Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У спорце поўны заняпад». Лыжнік Сяргей Далідовіч — аб ад’езьдзе з Беларусі


Сяргей і Дар'я Далідовіч
Сяргей і Дар'я Далідовіч

11 студзеня дзьве беларускія лыжніцы Дарʼя Далідовіч і Сьвятлана Андрыюк заявілі, што іх адхілілі ад удзелу ў кваліфікацыйных спаборніцтвах і нацыянальных зборах, якія маглі б ім дазволіць узяць удзел у міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку Алімпіядзе ў Пэкіне ў лютым гэтага года.

  • Сьвятлана Андрыюк заявіла, што спартовыя чыноўнікі абвінавацілі яе ў тым, што яна — прыхільніца апазыцыі. Прычынай адхіленьня 17-гадовай Дарʼі Далідовіч стала грамадзянская пазыцыя яе бацькі і трэнэра Сяргея Далідовіча.
  • Сяргей — вядомы беларускі спартовец, пераможца этапу Кубка сьвету, адзіны лыжнік у гісторыі, які браў удзел у сямі Алімпійскіх гульнях (з 1994 па 2018 гады), а таксама ў дванаццаці чэмпіянатах сьвету запар. Далідовіч удзельнічаў у пратэстах супраць дзейнага рэжыму, неаднаразова выказваўся супраць гвалту, падпісаў ліст за сумленныя выбары, абараняў нацыянальную сымболіку, падтрымліваў палітычных зьняволеных. З таго часу ў яго ўзьніклі сталыя праблемы з доступам да спаборніцтваў.
  • Падчас сваіх першых Алімпійскіх гульняў у 1994 годзе спартовец выступаў пад бел-чырвона-белым сьцягам і пазьней, калі Генпракуратура Беларусі заявіла, што рыхтуе пакет дакумэнтаў, каб абвясьціць сьцяг экстрэмісцкім, зрабіў заяву: «Калі прызнаюць бел-чырвона-белы сьцяг экстрэмісцкім (нічому не зьдзіўлюся) ці значыць гэта, што я — фашыст, раз выступаў у Лілехамэры ў 1994 годзе пад гэтым сьцягам? І што рабіць з архіўнымі фота з той Алімпіяды? Рваць і спальваць, каб не расстралялі?»

Сяргей Далідовіч звольніўся з нацыянальнага трэнэрскага цэнтру. Зь Сяргеем пагутарыла Еўдакія Епіфанцава з расейскай службы Радыё Свабода напярэдадні яго адʼезду зь Беларусі адразу пасьля таго, як стала вядома, што яго дачкі Дарʼі анулявалі індывідуальны ідэнтыфікацыйны код у Міжнароднай фэдэрацыі лыжнага спорту FIS.

— Вашу дачку адхілілі ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах і нацыянальных зборах. Вы чакалі такога кроку ад спартовых службоўцаў? Былі ж прэцэдэнты з бягухай Крысьцінай Ціманаўскай і з вершніцай Вольгай Сафронавай. Напэўна, гэта вас не зьдзівіла.

— Якраз зьдзівіла. Мы былі проста ашаломлены. Калі б проста з цэнтру падрыхтоўкі ў Раўбічах адлічылі, гэта было б чакана, бо гэта дзяржаўная арганізацыя. Але фэдэрацыя лыжнага спорту — грамадзкая арганізацыя. Я ня думаў, што да такога дойдзе. Яны, у прынцыпе, ня мелі права адхіляць з надуманай прычыны. У нас да гэтага часу няма на руках дакумэнта, дзе б гаварылася, чаму яе адхілілі.

— Дакумэнта няма, а што сказалі вам?

— Прадʼявілі праз два з паловай месяцы пасьля той падзеі, калі яе абвінавацілі ў неспартовых паводзінах. Без разьбіральніцтваў. Праз гэта на цэлы год адмоўлена ва ўдзеле ў якіх бы там ні было спаборніцтвах і зборах.

— І што гэта за неспартовыя паводзіны?

На менскім маратоне Дар'я Далідовіч, Сяргей Далідовіч і Вольга Хіжынкова. Архіўнае фота.
На менскім маратоне Дар'я Далідовіч, Сяргей Далідовіч і Вольга Хіжынкова. Архіўнае фота.

— Што яна не прыняла прызы, якія ў яе забралі. Яны былі сапраўды заробленыя. На спаборніцтвах «Менскі Кубак па лыжаролерах» Дарʼя выйграла ўсе шэсьць гонак. Было тры этапы па дзьве гонкі. Падводзіў вынікі і ўзнагароджваў кіраўнік Беларускай фэдэрацыі лыжных гонак Аляксандр Дараховіч. Прызы былі за трэцяе месца, яе ўзнагароджвалі двойчы не за першае месца, а за трэцяе. Прычым з перапынкам 15 хвілін. Нібыта не хапіла для яе прызоў. Двойчы. А яна выйграла ўвогуле шэсьць гонак з шасьці, і на ўзнагароджаньні толькі ёй не хапіла. Другому месцу хапіла, а першаму месцу двойчы не хапіла.

Я лічу, гэта была паказальная лупцоўка. Яны паказалі, што могуць рабіць усё, што заўгодна, і нават так прыніжаць спартоўку. І ім за гэта нічога не будзе. Дарʼя падышла пасьля ўзнагароджаньня і працягнула гэтыя прызы назад чалавеку, які ёй іх уручаў. Той жа чалавек (Дараховіч), які пасьля падпісаў паперы аб яе адхіленьні. Ён прызы не ўзяў, тады яна паставіла яму іх у ногі і зьехала. Я — сьведка. Ніхто не ладзіў ніякіх скандалаў. Вярнула яна хораша і правільна. Чаму неспартовыя паводзіны?

— А калі летась не пускалі вас і вашу групу на спаборніцтвы з фармулёўкай «нядобранадзейныя»? Ёсьць нейкі наўпрост прапісаны крытэр «нядобранадзейных»?

— У мінулым годзе проста было вуснае ўказаньне не выпускаць людзей за мяжу на спаборніцтвы. Я двойчы браў адпачынак за свой рахунак і вазіў сваю каманду на замежныя гонкі. Я зрабіў так, бо лічыў, што ўжо магу нечым ахвяраваць. Я выяжджаў за свае грошы.

— А фонд спартыўнай салідарнасьці дапамагаў вам зараз, калі вы вырашыліся пакінуць краіну?

— Вядома. Усе званкі, паперы, запыты, арганізацыйныя моманты, збор сродкаў. Ня ведаю, як бы я зрабіў усё адзін без іх. Усё дзякуючы іх падтрымцы. Наш НАК сказаў, што няма прычын не давяраць заяве аб неспартовых паводзінах. Але яны не правялі ніякіх разьбіральніцтваў, нават не выслухалі Дарʼю. Фонд спартовай салідарнасьці адыграў вельмі вялікую ролю ў асьвятленьні гэтага працэсу.

— Святлана Андрыюк заявіла, што яе даслоўна абвінавацілі ў тым, што яна зьяўляецца прыхільніцай апазыцыі...

— Ну... гэта было сказана ў шчыльным коле. Потым іншыя вэрсіі зьявіліся. Ніхто ж афіцыйна ня скажа. Потым усё на хаду прыдумляецца.

— Вы разглядаеце варыянт аб зьмене спартовага грамадзянства для дачкі?

— У выпадку з Дарʼяй відавочна, што яна не будзе чакаць год, пакуль чыноўнікі зробяць ласку ёй падпісаць дакумэнты. Ці я, ці яна павінны пайсьці і папрасіць прабачэньня. Я не лічу магчымым прасіцца назад. У яе ўсё наперадзе, яна толькі тры няпоўныя гады займаецца лыжамі. Ёй у сьнежні споўнілася 17. У яе выпадку я менш за ўсё хвалююся за яе спартыўную будучыню.

— Зь Беларусі зьехала мноства таленавітых людзей з самых розных сфэр. Першымі — айцішнікі, потым мэдыкі. Як ідуць справы са спартсмэнамі? Вы адчуваеце адток людзей?

— У нас у лыжным спорце і бегаць няма каму па вялікім рахунку. Няма разьвіцьця, як і ва ўсім. Поўны заняпад. Каб вы разумелі, у нас ад Менску заяўляюць паралімпійцаў, каб яны прабеглі на чэмпіянаце краіны. Не могуць нават квоты закрыць. Пра што гэта гаворыць? Што проста няма лыжнікаў. Цяпер на чэмпіянаце бегла ўсяго пяць юніёраў. Усяго 12 чалавек выйшла на старт. Калі браць людзей, якія выступалі па ліцэнзіях на мінулых Алімпіядах, іх усё менш. На гэтай Алімпіядзе дай Бог, каб чатыры набраліся.

— Спартоўцы, зь якімі размаўляла Amnesty International, лічаць, што іх паказальна пакаралі, паколькі спорт асабіста важны для прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, захопленага хакеіста-аматара, які да сьнежня 2020 года ўзначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. Вы можаце з гэтым пагадзіцца?

— Паказальныя затрыманьні былі — Леўчанка (беларуская баскетбалістка), Краўчанка (беларускі лёгкаатлет, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2008)... Ды многіх хлопцаў, якія не пабаяліся выказаць сваё меркаваньне, — затрымлівалі. У мяне ў блізкім коле няма прыкладаў, калі б проста аказваўся фізычны ціск і катаваньні ў засьценках. Але публічнае прыніжэньне і адлучэньне ад спорту з надуманай нагоды — гэта хіба ня ціск?

Я лічу, што гэта чыстай вады палітычны ціск на мяне праз дачку. Я не думаю, што былому старшыні НАК канкрэтна ёсьць справа да мяне ці маёй дачкі, гэта на сумленьні спартовых службоўцаў, у якіх у руках гэтыя рычагі. Я ня ведаю іх матываў: выслужыцца ці паказаць, якія яны строгія? Любы чалавек, які ў складзе фэдэрацыі, павінен мець права выйсьці на старт — вось што я ведаю. Нас дыскваліфікаваў не адзін старшыня фэдэрацыі, а была трэнэрская рада, на якой людзі прагаласавалі. Хлопцы, якія былі ў камісіі, нясуць адказнасьць за падлік галасоў.

— Вы звольніліся з трэнэрскага цэнтра пасьля пратэстаў?

— Мяне ніхто не прыціскаў, я працаваў у камісіі НАК. Потым скончыліся мае паўнамоцтвы ў камісіі на чатыры гады. Я вырашыў, што працягваць ня буду, мне двойчы не падпісвалі выезды нават у Расейскую фэдэрацыю. Ня думаю, што ў трэці раз падпішуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG