Сужэнцы Андрэй і Кацярына Арыкі
- Менск
- «Справа аб цюках сенажу»
Кацярыну і Андрэя затрымалі ноччу 2 верасьня 2021 году разам зь яшчэ пяцьцю менчукамі на полі каля трасы М1. Яны расфарбоўвалі рулёны зь сенажом у колеры нацыянальнага сьцяга і малявалі тараканаў. Паводле міліцыі, на кампанію данёс відавочца. Іх вінавацяць у хуліганстве. Пагражае да 6 гадоў калёніі. Усе фігуранты справы знаходзяцца ў СІЗА жодзінскай турмы. Наколькі вядома, у сям’і Арыкаў ёсьць непаўналетнія дзеці.
Маці і дачка Алена і Вікторыя Лысковіч
- Берасьце
- «Карагодная справа»
- Прысуд на сям’ю — 3 гады «хіміі»
Алене 48 гадоў, Вікторыі — 24. Яны праходзяць у адной з самых буйных палітычных справаў у Беларусі — за карагод у Берасьці 13 верасьня 2020 году. У ёй больш за 100 фігурантаў. Сям’ю Лысковічаў ня бралі пад варту да суду. У ліпені абедзьве паехалі адбываць пакараньне: маці — у Горадню, дачка — у Віцебск.
Браты Сымон і Філіп Канцэвічы
- Берасьце
- «Масавыя беспарадкі»
Абодвух вінавацяць у «масавых беспарадках» у Берасьці летась у жніўні. Сымону 23 гады. Яго затрымалі першым, у канцы жніўня 2020-га. Асудзілі на 3,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму. Філіпа затрымалі летась у лістападзе. Суду над ім яшчэ не было.
Бацька і сын Ігар і Алег Букасы
- Бабруйск
- «Гвалт над міліцыянтам»
- Прысуд на сям’ю — 6 гадоў калёніі
Бацьку 54 гады, сыну — каля 30. Іх затрымалі летась 10 жніўня, калі яны не маглі праехаць у краму ў перакрытым горадзе. Яны ўбачылі, як жанчына прасіла супрацоўніка ДАІ адпусьціць кіроўцу. Букасы падышлі да іх. Неўзабаве бацьку і сына жорстка затрымалі, Ігар падчас затрыманьня выцяў па галаве даішніка. Бацьку далі 4 гады калёніі, сыну — 2 гады. Ігар адбывае пакараньне ў Ваўкавыску, Алег — на «Віцьбе».
Бацька і сын Віталь і Ягор Пракапчукі
- Берасьце
- «Масавыя беспарадкі»
- Прысуд на сям’ю — 8 гадоў калёніі
Бацьку 46 гадоў, сыну неўзабаве споўніцца 20. Пракапчукоў затрымалі летась 19 жніўня. Іх абвінавацілі ў масавых беспарадках 10 жніўня ў Берасьці. Паводле матэрыялаў справы, ад натоўпу берасьцейцаў пацярпелі больш за 20 міліцыянтаў. Яны сьведчылі, што ў іх кідалі камяні, палкі, бутэлькі, тратуарную плітку, але ніхто сур’ёзна не пацярпеў.
Пракапчукі атрымалі па 4 гады калёніі. Сына накіравалі ў калёнію паблізу дома, у Івацэвічы, бацьку — на «Віцьбу».
Браты Цімур і Тамаз Піпія
- Менск
- «Масавыя беспарадкі»
- Прысуд на сям’ю — 11 гадоў 3 месяцы калёніі
Хлопцы — футбольныя фанаты, антыфашысты, аднаму 27 гадоў, другому 31. Тамаз мае малое дзіця. Іх затрымалі летась у верасьні з розьніцай у адзін дзень. Абвінавацілі ў «масавых беспарадках» у Менску 10 жніўня і 23 верасьня, пасьля тайнай інаўгурацыі Лукашэнкі нібыта яны перакрывалі рух на дарозе. Цімура таксама прызналі вінаватым, быццам ён пашкодзіў машыну «ціхароў», і ва ўхіленьні ад адбываньня папярэдняга пакараньня.
Тамазу далі 5 гадоў калёніі, Цімуру — 6 гадоў, 3 месяцы і 2 дні. Тамаза накіравалі ў Жодзіна, Цімура — у Магілёў.
Сужэнцы Надзея і Ўладзімер Калачы і сужэнцы Пятро і Юлія Марчанкі
- Горадня, Менск
- «Справа дудароў»
Надзея і Ўладзімер — стваральнікі і лідэры фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath. Пятро і Юлія Марчанкі — музыкі і сябры Калачоў. Сужэнцаў разам з тузінам сяброў затрымалі са стралянінай на лецішчы пад Менскам на сьвяткаваньні дня нараджэньня Надзеі. Некаторых удзельнікаў імпрэзы аштрафавалі або асудзілі на арышт, шэсьць чалавек пакінулі пад вартай, сярод іх Калачы і Марчанкі.
Іх перасьледуюць за выступы падчас масавых шэсьцяў у Менску ў жніўні 2020 году. МУС паведаміла, што «група дудароў неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў», чым «залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян».
Сёстры Анастасія і Вікторыя Міронцавы
- Менск
- «Пратэсты 10 жніўня»
- Прысуд на сям’ю — 4,5 года калёніі
Стасі 25 гадоў, вучылася на апошнім курсе Акадэміі мастацтваў, але ня здолела здаць іспыты зь СІЗА, яе адлічылі. Віцы 26 гадоў, адвучылася ў каледжы мастацтваў, працавала афіцыянткай. Дзяўчат затрымалі летась у кастрычніку за пратэсты ў Менску 10 жніўня 2020 году. Таксама іх вінавацілі ў гвалце над міліцыянтам, бо Анастасія схапіла за локаць супрацоўніка, а той упаў.
Стасі далі 2 гады калёніі, Віцы — 2,5 года калёніі. Абедзьве адбываюць пакараньне ў жаночай калёніі ў Гомлі.
Браты Кім і Аляксей Самусенкі
- Менск
Кіму 32 гады, Аляксею 33. Абодва маюць сем’і і малых дзяцей. Кім — актывіст, сябар грамадзкага руху «Дзея», Аляксей — эканаміст. Абодва вучыліся ў беларускамоўнай гімназіі. Захапляліся паляваньнем, дома знаходзілася зарэгістраваная зброя. Хлопцы захапляліся гістарычнай рэканструкцыяй, дома мелі шаблі, мячы.
Братоў затрымалі летась у лістападзе з розьніцай у некалькі дзён. Іх вінавацяць у «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», Кіма таксама ў тым, што ўзламаў кампутарную сыстэму Менгарвыканкаму. Падчас ператрусу ў Кіма забралі грошы, падораныя яму на вясельле.
Абодва цяпер на «Валадарцы», суду яшчэ не было.
Браты Ўладзімер і Юры Седзянеўскія
- Горадня
- «Справа аб счэпцы»
- Прысуд на сям’ю — 6 гадоў «хіміі»
Уладзімеру 37 гадоў, Юрыю — 39. Працавалі інжынэрамі. У аднаго трое, у другога двое малых дзяцей. Мужчын абвінавацілі ў «справе аб счэпцы». Нібыта падчас маршу пратэсту 6 верасьня ў Горадні яны ўчынілі гвалт над 11 амапаўцамі, бо сталі ў счэпку і «выціскалі сваімі целамі» невядомых у чорным са свайго шляху. Абодва атрымалі па 3 гады «хіміі». Уладзя накіравалі ў Віцебск, Юрыя — у Гомель. Яны аднолькава далёка цяпер і ад сваіх сем’яў, і адзін ад аднаго.
Маці і сын Тацяна і Дзьмітры Канеўскія
- Гомель
- Прысуд на сям’ю — 9 гадоў калёніі
Тацяна — маці чатырох сыноў, актывістка руху «Маці-328», давераная асоба Ціханоўскай. Ёй 54 гады. Яе затрымалі за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў і абвінавацілі ў тым, што яна з паплечнікамі «плянавалі масавыя беспарадкі і захоп будынкаў», а таксама «стварылі тэлеграм-канал і Youtube-канал „Страна для жизни“». Тацяну асудзілі на 6 гадоў калёніі. Яна адбывае пакараньне ў родным Гомлі.
Некалькіх сыноў Тацяны спачатку затрымлівалі на адміністрацыйныя «суткі». Сярэдняга 26-гадовага сына Дзьмітрыя асудзілі на 3 гады калёніі за «распальваньне варожасьці» за выказваньне ў дачыненьні да сілавікоў. Ён пакуль застаецца ў гомельскім СІЗА.
Сужэнцы Алена і Сяргей Маўшукі
- Пінск
- «Масавыя беспарадкі»
- Прысуд на сям’ю — 12,5 года калёніі
У сям’і Маўшукоў трое дзяцей, ад 5 да 19 гадоў. Алену затрымалі пасьля 10 жніўня за «масавыя беспарадкі». Па словах сукамэрніцы, яе пасадзілі «голую, босую, пабітую». Сяргея ўзялі пад варту ў гэтай жа справе толькі пасьля прысуду. Алене далі 6 гадоў калёніі, Сяргею — 6,5 года калёніі. Калі жанчына пачула, што пракурор просіць для яе 6 гадоў калёніі, напісала ў сшытку «Я павешуся» і паказала надпіс у залю.
Сярэднюю дачку Алены спачатку забралі ў прытулак, бо Сяргей ёй ня родны бацька. Цяпер дзьвюх малодшых дачок Маўшукоў выхоўваюць сваякі.
Сужэнцы Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч
- Менск
- «Справа тэлеграм-каналу „Армия с народом“»
- Прысуд на сям’ю — 11 гадоў калёніі
Антаніна і Сяргей праходзілі ў справе тэлеграм-каналу «Армия с народом» як ягоныя адміністратары разам зь яшчэ трыма фігурантамі. Усіх вінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Сяргей у 2020 годзе выехаў за мяжу. Аднак, калі летась у верасьні затрымалі ягоную жонку, якая была даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай, вярнуўся ў Беларусь. Празь месяц пасадзілі і яго.
Кожны з сужэнцаў атрымаў па 5,5 года калёніі. Антаніна адбывае тэрмін у Гомлі, Сяргей — у Ваўкавыску. Паміж імі цяпер 500 кілямэтраў. З дваімі малымі дзецьмі Антаніны і Сяргея баба зь дзедам выехалі за мяжу.
Бацька і сын Віктар і Эдуард Бабарыкі
- Менск
Віктар Бабарыка 20 гадоў узначальваў «Белгазпрамбанк». Яму 57 гадоў. У 2020 годзе ён паспрабаваў стаць прэзыдэнтам Беларусі. Яго затрымалі амаль за два месяцы да дня выбараў. Адначасова забралі і ягонага сына Эдуарда, які займаўся краўдфандынгавымі плятформамі, а ў 2020 годзе стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы свайго бацькі.
Віктару Бабарыку далі 14 гадоў калёніі за нібыта «адмываньне» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і за хабар. Ён цяпер працуе ў пякарні калёніі ў Наваполацку. Яму забаранілі рабіць фізычныя практыкаваньні падчас перапынкаў на працы.
Эдуарда вінавацяць у нявыплаце падаткаў. Ён больш за год сядзіць у СІЗА КДБ у вельмі сырой камэры, дзе, зь ягоных словаў, адзеньне на ім пакрываецца цьвільлю. Мужчыну забаранілі займацца ёгай. Калі пачнецца суд над ім, невядома.
Маці і сын Юлія і Пятро Слуцкія
- Менск
- Справа «Прэс-клюбу»
- Вызвалілі
На волю нядаўна выйшлі супрацоўнікі «Прэс-клюбу», маці і сын Юлія і Пятро Слуцкія. Іх вінавацілі ў нявыплаце падаткаў. Фігурантаў «справы Прэс-клюбу» памілавалі, калі яны прызналі сваю віну і сплацілі кампэнсацыю ў двайным памеры за нібыта прынесеную шкоду. Справу закрылі.