Беларуская літаратура ідзе ў падкасты
Аўтар праекту, пісьменьнік Кірыл Стаселька, кажа, што ідэя «Малуса» нарадзілася пасьля запісу папярэдняга падкасту паводле кнігі «Пімкі».
Адна з прычын, чаму ён выбраў фармат падкасту, — праблемы з кнігадрукам у Беларусі.
«Кнігадрук сёньня ўвогуле ў жахлівых умовах. Банальна, у кніжных выдавецтваў праблемы з сыравінай, паперай і іншымі рэчамі. Проста тэхнічна складана выпусьціць кнігу ў Беларусі. Па-другое, мае чытачы паразьяжджаліся, натуральна, што папяровы фармат на гэты момант ня самы зручны. Лепш выкарыстоўваць новыя тэхналягічныя магчымасьці і фарматы, больш апэратыўныя, новыя па сваёй падачы. Добра, што ўжо вельмі актыўна і клясна разьвіваюцца праекты аўдыёкніг, той жа „Кніжны воз“».
Цяпер можна паслухаць першую частку «Малуса». У гэтым тэксьце ёсьць паралелі з падзеямі ў Беларусі, напрыклад суд над дрэвам, імем якога назвалі праект. Кірыл кажа: калі пісаў гэты тэкст, думаў пра сутнасьць улады.
«Не ў такім вульгарным значэньні паўсядзённай палітычнай улады, а больш у шырокім сэнсе: якім чынам магчымае ажыцьцяўленьне ўлады, чаму людзі гатовыя некаму падпарадкоўвацца. У праекце ёсьць больш сур’ёзныя тэксты, прывязаныя да сацыяльнай праблематыкі, а ёсьць тыя, што канцэнтруюцца на асобе, ёсьць такія ўскосныя матывы. Але ўсё роўна, як мне здаецца, гэта адзін вялікі комплекс, таму я спрабую з розных пазыцый глядзець на тое, што цяпер адбываецца».
Кірыл кажа, што ў гэтым праекце хацеў максымальна пазьбегнуць прывязкі да геаграфіі, нейкіх часавых прамежкаў.
«Я намагаўся стварыць гермэтычную прастору — каб гэта было не пра Беларусь, не пра 2020 год, не пра Ўкраіну-2022, а каб гэта ўспрымалася ў шырокім кантэксьце. Гэтыя пытаньні, тэмы ня новыя, натуральна, але тыя падзеі, што адбываюцца цяпер, дадаюць пэўныя адценьні, ракурсы і дазваляюць па-новаму на гэта паглядзець».
Пры гэтым, прызнае аўтар, падзеі ва Ўкраіне накладаюць пэўны адбітак на новыя тэксты.
«Гэта адказы на пытаньні, як стала магчымым, што адны людзі забіваюць і катуюць іншых. Гэтым у большасьці займаліся адны і тыя ж людзі: хто катаваў і забіваў у Беларусі і хто цяпер з Расеі нападае на мірных людзей ва Ўкраіне. Гэта адзін патэрн, адзін комплекс каштоўнасьцяў, спосаб мысьленьня».
«Захаваць беларускую мову ў гэтыя страшныя часы, калі яе бязьлітасна зьнішчаюць»
У стварэньні падкаст-пастановак удзельнічалі акторы-купалаўцы Міхась Зуй, Крысьціна Дробыш і Андрэй Дробыш.
«Я прачытала твор, ён мне вельмі спадабаўся, і я вырашыла — чаму б і не паўдзельнічаць? — кажа Крысьціна Дробыш. — Ну і, вядома, калі браць глябальнае пытаньне, беларускія кнігі, аўтары, перакладчыкі — гэта для мяне нейкая асаблівая задача. Удзел у праекце — адна з магчымасьцяў сказаць, што ёсьць вельмі добрыя сучасныя кнігі. Твор атрымлівае сьвежае жыцьцё, бо становіцца іншым фарматам, які, як мне здаецца, цяпер больш запатрабаваны. Гэта спроба зрабіць беларускамоўную літаратуру больш дасяжнай. Яшчэ гэты праект — адзін са спосабаў майго імкненьня захаваць беларускую мову, асабліва ў гэтыя страшныя часы, калі яе бязьлітасна зьнішчаюць».
Першую частку «Малуса» запісалі ў Львове акурат перад пачаткам вайны.
«Я не магла падумаць, што гэта будзе апошняя даваенная кніжка. Мы неяк сабраліся, запісалі, адправілі на мантаж, і потым пачалася вайна. Хтосьці з нас трошкі раней пасьпеў зьехаць, нехта ўжо пасьля пачатку гэтага пекла, таму ва ўсё гэта дадаўся асаблівы сэнс», — кажа Крысьціна.
Запісвалі праект на ўкраінскай студыі з украінскімі калегамі.
«Маёй задачай было стварыць атмасфэру, каб у чалавека, які будзе слухаць кнігу ў машыне, дома, пакуль займаецца сваімі справамі, было адчуваньне, быццам хтосьці побач сядзіць і па-сяброўску расказвае. Са мной былі калегі, прафэсіяналы сваёй справы, таму мы парагаталі, пажартавалі, паімправізавалі. І гэта быў такі добры досьвед працы і з украінскімі калегамі, украінскай студыяй: мы вельмі добра бавілі час, размаўлялі кожны на сваёй мове, выдатна разумеліся. Добры досьвед, я рада, што ён адбыўся. Можна сказаць, гэта такі супольны праект украінска-беларускі, хоць такой мэты першапачаткова не было».
Крысьціна кажа, ёй вельмі падабаецца ў творы, што ў працэсе чытаньня ён складаецца ў пазл, ператвараецца ў казку для дарослых.
«У кожнай краіне ёсьць улада, у кожнай супольнасьці ёсьць зайздрасьць, людзі робяць балюча адно аднаму, узьнікаюць непаразуменьні. І гэта ўсё чалавечыя прыкметы, а не нацыянальныя. Але я бачу ў творы беларускія паралелі. Увогуле цяпер момант, калі беларускае не адбалела, а накрыла яшчэ і ўкраінскае», — кажа Крысьціна.
Крысьціна лічыць вельмі важным, што праект дапамагае пашыраць беларускую мову і літаратуру.
«Я заклікаю проста слухаць, чытаць, калі людзі хочуць перайсьці на беларускую мову, варта ствараць вакол сябе адмысловае асяродзьдзе. Гэта добрая сучасная беларуская літаратура, яе шмат. Шмат сэнсаў, чаму цяпер важна пачуць гэты твор. Там шмат добрых апавяданьняў, маленькіх гісторый пра простае, чалавечае на сваёй роднай мове, з падтэкстамі тваёй сытуацыі, твайго жыцьця цяпер. Таму варта з усіх бакоў. А калі ня варта, пішыце мне, мне будзе цікава чаму», — сьмяецца акторка.
Таксама Крысьціна акцэнтуе ўвагу, што існуе стэрэатып наконт агучваньня жаночым голасам, які «Малус» акурат ламае.
«Я хачу падзякаваць аўтару за давер. Шмат літаратуры часта чытаюць мужчыны, бо „гэта сур’ёзная кніжка“, — тлумачыць Крысьціна. — І вось гэтыя запісы падкасту — для мяне яшчэ адзін спосаб сказаць: „Не, жаночы голас можа існаваць роўна на той жа даверлівай ноце, як і мужчынскі“. Сур’ёзныя апавяданьні могуць расказваць і жанчыны».
«Палітычная машына, якая працуе цяпер у Беларусі, будзе нішчыць усё: і людзей, і дрэвы, і самое жыцьцё»
Сваімі ўражаньнямі ад удзелу ў праекце падзяліўся і актор Міхась Зуй.
«Па-першае, калі ідзе прапанова ад кагосьці з купалаўцаў, ад нашай творчай, незалежнай групы, для мяне заўжды радасьць, калі я магу далучыцца. Я амаль заўсёды ўпэўнены, што гэта пойдзе і мне на карысьць, і беларускай культуры, таму ў мяне не было ніякіх сумневаў. Мне вельмі цікавая праца аўтара са стылістыкай, з такімі трошкі незвычайнымі сытуацыямі, нязвыклымі ідэямі. Я адчуваю ў гэтых творах нейкую сьвежасьць на беларускім матэрыяле», — кажа Міхась Зуй.
Твор важна пачуць цяпер, каб людзі разумелі рэальную пагрозу і пэрспэктыву разьвіцьця падзей, кажа Міхась.
«Зараз такі час суду над людзьмі, якія ня проста бязьвінныя, а якія робяць добрыя рэчы, а іх за гэта кідаюць за краты і зьнішчаюць іх жыцьці, калечаць. Я думаю, што такое грамадзтва можа асудзіць і дрэва, як гэта адбылося ў першай частцы апавяданьня „Малус“, да гэтага проста адзін крок. Асудзіць і зьнішчыць. Такое грамадзтва, палітычная машына, якая працуе цяпер у Беларусі, будзе нішчыць усё: і людзей, і дрэвы, і самое жыцьцё. Там аўтар стварыў вельмі моцны мастацкі вобраз».
Цяпер каманда праекту экспэрымэнтуе з фарматамі запісаў і наладжвае камунікацыю са слухачамі. Плянуюць запусьціць краўдфандынг, каб тыя, каму падабаецца «Малус», маглі яго падтрымаць.
Першая пастаноўка «Малус» даступная на Google Podcasts, Apple Podcasts, Spotify, Аnchor, Сastbox, а таксама Яндэксе і YouTube.