Лінкі ўнівэрсальнага доступу

113 гадоў турмы на 12 чалавек. Як рэжым Лукашэнкі адпомсьціў блогерам


Свабода ўзгадала, колькі гадоў турмы прысудзілі папулярным блогерам. Калі на пачатку году блогерам давалі па 3-4 гады, то ў канцы — па 13-18. 

Чаму ўлады так баяцца блогераў, караючы іх шалёнымі тэрмінамі?

Паўлюк Быкоўскі, палітычны аглядальнік, мэдыяэкспэрт, выказаў меркаваньне, што менавіта блогеры парадзілі надзею на магчымасьць зьмен у Беларусі.

«Мяркую, што ўлады апасаліся блогераў у траўні 2020 году, асабліва відэаблогераў, бо шмат хто зь іх падтрымліваў Сяргея Ціханоўскага, і магло быць уражаньне, што яны ідуць кансалідаванай кампаніяй і фарматуюць выбары пад сябе. Таму іх тады і затрымалі.

Цяпер жа склаліся некалькі фактараў. Гэта і рэакцыя на перажыты страх, калі ўлада магла ўцячы з рук, і рэўнасьць да папулярнасьці, і махавік, які ўжо набраў абароты. Пры стэрылізацыі палітычнай прасторы Беларусі Аляксандр Лукашэнка дасягнуў посьпеху з выцісканьнем апазыцыі на бакавіну магістралі, але тым самым адкрыў шлях асобным харызматычным гульцам, а яны ў сваю чаргу карысталіся магчымасьцю камунікаваць з масавай аўдыторыяй без пасярэднікаў у выглядзе СМІ, і парадзілі надзею на магчымасьць зьмен у Беларусі. Вось за прабуджэньне такіх надзей ім і помсьцяць», — перакананы Паўлюк Быкоўскі.

Павал Сьпірын — 4,5 года

36-гадовага відэаблогера Паўла Сьпірына судзілі за два відэаблогі на YouTube. Гэта фільм «Грань» — пра наркагандаль у Беларусі, які занесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. А таксама блог «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм» — пра падзеі 9 жніўня і гвалт амапаўцаў над мірнымі дэманстрантамі.

Іншы фільм Паўла Сьпірына «Айчым», прысьвечаны Лукашэнку, сабраў каля 1,4 мільёна праглядаў.

Відэаблогеру выставілі абвінавачаньне паводле часткі 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасьці».

У апошнім слове на судзе Павал Сьпірын сказаў, што ягоныя відэа — «гэта проста жорсткая, але крытыка».

5 лютага ў Менскім гарадзкім судзе судзьдзя Дзіна Кучук прыгаварыла Паўла Сьпірына да 4,5 гадоў калёніі агульнага рэжыму.

Павал Сьпірын адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 2 Бабруйску.

Сяргей Пятрухін — 3 гады

У 2014 годзе берасьцеец Сяргей Пятрухін зьняў паўгадзінны ролік пра сваё змаганьне з ЖЭС № 4 у Берасьці, які стаў вельмі папулярным у горадзе. Ягоны канал «Народны рэпартэр» на YouTube мае больш за 12 мільёнаў праглядаў. Да блогера сталі зьвяртацца жыхары гораду, якія не маглі даць рады праблемам у афіцыйных установах.

Пятрухін разам з Аляксандрам Кабанавым далучыўся да кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці.

Пятрухіна ў 2018 годзе некалькі разоў арыштоўвалі, у 2019 годзе Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу — за паклёп на ўчастковага міліцыянта. Блогер віны не прызнаў і грамадзкай дзейнасьці не спыніў.

16 чэрвеня 2020 году Пятрухіна схапілі ў вёсцы Востраў пад Пухавічамі. Затрымліваць блогера прыехалі больш за 20 сілавікоў на 9 аўтамабілях.

Падчас судовага працэсу Сяргей Пятрухін парэзаў сабе вены, пратэстуючы супраць антысанітарыі ў камэры магілёўскага ізалятару. За гэта яго адправілі ў карцар.

14 красавіка судзьдзя Кастрычніцкага суду Магілёва Вольга Краўчанка прызнала Сяргея Пятрухіна вінаватым у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 КК), зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК) і ў абразе судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК). Сяргей Пятрухін асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі.

Адбывае пакараньне ў калёніі Віцьба-3 пад Віцебскам. Некалькі разоў трапляў у ШЫЗА.

Аляксандар Кабанаў — 3 гады

Вядомы актывіст і відэаблогер зь Берасьця Аляксандар Кабанаў да арышту быў прэсавым сакратаром выбарчага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.

У 2017 годзе Кабанаў арганізоўваў «Маршы недармаедаў» у Берасьці, змагаўся за адмену дэкрэту № 3. Далучыўся да праекту Сяргея Пятрухіна — ютуб-каналу «Народны рэпартэр». Абодва сталі ў першых шэрагах кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці, супраць белаазёрскага заводу «БІТ-сплаў», які перапрацоўвае старыя акумулятары.

Некаторыя выпускі і стрымы «Народнага рэпартэра» мелі даволі вялікую глядацкую аўдыторыю:

  • «З чым ідзе на выбары Аляксандар Лукашэнка?» — 162 тысячы праглядаў
  • «На чым трымаецца ўлада Лукашэнкі?» — 156 тысяч праглядаў
  • «Перарваны АМАПам выпуск навінаў» — 106 тысяч праглядаў

Аляксандра Кабанава затрымалі 15 чэрвеня 2020 году, трымалі ў Берасьцейскім і Менскім СІЗА, судзілі ў Магілёве.

14 красавіка Кастрычніцкі суд Магілёва прызнаў Аляксандра Кабанава вінаватым у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу) і зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК). Блогер атрымаў 3 гады калёніі.

Адбывае пакараньне ў калёніі № 1 Наваполацку. У кастрычніку палітвязьня пакаралі 6 месяцамі ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) за «сыстэматычныя парушэньні правілаў утрыманьня». Яму забаронена атрымліваць пасылкі, мець званкі і спатканьні з роднымі. Сам ён не выключае, што яго могуць перавесьці на турэмны рэжым.

Шэры Кот (Зьміцер Казлоў) — 5 гадоў

Зьміцер Казлоў родам з Барані. З 2017 году вёў сацыяльна-палітычны відэаблог пад псэўданімам Шэры Кот на YouTube. Расказваў, што спачатку займаўся толькі сацыяльнымі тэмамі, але «само жыцьцё ўцягнула ў палітыку».

У канцы 2019 году Шэры Кот актыўна асьвятляў акцыі ў абарону незалежнасьці, якія ладзіў у Менску Павал Севярынец. 26 сьнежня 2019 году Казлова асудзілі паводле артыкула 23.34 агулам на 120 дзён арышту.

10 чэрвеня 2020 году Казлова затрымалі ў Менску разам з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» Арцёмам Чарняком і Міхаілам Бандарэнкам. Асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту, але з Акрэсьціна відэаблогер на волю ня выйшаў. Зьміцер Казлоў стаў яшчэ адным фігурантам крымінальнае справы Сяргея Ціханоўскага.

25 мая 2021 году Магілёўскі абласны суд (судзьдзя Ірына Ланчава) пакараў Казлова 5 гадамі пазбаўлення волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (ч. 2 арт. 293 КК РБ), «падрыхтоўку да ўдзелу ў пратэстах у Беларусі». Яго судзілі разам з Паўлам Юхневічам, Паўлам Севярынцам, Яўгенам Афнагелем, Андрэем Войнічам і Ірынай Шчаснай.

Зьміцер Казлоў адбывае пакараньне ў калёніі № 2 у Бабруйску.

Сяргей Ціханоўскі — 18 гадоў

Гэта максымальнае пакараньне, якое атрымаў апанэнт Лукашэнкі за 27 гадоў.

Сяргею Ціханоўскаму 43 гады. Блогер, аўтар ютуб-каналу «Краіна для жыцьця», муж Сьвятланы Ціханоўскай.

Сяргей стаў блогерам, каб расказваць пра бюракратыю, — хацеў зрабіць з выкупленага «кулацкага дому» ў вёсцы Агародня аграсядзібу, але сутыкнуўся зь цяжкасьцямі. У канцы траўня 2020 году на канал Ціханоўскага былі падпісаныя больш за 150 тысяч чалавек, а самае папулярнае відэа мела 719 тысяч праглядаў.

Пра намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты Сяргей Ціханоўскі паведаміў на пачатку выбарчай кампаніі 2020 году. Яго затрымалі 29 траўня 2020 году на пікеце ў Горадні — пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера, патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея. Пазьней схапілі і шэраг паплечнікаў Ціханоўскага.

Сяргея адвезьлі ў Менск, у СІЗА № 1, выставілі абвінавачаньні паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — за арганізацыю масавых беспарадкаў, арганізацыю дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, перашкоду ажыцьцяўленьню выбарчых правоў і распальваньне варожасьці.

У СІЗА КДБ 10 кастрычніка 2020 году палітвязень спрачаўся з Лукашэнкам.

У канцы сьнежня 2020 году ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў ByPol апублікавала расьсьледаваньне, зь якога вынікала, што справу супраць Сяргея Ціханоўскага мог ініцыяваць сваімі загадамі былы міністар унутраных справаў Юры Караеў.

ByPol апублікаваў аўдыёзапіс з голасам, падобным да голасу Караева.

«Хай галосіць на ўвесь сьвет: „По пределу, по беспределу“. Такая пачвара самая небясьпечная. Ён больш небясьпечны за ўсіх гэтых Бабарыкаў. Ён разбуральнік дзяржавы. Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!», — гучала ў аўдыёзапісе.

Суд у справе Сяргея Ціханоўскага пачаўся 24 чэрвеня 2021 году, праходзіў у закрытым рэжыме амаль 5 месяцаў у будынку СІЗА-3 Гомля.

14 сьнежня судзьдзя Мікалай Доля вынес прысуд — 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Ігар Лосік — 15 гадоў

Адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году ў Баранавічах. На ягоны канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек у Тэлеграме і больш за 173 тысячы ў Twitter.

Спачатку на Ігара завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня. 11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку.

14 сьнежня судзьдзя Мікалай Доля ў закрытым паседжаньні прызначыў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму,

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка. Жонка прыяжджала да месца закрытага суду і дзяжурыла каля будынку, ня маючы шанцаў зайсьці і пабыць на працэсе.

Арцём Сакаў — 16 гадоў

Арцём Сакаў раней жыў у маленькім раённым цэнтры Карма на поўначы Гомельскай вобласьці. Выправіўся шукаць працу ў Гомель. Там уладкаваўся апэратарам да Сяргея Ціханоўскага. У тыя часы Ціханоўскі здымаў рэклямныя ролікі і час ад часу рабіў відэа аб праблемах прадпрымальнікаў.

Сакаў пэўны час здымаў ролікі для самога Ціханоўскага, а пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай пачаў працаваць у яе выбарчым штабе.

Арцём быў затрыманы 31 траўня ў кватэры ў Горадні, дзе хаваўся пасьля затрыманьня Сяргея Ціханоўскага. У дзень інцыдэнту з удзелам Ціханоўскага ў Горадні 29 траўня Сакаў працаваў у якасьці апэратара. Аднак у канфлікце на плошчы ў Горадні ён ня ўдзельнічаў — быў у той час у кавярні.

Сакава абвінавачвалі паводле чатырох артыкулаў КК: 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці) і 191 (пагрозы на адрас старшыні ЦВК).

Судзьдзя Мікалай Доля ў закрытым паседжаньні ў Гомельскай турме 14 сьнежня прысудзіў Арцёму Сакаву 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Дзьмітрый Папоў — 16 гадоў

Дзьмітрый Папоў — грамадзянін Расеі, мадэратар сацыяльных сетак «Страна для жизни». У Расеі кіраваў праектамі «Мужское государство» [прызнаны экстрэмісцкім і забаронены ў Расеі. — РС] і «Сканэр».

Яму 29 гадоў. Раней жыў у Санкт-Пецярбургу, працаваў бармэнам. Прыехаў у Беларусь у 2019 годзе. Жыў у Гомлі.

Мадэратар сацыяльных сетак «Страны для жизни» зьнік увечары 4 чэрвеня 2020 году. Незадоўга да зьнікненьня Папоў запісаў і апублікаваў відэа, у якім расказаў пра цікавасьць да сябе з боку сілавікоў.

Знайшоўся Папоў празь некалькі дзён у ІЧУ на Акрэсьціна, адкуль яго перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Пазьней высьветлілася, што Папова затрымалі 4 чэрвеня 2020 году ў лесе пад Мазыром — ён хаваўся ў фэрмэра Аляксандра Вянгуры. Яго вінавацяць паводле чатырох крымінальных артыкулаў — ад арганізацыі масавых беспарадкаў да перашкоды ажыцьцяўленьню выбарчых правоў і распальваньня нянавісьці.

Як расказвала ў красавіку 2021 году яго сястра, за ўвесь час, што Папоў быў за кратамі, прадстаўнікі расейскай амбасады да яго так і не прыехалі. У лісьце Дзьмітрый Папоў папрасіў Уладзіміра Пуціна пазбавіць яго грамадзянства Расеі, «гатовай ахвяраваць сваімі грамадзянамі».

Абвінавацілі Дзьмітрыя Папова, як і Ціханоўскага з Сакавым, адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — 130, 191, 293 і 342.

Судзьдзя Мікалай Доля ў закрытым паседжаньні ў Гомельскай турме 14 сьнежня прысудзіў грамадзяніну Расеі Дзьмітрыю Папову 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Уладзімер Цыгановіч — 15 гадоў

Уладзімер Цыгановіч вёў ютуб-канал MozgOn.

Спачатку ён рабіў відэа на вострыя сацыяльныя тэмы. 25 лютага 2020 году заклікаў усіх, каго непакоіць пастаяннае падвышэньне цэнаў на паліва, прыйсьці да будынку «Белнафтахіму» у Менску і задаць пытаньні кіраўніцтву канцэрну. Завочна быў асуджаны на 15 содняў арышту за заклікі ў інтэрнэце ўдзельнічаць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня для адбыцьця 15-дзённага арышту за тыя заклікі. Потым дадалі яшчэ 15 дзён. Яго так і ня выпусьцілі: 26 чэрвеня перавялі ў СІЗА, выставіўшы абвінавачаньні «ў справе Ціханоўскага) — паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

«Кібэрпартызаны» 1 лістапада апублікавалі «зьліў» размовы сілавікоў пра затрыманьне Цыгановіча.

14 сьнежня судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Уладзімеру Цыгановічу 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Эдуард Пальчыс — 13 гадоў

Эдуард Пальчыс — 31-гадовы грамадзкі актывіст, родам зь Ліды, палітычны блогер, аўтар тэлеграм-каналу Palchys, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім». У 2015 годзе Пальчыс ужо праходзіў у крымінальнай справе. Пад псэўданімам Джон Сыльвэр ён публікаваў на сваім сайце 1863х. com гістарычныя матэрыялы і артыкулы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў.

У канцы кастрычніка 2016 году Менскі гарадзкі суд прысудзіў яму 1 год і 9 месяцаў без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. З улікам часу, адбытага ў СІЗА, яму заставалася правесьці пад падпіскай месяц.

У 2020 годзе блогер, які ня кінуў сваёй дзейнасьці, зноў апынуўся за кратамі. Яго затрымалі летась 27 верасьня ў Менску. Спачатку арыштавалі на 15 дзён за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 24 траўня каля Камароўскага рынку, потым яшчэ на 15. І ўжо за кратамі завялі крымінальную справу паводле 342-га артыкулу — за арганізацыю альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Потым дадалі яшчэ тры крымінальныя артыкулы.

Улады ў красавіку 2021 году прызналі тэлеграм-канал Palchys «экстрэмісцкім».

У прэс-рэлізе Сьледчага камітэту ад 15 лістапада 2021 напісана:

«Асноўнай зброяй Пальчыса зьяўляліся створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках, якія захапілі большую частку аўдыторыі краіны, іх давер і выкарыстоўваліся для кіраваньня сьвядомасьцю натоўпу, укараненьня „патрэбнай“ інфармацыі, схіленьня да заплянаваных злачынных дзеяньняў».

17 сьнежня судзьдзя Менскага гарадзкога суду Пятро Арлоў вынес вырак блогеру Эдуарду Пальчысу — 13 гадоў калёніі. Суд быў закрытым. На пачатку працэсу палітвязень адмовіўся ўставаць, заявіў адвод судзьдзю Пятру Арлову і папрасіў самога сябе, Пальчыса, выдаліць з залі.

Жонка Пальчыса Вікторыя ўвосень 2020 году зьехала зь Беларусі і за мяжой нарадзіла дачку Эмілію, якой 16 сьнежня споўніўся 1 год. Бацька так і не пабачыў сваю дачку.

Вольга Такарчук — 1,5 года

Вольга Такарчук — блогерка, дызайнэрка, маці дваіх малых дзяцей (3 і 7 гадоў). Затрыманая 19 траўня 2021 году. Паводле Сьледчага камітэту, Такарчук прымала ўдзел у пратэставых маршах у Менску 30 жніўня, 20 верасьня і 1 лістапада 2020 году.

Блогерку абвінавацілі таксама ў тым, што яна 14 студзеня 2021 году апублікавала на Youtube відэа, якое «не адпавядае рэчаіснасьці» і «ганьбіць сацыяльнага пэдагога адной з гімназіяў у Берасьцейскай вобласьці».

Яшчэ перад затрыманьнем Вольга Такарчук запісала відэазварот на выпадак свайго арышту. У ім яна расказала, што не хацела хавацца ці зьяжджаць за мяжу, але ня здолела і маўчаць.

«Калі кожны з нас замоўкне, будзе тое, што было раней: кожны на кухні ціхенька ненавідзеў уладу, асуджаў яе, але сядзеў і нічога не рабіў. Жыць на каленях я не хачу», — заявіла блогерка.

СК абвінаваціў Вольгу Такарчук паводле трох артыкулаў:

  • «актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі);
  • «паклёп» (артыкул 188 КК);
  • «абраза судзьдзі» (ч. 1 арт. 391 КК).

20 сьнежня ў Заводзкім судзе Менску вынесьлі вырак 36-гадовай блогерцы. Судзьдзя Алена Капцэвіч пакарала Вольгу Такарчук тэрмінам 1,5 года ў калёніі агульнага рэжыму.

Vadimati (Вадзім Ермашук) — 3 гады калёніі

Вадзім Ермашук працаваў у Шчучыне на рынку «Карона» прадаўцом, рабіў рэкляму мясцоваму бізнэсу ў Інстаграме, наведваў судовыя працэсы ў палітычных справах і дапамагаў палітвязьням,

Блогера затрымалі 16 жніўня ў Шчучыне падчас здымак чарговага відэароліку. Асудзілі на 25 дзён, пасьля — яшчэ на 15. У кастрычніку прысудзілі яшчэ два разы па 20 содняў арышту — за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Калі быў у СІЗА, завялі крымінальную справу за зьнявагу прэзыдэнта і камэнтар на адрас дзяржаўнага сьцяга.

21 сьнежня Вадзіма Ермашука прызналі вінаватым па двух артыкулах КК: зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў і абраза Лукашэнкі. Судзьдзя Дзьмітры Цівунчык прысудзіў яму 3 гады калёніі.

«Мяне зьнішчаюць на волі, магчыма, мне будзе складана ў турме, але я буду трымацца дзеля вас!», — выгукнуў Ермашук, калі яго выводзілі з залі суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG