У рамках новых абмежаваньняў Эўразьвяз уводзіць забарону на экспарт у Расею ўзбраеньняў. Гандлёвым суднам пад расейскім сьцягам забараняецца ўваходзіць у парты Эўразьвязу, а грузавому транспарту — уезд у ЭЗ.
Забарона на імпарт вугалю ацэньваецца на чатыры мільярды эўра. Па зьвестках францускіх СМІ, імпарт расейскага вугалю складае 45 працэнтаў ад агульнага аб’ёму імпарту вугалю ў Эўразьвязе.
Крыніцы Reuters паведамляюць, што забарона на імпарт вугалю набудзе моц зь сярэдзіны жніўня, на месяц пазьней за плянаваны тэрмін. На неабходнасьці адтэрміноўкі настойвала Нямеччына.
Паводле зьвестак Bloomberg, некаторыя краіны настойвалі на эмбарга для расейскай нафты, але гэты пункт Эўракамісія будзе абмяркоўваць асобна.
У санкцыйны сьпіс унесена больш за 200 новых прозьвішчаў расейскіх чыноўнікаў, прапагандыстаў і бізнэсмэнаў, якія падтрымліваюць рэжым Уладзіміра Пуціна.
Прычынай паэтапнай адмовы ад расейскіх энэргарэсурсаў сталі забойствы мірных жыхароў у Бучы каля Кіева. ЗША і краіны ЭЗ абвінавачваюць расейскае войска ў неабгрунтаванай жорсткасьці і агрэсіі ў адносінах да ўкраінскіх грамадзян. Масква ўсе абвінавачаньні ў свой адрас катэгарычна абвяргае.