Упаведамленьні Белага дома гаворыцца, што падпісаны «Закон аб прыпыненьні нармальных гандлёвых адносінаў з Расеяй і Беларусьсю», накіраваны на далейшае ўзмацненьне гандлёвых і праваабарончых санкцый, і «Закон аб спыненьні імпарту расейскай нафты», які забараняе імпарт энэргетычных прадуктаў з Расейскай Фэдэрацыі.
Абодва законы зьвязаныя з агрэсіяй Расеі ва Ўкраіне. Пазбаўленьне Беларусі і Расеі статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі на практыцы дазваляе ўвесьці больш высокія тарыфы на імпарт зь дзьвюх гэтых краін
Напярэдадні законапраекты ўхваліў амэрыканскі Кангрэс. Прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі раней паведаміла, што санкцыі — гэта «тое, што прэзыдэнт падтрымлівае» і «да чаго заклікаў».
На гэтым тыдні адміністрацыя Байдэна таксама аб’явіла аб санкцыях у дачыненьні да найбуйнейшых фінансавых інстытутаў Расеі і шэрагу асобаў, зьвязаных з расейскім кіраўніцтвам.
Эўразьвяз таксама ўвёў пяты пакет санкцый супраць Расеі. Яны закранаюць і Беларусь. У прыватнасьці, забараняюцца любыя расейскія і беларускія аўтатранспартныя перавозкі тавараў на тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам (забарона не датычыць шэрагу тавараў і аўтаперавозак у гуманітарных мэтах). Таксама ўводзіцца забарона на дэпазыты, крыпта-кашалькі і продаж банкнот і каштоўных папер, намінаваных у любой з валют дзяржаў-чальцоў ЭЗ, у Расею і Беларусь любой фізычнай \ юрыдычнай асобе, арганізацыі або органу ў Расеі і Беларусі.