Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літву прыбыў дадатковы вайсковы кантынгент Нямеччыны


Склад і камандаваньне вайсковых груп NATO на ўсходнім флянгу альянсу
Склад і камандаваньне вайсковых груп NATO на ўсходнім флянгу альянсу

130 нямецкіх вайскоўцаў прыбылі ў Літву ва ўмовах пагаршэньня сытуацыі вакол Украіны.

Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».

У Літву ў чацьвер прыбылі 130 нямецкіх вайскоўцаў і 60 транспартных сродкаў, што склала амаль палову ад заплянаванага падмацаваньня літоўскай баявой групы NATO пад камандаваньнем Нямеччыны. Падмацаваньне было выслана ў Літву на фоне асьцярог Захаду наконт магчымага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Прэзыдэнт Джо Байдэн заявіў у чацьвер, што цяпер ёсьць усе прыкметы таго, што Расея плянуе ўварвацца ва Ўкраіну, у тым ліку маюцца праявы таго, што Масква шляхам правакацыяў спрабуе стварыць падставы для магчымага ўварваньня — у выглядзе перастрэлкі паміж украінскімі вайскоўцамі і прамаскоўскімі сэпаратыстамі на Данбасе.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў, што падчас яго сустрэчы ў Брусэлі з канцлерам Нямеччыны Оляф Шольц запэўніў свайго літоўскага калегу ў тым, што нямецкія вайскоўцы будуць накіраваныя на абарону Літвы.

«Нямецкае войска знаходзіцца на нашай тэрыторыі, каб абараняць нас, і, калі Літве будзе пагражаць небясьпека, яны сапраўды гатовыя выканаць свой абавязак», — сказаў Наўседа.

Апэрацыя падмацаваньня групоўкі NATO ў Літве будзе працягвацца да канца тыдня. У краіну ўсяго накіруюць больш за 350 вайскоўцаў і 100 транспартных сродкаў, заявіў камандзір баявой групы ўзмоцненай вайсковай прысутнасьці падпалкоўнік Даніэль Андрэ.

«Мы даказалі, што здольныя ў самыя кароткія тэрміны ўвесьці войскі», — сказаў ён агенцтву Reuters.

Крызіс вакол Украіны заахвоціў NATO да ўмацаваньня сваёй прысутнасьці на ўсходнім флянгу альянсу, у тым ліку ў Літве, якая знаходзіцца недалёка ад Расеі і Ўкраіны.

Калёна артылерыйскіх і выведных падразьдзяленьняў выйшла ў аўторак з Егербрука на ўсходзе Нямеччыны і прайшла па сушы праз Польшчу. У наступныя два-тры дні ў краіну таксама прывязуць гаўбіцы на бронетранспартэрах.

«Вайсковая прысутнасьць саюзьнікаў у Літве зьяўляецца крытычна важным фактарам стрымліваньня», — заявіў у чацьвер намесьнік міністра абароны Літвы Маргірыс Абукявічус.

Нарвэгія таксама папоўніць баявую групу ў колькасьці 50-60 вайскоўцаў цягам наступных трох месяцаў, у выніку агульная колькасьць войскаў NATO ў Літве ўзрасьце да 1610 чалавек, заявіў міністар абароны Літвы Арвідас Анусаўскас. Вялікая Брытанія заявіла, што падвоіць колькасьць сваіх сіл у суседняй Эстоніі, дзе Лёндан узначальвае аналягічную баявую групу NATO.

NATO стварыла чатыры шматнацыянальныя баявыя групы: у Эстоніі, Літве, Латвіі і Польшчы ў 2017 годзе, пасьля таго як Расея анэксавала ўкраінскі Крым.

Баявыя групы з танкамі і больш як 5 тысячамі вайскоўцаў былі створаныя для таго, каб выйграць час, стрымліваючы магчымы напад у чаканьні прыбыцьця новых рэзэрваў.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG