Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol дасьледаваў, як у Беларусі зьявіўся KIPOD — сыстэма татальнага назіраньня, якая дапамагае рэжыму Лукашэнкі


Сузаснавальнік Synesis расеец Аляксандар Шатроў, які пасьля ўвядзеньня санкцый перадаў правы на кампанію былому афіцэру ГУБАЗіК
Сузаснавальнік Synesis расеец Аляксандар Шатроў, які пасьля ўвядзеньня санкцый перадаў правы на кампанію былому афіцэру ГУБАЗіК

Ініцыятыва былых сілавікоў паказала, якім чынам Лукашэнку ўдалося апэратыўна наладзіць сыстэму назіраньня за вуліцамі, якую актыўна выкарыстоўваюць супраць пратэстоўцаў. Згадалі і пра Viber.

У сваёй вэрсіі падзей ByPol паведаміў, што тэставаньне будучага татальнага кантролю пачалося «пры нагодзе» яшчэ ў 2014-м, калі Менск прымаў чэмпіянат сьвету ў хакеі. Неўзабаве пасьля яго ўлады арганізавалі конкурс, дзе быў адзіны ўдзельнік — даччыная арганізацыя кампаніі Synesis, што пасьля фальсыфікацыі выбараў і перасьледу грамадзян за іх погляды 17 сьнежня 2020 году трапіла пад заходнія санкцыі, але спрабуе іх абыходзіць.

Кіраўнік той самай даччынай кампаніі «24×7 Panoptes» Аляксей К. раней працаваў якраз у Апэратыўна-аналітычным цэнтры, створаным Лукашэнкам. ААЦ у ByPol называюць «асабістай кібэрвыведкай дыктатара».

Менавіта KIPOD дапамог ГУБАЗіКу выкрыць сярод пасажыраў менскага мэтро публіцыста, дзеяча анархісцкага руху Міколу Дзядка, якога пасьля затрыманьня жорстка катавалі, а затым асудзілі ў палітычна матываванай справе.

Паводле ByPol, плятформу для распазнаваньня асобаў выкарыстоўваюць амаль усе сілавыя ведамствы сучаснай Беларусі, што бяруць удзел у палітычных рэпрэсіях. Пад сыстэму падключаны тысячы камэр па ўсёй краіне, прадпрыемства падпісала зь дзяржавай кантракт на 20 гадоў, а многія прадпрымальнікі мусяць плаціць за абслугоўваньне тэхнікі, усталяванай у іх.

Акрамя таго, у расьсьледаваньні расказалі, якім чынам Synesis спрабуе пазьбегнуць санкцый: створана некалькі кампаній пад іншымі назвамі, а ўладальнікам замест грамадзяніна Расеі, які, паводле ByPol, у 2018 годзе «купіў беларускае грамадзянства», стаў былы сілавік з ГУБАЗіК.

Пры гэтым аўтары расьсьледаваньня асобна адзначаюць, што Synesis удзельнічаў у стварэньні мэсэнджара Viber, якім актыўна карыстаюцца ў Беларусі і за мяжой. Пры гэтым офіс Viber Media знаходзіцца па тым жа самым адрасе, на якім зарэгістраваны сам Synesis. Паводле ByPol, Viber, а дакладней інфармацыя, якая па ім перадавалася, легла ў аснову не адной крымінальнай справы супраць беларусаў.

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.

BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG