Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва S&P панізіла крэдытны рэйтынг Расеі да «выбарачнага дэфолту»


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings панізіла рэйтынг Расеі ў замежнай валюце з CC/C да SD/SD («выбарачны дэфолт»).

Рэйтынг у нацыянальнай валюце застаецца на ўзроўні CC/C з нэгатыўным прагнозам.

«Зьніжэньне рэйтынгу рушыла ўсьлед за тым, што расейскі ўрад зьдзейсьніў выплаты купонаў і асноўнай сумы доўгу па даляравых эўрааблігацыях 2022 і 2024 гадоў у расейскіх рублях», — гаворыцца ў паведамленьні S&P.

У ім зазначаецца, што ў Расеі ёсьць 30 дзён, каб не дапусьціць дэфолт. Аднак агенцтва сумняецца, што інвэстары змогуць канвэртаваць рублёвыя плацяжы ў даляры з прыбыткам, які быў прадугледжаны.

«На нашу думку, санкцыі ў дачыненьні да Расеі, верагодна, будуць яшчэ больш жорсткімі ў бліжэйшыя тыдні, што абмяжуе гатоўнасьць і тэхнічныя магчымасьці Расеі выконваць умовы сваіх абавязацельстваў перад замежнымі трымальнікамі доўгу», — гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.

Расейскае Міністэрства фінансаў 6 красавіка дала справаздачу аб пералічэньні рублёвых сродкаў у Нацыянальны разьліковы дэпазытарый на суму 0,65 мільярда даляраў для выплаты купонных даходаў і пагашэньня эўрааблігацый па двух выпусках — «Расея-2022» і «Расея-2042». Ведамства растлумачыла, што замежны банк-карэспандэнт адмовіў у выкананьні даручэньняў на выплаты.

У пачатку тыдня агенцтва Reuters паведаміла, што апрацоўка плацяжоў па расейскіх эўрабондах банкам-карэспандэнтам JP Morgan была спыненая амэрыканскім Мінфінам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG