Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыфэйк: Расея сьцьвярджае, што не карыстаецца ракетамі «Точка-У», якімі абстралялі Краматорск


Краматорск пасьля абстрэлу
Краматорск пасьля абстрэлу

Міністэрства абароны Расеі распаўсюдзіла заяву ў сувязі з ракетным абстрэлам вакзалу ва ўкраінскім горадзе Краматорск. У Маскве назвалі правакацыяй інфармацыю пра датычнасьць Расеі да гэтага здарэньня.

Паводле Мінабароны Расеі, ніякіх агнявых задач 8 красавіка ў Краматорску ў расейскіх узброеных сілаў ня было і не плянавалася.

«Асабліва падкрэсьлім — тактычныя ракеты „Точка-У“, абломкі якой выявілі ў раёне чыгуначнага вакзалу Краматорску і апублікавалі відавочцы, ужываюцца толькі ўкраінскімі ўзброенымі сіламі», — гаворыцца ў заяве Мінаброны, якую распаўсюдзіла дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости»​.

У лютым 2022 году дзяржаўнае беларускае агенцтва «БелТА» апублікавала фатаздымак зь беларуска-расейскіх вучэньняў «Саюзная рашучасьць» у Гомельскай вобласьці, на якім відаць момант запуску ракет з комплексаў «Точка-У». Здымак датаваны 15 лютага.

Запуск ракет з комплексаў «Точка У» падчас беларуска-расейскіх вучэньняў у Гомельскай вобласьці 15 лютага 2022 года
Запуск ракет з комплексаў «Точка У» падчас беларуска-расейскіх вучэньняў у Гомельскай вобласьці 15 лютага 2022 года

Паводле зьвестак украінскага боку і незалежных вайсковых экспэртаў, Расея для ракетных абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі найчасьцей выкарыстоўвала крылатыя ракеты «Калібр», запушчаныя з самалётаў, а таксама ракеты з комплексаў «Точка-У» яшчэ савецкай вытворчасьці і сучасных расейскіх комплексаў «Іскандэр».

Беларускае войска мае савецкія комплексы «Точка». Але далёкасьць іх стральбы да 120 кілямэтраў.

Яшчэ 7 сакавіка група расьсьледнікаў Conflict Intelligence Team паведаміла, што Расея пачала выкарыстоўваць апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Точка-У». Раней іх у расейскім войску замянялі «Іскандэрамі».

А 5 сакавіка актывісты праекту «МотолькоПомоги» паведамілі аб зьяўленьні расейскіх комплексаў «Точка-У» на тэрыторыі Беларусі. Паводле іх зьвестак, каля 30 пускавых установак выехалі з аэрадрома Мачулішчы пад Менскам, а пасьля былі заўважаныя пад Бабруйскам, адкуль маглі выехаць на Мазыр або Рэчыцу на поўдні Гомельскай вобласьці каля мяжы з Украінай.

Украінскія журналісты зьвярнулі таксама ўвагу, што ў пабліках прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе пасьля ўдару па Краматорску зьявілася інфармацыя пра пасьпяховы ўдар па пазыцыях украінскіх вайскоўцаў у горадзе.

Але пасьля таго, як стала вядома пра ахвяры сярод мірных жыхароў, гэтыя допісы зьніклі.

Таксама дарадца Мінабароны Ўкраіны Антон Герашчанка апублікаваў у сваім тэлеграме відэа, на якім, як сьцьвярджаецца, зафіксаваны момант перавозкі ракет «Точка-У» расейскай арміяй у Беларусі.

Ад ракетнага абстрэлу ў Краматорску загінула сама меней 39 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG