома аб 52 загінулых, 5 зь якіх — дзеці, і 109 параненых. У Пэнтагоне пацьвердзілі, што ракету «Кропка-У» па вакзале ў Краматорску выпусьціла Расея.
7 красавіка расейскія войскі нанесьлі авіяўдар па мосьце каля станцыі «Барвінкава», гэта адзіны кантраляваны Ўкраінай выезд па чыгунцы са Славянску, Краматорску і Лімана.
Ва Ўкраіне з 24 лютага пацярпелі ўжо 500 дзяцей
Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў 9 красавіка, што ад пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 176 дзяцей і больш за 324 атрымалі раненьні.
З пачатку вайны ў Расею прымусова вывезьлі больш за 121 тысячу дзяцей, — упаўнаважаная па правах чалавека ва Ўкраіне
Упаўнаважаная па правах чалавека ва Ўкраіне Людміла Дзянісава 9 красавіка заявіла, што ў Расею за час вайны прымусова вывезьлі больш за 121 тысячу дзяцей.
Як адзначае Дзянісава, сярод іх ёсьць сіроты і дзеці, у якіх ёсьць бацькі. Паводле зьвестак амбудсмэна, частку дзяцей вывезьлі з Марыюпаля ў напрамку Таганрога.
Луганская вобласьць: абстрэлы ў Севераданецку, Лісічанску, Рубежным
Адзін чалавек загінуў у выніку абстрэлу расейскімі войскамі Севераданецка 9 красавіка, паведамляе кіраўнік Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі А Сяргей Гайдай.
Паводле яго, расейскія вайскоўцы штурмуюць гарады Рубежнае і Папасную і «адначасова наносяць артылерыйскія ўдары па жылых кварталах іншых гарадоў». Гайдай адзначыў, што за апошнія суткі з прычыны абстрэлаў разбураныя 8 жылых дамоў у Севераданецку, Лісічанску, Крамяной і Залатым.
Сяргей Гайдай паведаміў, што расейскія вайскоўцы за гэты тыдзень другі раз нанесьлі ўдар па цыстэрне з азотнай кіслатой у Рубежным.
Таксама ён расказаў, што ў Лісічанску пасьля абстрэлу гарыць АЗС і прадпрыемства. Патушыць іх немагчыма з прычыны баёў, якія працягваюцца. У Рубежным снарад трапіў у дом — пацярпелі чатыры чалавекі.
BBC News: Камандаваньне «апэрацыяй» ва Ўкраіне даручана генэралу зь вялікім сырыйскім вопытам
Расея рэарганізуе камандаваньне сваімі войскамі ва Ўкраіне, цяпер імі будзе кіраваць камандуючы Паўднёвай ваеннай акругай генэрал Аляксандар Дворнікаў, паведамляе BBC News са спасылкай на свае крыніцы.
Выданьне адзначае, што адразу пасьля ўварваньня ва Ўкраіну паміж расейскімі войскамі была дрэнная каардынацыя, і зараз Дворнікаў будзе адказваць за яе паляпшэньне.
Аляксандар Дворнікаў з 2000 па 2003 год служыў у Паўночна-Каўкаскай вайсковай акрузе РФ на пасадзе начальніка штабу, а пасьля камандзіра мотастралковай дывізіі. З верасьня 2015 па чэрвень 2016 году камандаваў групоўкай Узброеных сіл РФ у Сырыі. У 2016 годзе Дворнікаў атрымаў званьне героя Расейскай Фэдэрацыі.
Сытуацыя ў рэгіёнах Украіны на раніцу 9 красавіка
- Адносна спакойна ноч прайшла ў многіх рэгіёнах Украіны: на Валыні, у Закарпацьці, на Днепрапятроўшчыне, Ровеншчыне, у Івана-Франкоўскай, Чарнавіцкай, Львоўскай, Хмяльніцкай, Кіеўскай, Адэскай, Мікалаеўскай, Віньніцкай, Запароскай, Тэрнопальскай абласьцях, на Жытоміршчыне, Чаркашчыне, Чарнігаўшчыне Сумскай вобласьці, паведамляе «Украинская правда».
- Харкаў: расейцы працягнулі начныя абстрэлы жылых раёнаў. Па вобласьці вядуцца баі ў Ізюмскім напрамку, працягваецца ачыстка вызваленых тэрыторый у Ізюмскім раёне.
- Луганская вобласьць: расейскія войскі працягваюць зьнішчэньне цывільнай інфраструктуры, наносячы ракетныя і артылерыйскія ўдары па шляхах зносін, станцыях, жылых кварталах і месцах эвакуацыі мірнага насельніцтва з раёнаў вядзеньня баявых дзеяньняў. Расейцы працягваюць наступ у напрамку населеных пунктаў Папасная і Севераданецк.
- Данецкая вобласьць: пад агнём Аўдзееўка, Курахава, Мар’інка, Краснагораўка, Тарэцк, Чарацінская абшчына. Ёсць параненыя практычна ў кожным з гэтых населеных пунктаў, інфармацыя па іх колькасьці ўдакладняецца. Марыюпаль — сытуацыя кардынальна не зьмянілася. Абстрэлы ў цэнтры і на поўначы вобласьці. Колькасьць ахвяраў на чыгуначным вакзале ўзрасла да 52 загінулых і 109 параненых.
- На Херсоншчыне — моцныя выбухі і грады ў навакольлях горада. Сытуацыя ў вобласьці становіцца ўсё больш крытычнай. Інфармацыю аб пацярпелых і абʼёмах разбурэньняў устанавіць пакуль немагчыма. Паводле папярэдніх дадзеных, толькі з Херсону зьехала больш за 15% чалавек, з акупаваных сёлаў — практычна кожны пяты жыхар.
- Міргарад (Палтаўская вобласьць): выніку ракетных удараў па горадзе ноччу 9 красавіка пацярпелі два чалавекі. Абстрэлы таксама нанесьлі значны ўрон інфраструктуры горада, паведаміў кіраўнік Палтаўскай аблдзяржабміністрацыі Дзьмітрый Лунін.
- Чарнаморск: раніцай у горадзе прагрымеў выбух, пацярпелых няма, паведаміў мэр горада Васіль Гуляеў.
Расейскія вайскоўцы перагрупоўваюцца на ўсходзе Ўкраіны і плянуюць прасоўвацца ў напрамку Харкава, — украінская выведка
Пра гэта CNN распавёў начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны генэрал-маёр Кірыл Буданаў. «Яны перагрупоўваюцца да горада Ізюм празь Белгарад. Яны атрымліваюць дадатковыя войскі ў Белгарадзе, каб кампэнсаваць свае страты ва Ўкраіне», — сказаў Буданаў.
Паводле яго, войскі РФ плянуюць прасоўвацца, перш за ўсё, на Харкаў. «Яны будуць спрабаваць дабіць Марыюпаль і толькі пасьля гэтага могуць паспрабаваць ініцыятыўна прасоўвацца на Кіеў», — сказаў Буданаў.
Урзуля фон дэр Ляен і Жузэп Бурэль наведалі Кіеў і сустрэліся з Уладзімірам Зяленскім
Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен і вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль 8 красавіка сустрэліся з Ўладзімірам Зяленскім і наведалі Бучу пад Кіевам, дзе загінулі сотні мірных жыхароў.
Старшыня Эўракамісіі перадала прэзыдэнту Ўкраіны анкету на ўступ у ЭЗ і выказала меркаваньне, што месца Ўкраіны — «у эўрапейскай сям’і».
Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль падчас взыту паведаміў, што прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу адновіць працу ў Кіеве.
Кіраўнік Луганскай вобласьці Ўкраіны: Неўзабаве расейцы паспрабуюць пайсьці ў наступ
Сяргей Гайдай мяркуе, што ў найбліжэйшы час расейскія вайскоўцы паспрабуюць атакаваць пазыцыі ўкраінскай арміі на ўсходзе краіны:
«Мы бачым колькасьць людзей, колькасьць тэхнікі, якую яны зьбіраюць, мы бачым рэзэрвы, якія яны таксама зьбіраюць. І сталі мацней абстрэльваць пазыцыі нашых абаронцаў. Гэта значыць, хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час будзе спроба атакаваць нашыя пазыцыі», — сказаў ён.
Зяленскі: Індыя і Кітай могуць далучыцца да сьпісу гарантаў бясьпекі Ўкраіны
У інтэрвію індыйскаму тэлеканалу Republic TV прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сказаў, што Ўкраіна зацікаўленая ў гарантах бясьпекі, і сярод краінаў, якім прапанавалі папоўніць сьпіс — Кітай, Індыя і Турэччына.
Брытанская выведка: расейскія войскі цалкам выведзеныя з поўначы Ўкраіны на тэрыторыю Беларусі і Расеі
Частка гэтых падразьдзяленьняў будзе перакінутая на ўсход Украіны для ўдзелу ў баях на Данбасе, і многія зь іх будуць мець патрэбу ў папаўненьні перад новым разьмяшчэньнем, паведамляе 8 красавіка Мінабароны Вялікай Брытаніі са спасылкай на вайсковую выведку. «Любая масавая перадысьлякацыя з поўначы зойме ня менш за тыдзень», — адзначаецца ў заяве.
Мінабароны Вялікай Брытаніі таксама паведаміла, што абстрэлы гарадоў на ўсходзе і поўдні Ўкраіны працягваюцца, а расейскія войскі рушылі далей на поўдзень ад гораду Ізюма, які застаецца пад іх кантролем.
Украінскія ўлады пацьвердзілі гібель 360 мірных жыхароў у Бучы
Паводле стану на раніцу 9 красавіка ўкраінскія ўлады пацьвердзілі інфармацыю аб 360 забітых мірных жыхароў у Бучы. Сярод іх ня менш за 10 дзяцей. Пра гэта паведаміла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава.
Уцекачы ад вайны
Украіну з пачатку вайны пакінулі больш за 4,4 млн чалавек, вынікае са зьвестак на сайце агенцтва ААН па справах уцекачоў на 9 красавіка.
Большасьць зь іх выехалі ў Польшчу — гэта больш за 2,5 млн чалавек. Звыш 671 тысячы чалавек адправіліся ў Румынію, 413 тысяч — у Вугоршчыну, 406 тысячы чалавек — у Малдову, 373 тысячы — у Расею, 307 тысяч — у Славакію і 19 тысяч — у Беларусь.
На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны пражываў 41 мільён чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Агенцтва S&P панізіла крэдытны рэйтынг Расеі да «выбарачнага дэфолту»
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings панізіла рэйтынг Расеі ў замежнай валюце з CC/C да SD/SD («выбарачны дэфолт»). Рэйтынг у нацыянальнай валюце застаецца на ўзроўні CC/C з нэгатыўным прагнозам.
У паведамленьні S&P зазначаецца, што ў Расеі ёсьць 30 дзён, каб не дапусьціць дэфолт. Аднак агенцтва сумняецца, што інвэстары змогуць канвэртаваць рублёвыя плацяжы ў даляры з прыбыткам, які быў прадугледжаны.
Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве ў войска
Прызыў пройдзе з 1 красавіка па 15 траўня, на тэрміновую службу маюць намер прызваць 134 500 чалавек ад 18 да 27 гадоў. Гэта на 7 тысяч больш, чым у леташні восеньскі прызыў. Ад пачатку вайны з Украінай расейскія ўлады і асабіста Пуцін адмаўлялі, што ў ёй удзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. Але потым Мінабароны Расеі прызнала «некалькі фактаў» прысутнасьці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл ва Ўкраіне. У Крамлі абяцалі разабрацца.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
JYSK прыпыняе працу ў Беларусі
Дацкая кампанія JYSK (тавары для дому) прыпыняе працу крамаў і сайта ў Беларусі з 18 красавіка. У Беларусі ёсьць 10 крамаў JYSK. Раней дацкі рытэйлер сышоў з расейскага рынку. У беларускіх крамах JYSK сабраліся ўтварыліся чэргі.
Як рэагуе сьвет
Славакія перадала Ўкраіне сыстэму СПА С-300
Прэм'ер-міністар Славакіі Эдуард Хегер пацьвердзіў, што Славакія прадаставіла Ўкраіне сыстэму супрацьпаветранай абароны С-300. Аб гэтым ён паведаміў у Twitter. «Украінскі народ мужна абараняе сваю сувэрэнную дзяржаву і нас таксама», — дадаў ён.
Байдэн падпісаў два законапраекты, якія ўводзяць дадатковыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі
Абодва законы зьвязаныя з агрэсіяй Расеі ва Ўкраіне. Пазбаўленьне Беларусі і Расеі статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі на практыцы дазваляе ўвесьці больш высокія тарыфы на імпарт зь дзьвюх гэтых краін. Напярэдадні законапраекты ўхваліў амэрыканскі Кангрэс.
ЗША адправілі Ўкраіне партыю ўдарных дронаў Switchblade і дадуць больш комплексаў Javelin
ЗША дадуць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу (супрацьтанкавыя сыстэмы Javelin) на 100 млн даляраў. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар Энтані Блінкен. З 24 лютага ЗША далі Ўкраіне ваенную дапамогу на суму 1,7 млрд даляраў.
Таксама ЗША ўжо адправілі Ўкраіне партыю з 100 ударных дронаў Switchblade, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагона Джон Кірбі.
Эўразьвяз узгадніў пяты пакет санкцый супраць Расеі
Пакет уключае ў сябе поўнае эмбарга на імпарт расейскага вугалю. Таксама ў рамках новых абмежаваньняў Эўразьвяз уводзіць забарону на экспарт у Расею ўзбраеньняў. Гандлёвым суднам пад расейскім сьцягам забараняецца ўваходзіць у парты Эўразьвязу, а грузавому транспарту — уяжджаць у ЭЗ.
Эўразьвяз выдзеліць яшчэ 500 млн эўра на вайсковае абсталяваньне для Ўкраіны
Пра гэта паведаміў 7 красавіка кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль.
Генэральная асамблея ААН прыпыніла ўдзел Расеі ў Радзе правоў чалавека
Рэзалюцыю прынялі большасьцю галасоў: «за» прагаласавалі 93 краіны, «супраць» — 24, а яшчэ 58 краін устрымаліся.
Латвія забараніла грамадзянам Расеі і Беларусі атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі. Эстонія будзе даваць ВНЖ толькі як выключэньне
Парлямэнт Латвіі 7 красавіка забараніў расейскім і беларускім грамадзянам атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі ў эканоміку краіны. Папраўкі да закону «Аб іміграцыі» прынятыя аднагалосна.
Эстонія сьледам за Латвіяй перастала выдаваць новыя віды на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі. Падаўжэньне ранейшага віду на жыхарства магчымае, таксама ва ўказе прапісаныя выключэньні для атрыманьня дакумэнтаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.