Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нават прайграўшы вайну, Пуцін абвесьціць пра сваю перамогу. Паразы яму не даруюць


Эвакуацыйная калёна з разбуранага расейцамі Марыюпаля, 17 сакавіка
Эвакуацыйная калёна з разбуранага расейцамі Марыюпаля, 17 сакавіка

Калі Пуцін дажыве да канца гэтай вайны, ён непазьбежна абвесьціць сябе пераможцам. Незалежна ад таго, якім у сапраўднасьці будзе рэальны вынік ягонай «спэцапэрацыі». І гэта, відавочна, было б ня самым вялікім злом — пры ўмове, што бойня будзе спыненая як мага хутчэй.

Безумоўна, па першым часе некаторыя несьвядомыя суграмадзяне могуць задаваць непрыемныя пытаньні. Маўляў, што гэта за перамога, калі Кіева не ўзялі, рэжыму «нацыстаў» не памянялі, Украіны не падзялілі? Да таго ж паклалі тысячы маладых жыцьцяў, увагналі Расею ў міжнародную ізаляцыю і пакінулі ва ўкраінскіх палях ці не палову свайго ранейшага вайсковага патэнцыялу.

Але прапаганда ў закрытым таталітарным грамадзтве можа пераканаць ачмуранае насельніцтва ў чым заўгодна. Пуцін можа абвесьціць, што ўся апэрацыя праведзена згодна з плянам, дэмілітарызацыя і дэнацыфікацыя цалкам ажыцьцёўленыя — можна адводзіць войскі і праводзіць парад перамогі. І што з таго, што Украіна (а разам зь ёй і ўвесь сьвет) у гэты час будуць сьвяткаваць уласную перамогу? Ці даведаюцца ўвогуле пра гэта жыхары Расеі, калі ў іх не засталося незалежных СМІ, амаль зьнішчаны інтэрнэт, а па ўсіх інфармацыйных каналах з раніцы да ночы іх пераконваюць, што «спэцапэрацыя ідзе згодна з плянам, як і задумвалася».

З уручэньнем мэдаля «За дэнацыфікацыю Украіны»

Дарэчы, у нядаўняй гісторыі падобнае (калі раптам пераможцамі сябе абвяшчалі абодва ўдзельнікі вайны) здаралася ня раз. Цяпер ужо амаль забытая ірана-ірацкая вайна цягнулася восем гадоў (1980–1988). Гэта быў адзін з самых буйных узброеных канфліктаў пасьля Другой сусьветнай вайны. Агульныя страты: каля 700 тысяч толькі забітымі (непараўнальныя лічбы з тымі, якія фігуруюць у цяперашнім расейска-ўкраінскім канфлікце). Пры гэтым ніводзін з бакоў не дасягнуў колькі-небудзь прыкметных мэтаў. Межы ў выніку засталіся там жа, дзе былі да вайны, ніхто нічога не заваяваў. Зьнясілеўшы, падпісалі мір. Пры гэтым уласным народам кожны з бакоў абвесьціў пра сваю бліскучую перамогу — з адпаведнымі парадамі і фаервэркамі.

Кожны пра сваю перамогу абвесьцілі Эквадор і Пэру ўзімку 1995 года, калі распачалі баявыя дзеяньні з прычыны ўзаемных тэрытарыяльных прэтэнзій. Там, праўда, вайна была зусім кароткая і безь вялікай крыві.

«Фэйкавыя» перамогі здараліся ня толькі ў гарачых войнах. Напрыклад, у Паўночнай Карэі ў 2014 годзе ўлады абвесьцілі, што іхная футбольная зборная заняла першае месца на групавым этапе чэмпіянату сьвету: нібыта перамагла ўсіх супернікаў з разгромным лікам (Японію, ЗША і Кітай з лікам 7:0, 4:0 і 2:0 адпаведна). Папраўдзе яна прайграла ўсё што можна і ня трапіла нават у фінальную частку чэмпіянату сьвету 2014 году. Але хто і зь якіх крыніц унутры КНДР мог пра гэта даведацца?

«Расея ў гэтай вайне не прайграе», «Калі Зяленскі ня пойдзе на падпісаньне дамовы, яму давядзецца зь цягам часу падпісаць акт капітуляцыі», — катэгарычна заявіў 17 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію японскай тэлекампаніі. Відавочна, ён агучыў тое, што чуў ад Пуціна.

Пра дакладнасьць Лукашэнкавых прагнозаў наконт гэтай вайны шырока вядома: дастаткова згадаць ягоныя фразы першых дзён пасьля расейскага ўварваньня («гэта вайна працягнецца тры-чатыры дні», «Валодзя Зяленскі адразу збаяўся», «Напалеончык», «Зяленскі — аморфны чалавек, у яго няма стрыжня»). Прыкладна гэтак жа будзе і з апошнім прагнозам. Іншая справа, што афіцыйна і Масква, і Менск, вядома ж, абвесьцяць, што вайны не прайгралі. Зусім верагодна, што правядуць нават які-небудзь сумесны парад з уручэньнем мэдаля «За дэнацыфікацыю Ўкраіны». Тым, каму пашчасьціць выжыць. Хто не згарэў у танку пад Харкавам і ня трапіў у палон ля Марыюпаля.

На Ўкраіну не нападалі, вайны не прайгравалі

Міжнародная супольнасьць, зразумела, сустрэне гэта, разявіўшы рот ад зьдзіўленьня. А можа, уражаньні будуць і ня надта моцнымі. Бо пасьля таго, як міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 10 сакавіка абвесьціў, што «мы на Ўкраіну не нападалі», то чаму тут надта зьдзіўляцца, калі пераможаны і разгромлены раптам абвесьціць пра тое, што атрымаў бліскучую перамогу?

Калі асядуць пыл і дым, калі будуць аплаканыя ўсе палеглыя і пахаваныя, мы са зьдзіўленьнем выявім, наколькі далёкімі сталі ад нас украінцы. Галоўнакамандуючы гэтай «спэцапэрацыі» хацеў даказаць, што ўкраінцы з расейцамі — адзін народ. (Пра беларусаў ён не казаў: мелася на ўвазе, што гэта само сабой зразумела, Лукашэнка — саўдзельнік агрэсіі.) У рэчаіснасьці вынік будзе супрацьлеглым. Здаецца, яшчэ ніколі ў гісторыі Украіна і Расея не былі такімі чужымі і ненавіснымі адна адной. І беларусаў гэтая вайна таксама адасобіла ад «братоў», як бы Лукашэнка ні пераконваў, што мы з расейцамі ў адных акопах... Насамрэч акопы нават у гэтай вайне былі рознымі. Дакладней, гэта расейцы і ўкраінцы былі ў акопах па розныя бакі фронту. Беларусы ні ў якія акопы не хацелі і ня хочуць, як іх туды ні цягнулі ўлады.

За Харкавам і Сумамі (а таксама на поўнач ад Луцка, Роўна, Жытоміра і Чарнігава) вырасьце абарончы вал, сьцяна — нешта накшталт колішняй лініі Мажыно ў мінулым стагодзьдзі. Якая будзе аддзяляць ня проста краіны — цывілізацыі. І, баюся, мы яшчэ дажывём да таго часу, калі расейцы і беларусы будуць вучыць украінскую мову, каб паехаць ва Ўкраіну на заробкі, і стаяць у кансулятах у чэргах па ўкраінскія візы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG