Інфармацыю ад палітзьняволенай перадала Ініцыятыва дапамогі палітвязьням Dissident.by.
Паводле Алены Маўшук, у калёніі «да яе ўжываюць фізычны і псыхалягічны гвалт». Акрамя гэтага, яе пазбавілі ўсіх перадач, спатканьняў з блізкімі. Жанчына рэгулярна атрымлівае пакараньні, яе псыхалягічны стан прыгнечаны. Пасьля апошняга званка блізкія перажываюць за яе жыцьцё.
Алена Маўшук — маці 5 дзяцей (дзьве дачкі непаўналетнія, іх неаднаразова пагражалі забраць у прытулак). Разам з мужам Сяргем Маўшуком яна фігуруе ў так званай «пінскай справе» аб пасьлявыбарчых масавых беспарадках. Жанчыну затрымалі 10 жніўня 2020 году і моцна зьбілі.
У СІЗА Алена схуднела, перахварэла, у лістах скардзілася, што адымаюцца ногі. Родным яна пісала, што яе ставілі на ўлік як «схільную да нападу на прадстаўнікоў адміністрацыі, захопу закладнікаў і праяваў агрэсіі».
На судзе Алену абвінавачвалі, сярод іншага, у тым, што яна нібыта замахнулася палкай на амапаўца. 30 красавіка судзьдзя Яўген Брэган прызнаў Маўшукоў вінаватымі ў масавых беспарадках і пакараў пазбаўленьнем волі: Алену адправілі на 6 гадоў у калёнію агульнага рэжыму, Сяргею прызначылі 6,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Калі пракурор запрасіў для Алены 6 гадоў зьняволеньня, яна напісала ў сшытку словы: «Я павешуся» — і паказала ў залю.