Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«У дзяржавы цынічны падыход — з гледзішча эканомікі». Як у Беларусі зрабіць прышчэпку ад энцэфаліту, які пераносяць кляшчы

«У дзяржавы цынічны падыход — з гледзішча эканомікі». Як у Беларусі зрабіць прышчэпку ад энцэфаліту, які пераносяць кляшчы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Штогод у Беларусі больш за дзьве сотні чалавек заражаюцца клешчавым энцэфалітам. Гэта пагражае наступствамі для здароўя, а часам і сьмерцю. Але ў Беларусі можна прышчапіцца ад энцефаліту і нават эўрапейскаю вакцынаю. Расказваем, як гэта зрабіць і колькі давядзецца заплаціць.

Сэзон актыўнасьці кляшчоў у Беларусі пачынаецца ўжо ў лютым, пры пацяпленьні, і працягваецца да лістапада. Укусы гэтых казурак могуць быць небясьпечныя, бо яны пераносяць шэраг захворваньняў. Сярод найбольш распаўсюджаных — лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт. Апошні найбольш небясьпечны, бо ў 1-2% выпадкаў гэтае захворваньне можа скончыцца сьмерцю.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі штогод на клешчавы энцэфаліт захворваюць больш за 200 чалавек.

Найчасьцей гэта адбываецца ў Берасьцейскай і Горадзенскай вобласьцях — 62% усіх выпадкаў. Падрабязнай статыстыкі аб гэтым і іншых захворваньнях беларускія афіцыйныя крыніцы цяпер не публікуюць. Аднак у суседняй Літве, блізкай да Беларусі кліматам, дзе статыстыка публікуецца, такіх выпадкаў значна больш — 377 за 2022 год, 597 за 2023 год. Гэта адзін з найвышэйшых паказьнікаў у Эўропе.

Ад клешчавога энцэфаліту можна зрабіць прышчэпку, якая дае эфэктыўнасьць да 98%.

Як зрабіць прышчэпку

Онлайн-сэрвіс для пошуку мэдычных паслуг 103.by дае некалькі варыянтаў, каб зрабіць прышчэпку ў Менску. Цана адной дозы ад 28 да 120 рублёў у залежнасьці ад вытворцы. Ёсьць вакцыны як расейскай вытворчасьці, так і эўрапейскія — ад Pfizer.

Аднак зрабіць вакцыну ў кожнай паліклініцы ня так проста. Адзін з чытачоў Свабоды зьвярнуўся ў першую ж паліклініку, якая прапаноўвала такія платныя паслугі. На ўмовах ананімнасьці чалавек расказаў, што ў рэгістратуры яму адмовілі ў такой паслузе, бо яна робіцца па адрасе рэгістрацыі, то бок у сваёй раённай паліклініцы. Выглядае працэдура наступным чынам: чалавек зьвяртаецца да свайго тэрапэўта, лекар замаўляе вакцыну, бо ў самой паліклініцы яе няма, і празь нейкі час можна зрабіць прышчэпку.

«Паліклінікі не трымаюць у сябе гэтых платных вакцынаў, іх трэба замаўляць, таму зьвяртайцеся ў сваю, дзе вы прапісаныя», — параілі ў рэгістратуры.

Зрабіць прышчэпку таксама прапануюць платныя мэдычныя цэнтры як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасьці. У адным з такіх цэнтраў нават гатовыя зрабіць прышчэпку назаўтра пасьля звароту. Цана вакцыны вытворчасьці Pfizer большая за 100 рублёў.

У Беларусі ёсьць катэгорыі людзей, каму прышчэпку ад энцэфаліту робяць бясплатна. Да гэтага году сярод іх былі супрацоўнікі, прафэсія якіх зьвязаная з працай у лесе на энзаатычных тэрыторыях — месцах, дзе найбольш распаўсюджаныя выпадкі заражэньня. У пералік, напрыклад, уваходзілі Белавеская пушча і Бярэзінскі біясфэрны заказьнік.

Сёлета са студзеня ў пералік такіх людзей дадалі таксама супрацоўнікаў і студэнтаў, чыя дзейнасьць зьвязаная з працай у лесе і якія выяжджаюць на небясьпечныя тэрыторыі ці краіны.

Дадалі ў пералік таксама вайскоўцаў і сілавікоў, служба якіх праходзіць на лясістых тэрыторыях.

Звычайна прышчэпку ад энцэфаліту робяць у тры этапы: першая доза, другая доза праз 1–3 месяцы і трэцяя праз 5–12 месцаў. Існуе і паскораны курс: першая доза, другая доза — праз два тыдні і трэцяя праз 5–12 месяцаў. Увесь курс абыйдзецца ў суму каля 360 рублёў.

Летась у ліпені міністэрства аховы здароўя Беларусі адказала на пэтыцыю, дзе людзі прасілі зрабіць прышчэпку ад энцэфаліту бясплатнай для ўсіх. Чыноўнікі адказалі, што неабходнасьці ў гэтым няма, бо згодна з рэкамэндацыяй Усясьветнай арганізацыі здароўя гэтага ня трэба, калі рэгіструецца менш за 5 выпадкаў захворваньня на 100 000 чалавек цягам 5 гадоў.

«У дзяржавы заўсёды цынічна-эканамічны падыход»

Калі чалавек любіць бавіць час у лесе, то вакцынацыю рабіць варта, мяркуе лекар-пэдыятар Мая Церакулава. На яе думку, беларуская дзяржава ацэньвае гэтую праблему з эканамічнага гледзішча: ці апраўдана агульная бясплатная вакцынацыя стратамі.

Мая Церакулава
Мая Церакулава

«З гледзішча эканамічнай апраўданасьці не такая вялікая колькасьць хварэе, каб траціць сур’ёзныя сумы на вакцынацыю ўсіх жыхароў, вакцына ня самая танная. Аднак калі ў сям’і захварэе дзіця і яно адзінае — 100 рублёў дастатковая цана, каб абараніць дзіця ад гэтай рызыкі. Так, УААЗ [Усясьветная арганізацыя аховы здароўя — РС] рэкамэндуе вакцынацыю пры колькасьці заражэньняў 5 чалавек на 100 000 на год, а ў Беларусі ў цэлым менш. Аднак у дзьвюх вобласьцях больш. У дзяржавы тут заўжды будзе цынічны падыход — з гледзішча эканомікі», — разважае лекарка.

Мая Церакулава зьвяртае ўвагу, што гэтая вакцына даступная ў Беларусі за плату. Паводле лекаркі, «можна карыстацца і эўрапейскім, і расейскім варыянтам».

У Беларусі, каб знайсьці інфармацыю аб вакцынацыі і спосабах яе зрабіць, трэба патраціць пэўны час. На сайтах паліклінік і прыватных цэнтраў даступнай інфармацыі ня бачна. Для параўнаньня, ў Літве, дзе афіцыйна ўзровень хворнасьці вышэйшы, аб прышчэпках пішуць на галоўнай старонцы сайтаў прыватных мэдычных цэнтраў, у паліклініках і аптэках ёсьць інфармацыйныя буклеты.

Апроч таго, з мінулага году ў Літве бясплатна робяць прышчэпкі ад энцэфаліту людзям узростам ад 50 да 55 гадоў.

«Відаць, гэта іншыя адносіны да рызыкі. Інфармаваць людзей варта, гэта можа быць пытаньнем адносінаў да кошту жыцьця», — кажа лекарка.

Ці ёсьць вакцына ад барэліёзу

Другое небясьпечнае захворваньне, якое пераносяць кляшчы, — барэліёз. Энцэфаліт — віруснае захворваньне, а барэліёз — бактэрыяльнае. Вакцыны ад яго няма. Аднак існуюць меры прафіляктыкі пасьля ўкусу.

«Ад барэліёзу можна вылекавацца антыбіётыкамі пры своечасовым выяўленьні захворваньня. Да таго ж існуе посткантактная прафіляктыка: калі клешч укусіў, можна прыняць разавую дозу доксыцыкліну. Несьці кляшча на аналіз у лябараторыю ня варта: калі гэта энцэфаліт, няма прафіляктыкі пасьля ўкусу. А калі гэта барэліёз, то лябараторная дыягностыка на кляшчах ня вельмі дакладная», — гаворыць Мая Церакулава.

Першыя сымптомы энцэфаліту — слабасьць і млявасьць, павышэньне тэмпэратуры, парушэньні сьвядомасьці. Першыя сымптомы барэліёзу — міграцыйная эрытэма: высыпка ў форме колца зь яркім цэнтрам.

Штогод у Беларусі фіксуецца больш за 2 тысячы выпадкаў заражэньня барэліёзам. Гэтае захворваньне можа быць небясьпечным на позьніх стадыях і пагражаць нэўралягічнымі парушэньнямі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG