Свабода пералічвае самыя вядомыя крымінальныя справы, паводле якіх за апошнія гады ўжо асудзілі сотні мірных грамадзян краіны.
Удзел у масавых беспарадках (частка 2 арт. 293 КК)
Самыя рэзанансныя справы, якія разглядаліся ў рамках гэтага крымінальнага артыкула:
«Пінская справа»
У «пінскай справе» за акцыю пратэсту з 9 на 10 жніўня мінулага году на тэрміны ад 3 да 6,5 года зьняволеньня з выплатай звыш 200 тысяч рублёў кампэнсацыі сілавікам і чыноўнікам у салідарным парадку асудзілі 3 групы абвінавачаных (26 чалавек).
Яшчэ над адным фігурантам, 23-гадовым Алегам Ардзюковым, суд працягваецца.
Палітвязьняў абвінавацілі, сярод іншага, ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі, у закліках дэмантаваць тратуарную плітку і «біць сілавікоў», пагромах, пашкоджаньні і зьнішчэньні маёмасьці, кіданьні камянёў, фрагмэнтаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек, ударах па сілавіках рукамі і нагамі.
Судзьдзі, якія вынесьлі прысуды: Сьвятаслаў Каліна, Андрэй Грушко, Вера Філонік, Яўген Брэган.
Справа аб «масавых беспарадках» у Берасьці
У межах справы «аб масавых беспарадках» у Берасьці 10 жніўня 2020 году на гэты момант асудзілі ўжо 5 групаў абвінавачаных (65 асобаў) на тэрміны ад 3 да 5,5 года калёніі. На момант абвяшчэньня пакараньня на лаве падсудных былі і непаўналетнія. Цяпер яны адбываюць тэрміны ў выхаваўчай калёніі.
Палітвязьняў, асуджаных у рамках гэтай справы, абвінавацілі ў тым, што 10 жніўня 2020 году падчас масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — яны нібыта «груба парушылі грамадзкі парадак», «рабілі пагромы» і «чынілі гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў», «наўмысна пашкодзілі транспартныя сродкі ды іншую маёмасьць». У выніку, паводле вэрсіі сьледзтва, пацярпелі больш за 20 сілавікоў. Агульную суму нанесенай шкоды дзяржаўныя органы ацанілі ў 24 тысячы рублёў.
Судзьдзі: Аляксандар Семянчук, Вера Філонік, Андрэй Грушко, Сьвятаслаў Каліна, Дзьмітры Шурын, Іна Клышпач.
Таксама на гэты момант 13 чалавек з розных гарадоў Беларусі (адзін з абвінавачаных — Дзяніс Кірашчанка, асуджаны на 1,5 года калёніі, ужо адбыў свой тэрмін) пакаралі паводле часткі 1 артыкула 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) і 19 чалавек — паводле часткі 3 (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаваньне гэтай дзейнасьці).
Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК)
Усяго асуджана 450 чалавек.
Самыя рэзанансныя справы, якія разглядаліся ў рамках гэтага крымінальнага артыкула:
«Карагодная справа»
«Карагодная справа» ў Берасьці стала адной з самых масавых палітычных спраў сучаснай Беларусі. У ёй праходзяць больш за сто фігурантаў. Ужо асудзілі 114 чалавек у 11 групах. Многія ў гэтай справе атрымліваюць «хімію» або «хатнюю хімію», аднак ёсьць і асуджаныя на калёнію.
Падзеі, за якія завялі справу, адбыліся 13 верасьня 2020 году ў Берасьці. Людзі на скрыжаваньні вуліц вадзілі вялікі карагод пад музыку, сьпявалі, танцавалі. Удзельнікі, гаворачы пра тыя падзеі, успамінаюць «атмасфэру сьвята». Сілавікі разагналі іх вадамётам.
Паводле дзяржабвінавачаньня, дзеяньні падсудных нібыта, сярод іншага, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацый і прадпрыемстваў.
З прычыны прастою тралейбуснаму парку нібыта нанесеная шкода ў суме 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня.
Судзьдзі, якія каралі фігурантаў «карагоднай справы»:
Сьвятаслаў Каліна, Дзьмітры Шурын, Іна Клышпач, Сяргей Маручак, Яўген Брэган, Дзьмітры Куроўскі, Вера Філонік, Марыя Аліфярук, Кацярына Рамашка.
Гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу)
Агулам асуджана — 178 чалавек.
«Справа аб счэпцы» ў Горадні
6 верасьня 2020 году гарадзенцы невялікімі групамі зьбіраліся ў некалькіх пунктах гораду. Іх затрымлівалі на месцы сілавікі. Адно з найбольш жорсткіх сутыкненьняў адбылося ў раёне вуліцы Гарнавых каля заводу «Малочный мир». Тады АМАП пад’ехаў да калёны людзей, якія сталі ў счэпку. Па сьведчаньнях удзельнікаў таго маршу, людзей затрымлівалі жорстка.
Празь некаторы час сотні пратэстоўцаў здолелі сабрацца разам на Савецкай плошчы. Іх акружылі па пэрымэтры сілавікі. Тады людзі рушылі вялікім маршам у бок унівэрсаму «Брэст». На шляху да іх далучаліся іншыя ўдзельнікі. Урэшце калёна налічвала некалькі тысяч чалавек. Каля ўнівэрсаму «Брэст» пратэстоўцаў сустрэла сьцяна «касманаўтаў». Адбылася яшчэ адна вялікая сутычка. У калёне наперад сталі жанчыны, шэрагі ўтварылі счэпкі. Людзей жорстка выцягвалі з натоўпу, валаклі па зямлі, білі дручкамі, ужывалі газ.
Паводле відавочцаў, была і яшчэ адна невялікая счэпка пратэстоўцаў — на вуліцы Астроўскага.
За акцыю пратэсту 6 верасьня 2020 году ў Горадні ўжо асудзілі ня менш за 16 чалавек па арт. 364 КК і/або арт. 342 КК. Hrodna.life са спасылкай на праваабаронцаў паведамляе, што праз год у горадзе затрымалі дзясяткі чалавек, якіх чакае суд па арт. 364 КК і/або арт. 342 КК. Пакараць за гэтую акцыю, паводле інфармацыі парталу, могуць да 400 чалавек.
У крымінальных справах гарадзенцаў аб падзеях таго дня, што разглядаліся ў судзе (абвінавачваныя былі на лаве падсудных як групамі, так і па адным), у асноўным фігуруе эпізод са счэпкай на вуліцы Гарнавых, а таксама з 11 амапаўцамі, што пацярпелі ад дзеяньняў грамадзян.
Іншыя найбольш вядомыя артыкулы, паводле якіх судзілі беларусаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году:
- арт. 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады) — асуджана 367 чалавек;
- арт. 370 Крымінальнага кодэксу (Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў) — 70 чалавек;
- арт. 368 Крымінальнага кодэксу (Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь )— асуджана 126 чалавек;
- арт. 130 Крымінальнага кодэксу (Распальваньне варожасьці) — асуджаны 42 чалавекі:
- арт. 363 Крымінальнага кодэксу (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак) — 40 чалавек;
- арт. 188 Крымінальнага кодэксу (Паклёп)— асуджаны 34 чалавекі;
- арт. 218 Крымінальнага кодэксу (Наўмысныя зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці, зьдзейсьненыя агульнанебясьпечным спосабам альбо якія пацягнулі за сабой прычыненьне шкоды ў буйным памеры) — асуджана 25 чалавек;
- арт. 391 Крымінальнага кодэксу (Абраза судзьдзі) — асуджана 25 чалавек;
- арт. 295 Крымінальнага кодэксу (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) — асуджана 25 чалавек, зь якіх 20 прызнаналі палітвязьнямі (адзін зь іх — анархіст Іван Камар, абвінавачаны і па двух іншых артыкулах КК, ужо адбыў пакараньне);
- арт. 366 Крымінальнага кодэксу (Гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак) — асуджана 15 чалавек;
- арт. 367 Крымінальнага кодэксу (Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь)— асуджана 15 чалавек.