Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту пачала правяраць адхіленьне ад спаборніцтва беларускіх спартовак


Міністар спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, які ініцыяваў перасьлед прыхільнікаў перамен сярод спартоўцаў. Архіўнае фота
Міністар спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, які ініцыяваў перасьлед прыхільнікаў перамен сярод спартоўцаў. Архіўнае фота

Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту (FIS) пачала праверку прычынаў адхіленьня ад спаборніцтваў беларускіх лыжніц Сьвятланы Андрыюк і Дар’і Далідовіч.

Спартоўкі Сьвятлана Андрыюк і Дар’я Далідовіч расказалі, што ў мінулым месяцы Беларускі лыжны саюз дэактываваў іх індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары, неабходныя для ўдзелу ў спаборніцтвах, піша Reuters.

З словаў лыжніц, гэта зроблена на ўказаньне кіраўніка Беларускай фэдэрацыі лыжных гонак Аляксандра Дараховіча, які даў загад забараніць удзел дзяўчат у міжнародных спаборніцтвах і беларускіх зборах. Просьбу журналістаў пракамэнтаваць свае рашэньні Дараховіч праігнараваў.

Сьвятлана Андрыюк заўважае, што гэтае рашэньне вымусіла яе прапусьціць кваліфікацыйныя спаборніцтвы, дзякуючы якім яна магла трапіць на Алімпійскія гульні ў Пэкіне, што адбудуцца сёлета.

«Яны даслоўна абвінавацілі мяне ў тым, што я прыхільніца апазыцыі», — сказала Андрыюк.

Цяпер спартоўка вымушана пакінуць Беларусь.

Аб праблемах з ідэнтыфікацыйнымі нумарамі яшчэ ў сьнежні расказваў Сяргей Далідовіч, 6-разовы ўдзельнік Алімпійскіх гульняў і бацька Дар’і Далідовіч, які таксама займаўся рыхтаваньнем дачкі.

Паводле ягонай інфармацыі, трэнэрская рада аднагалосна прагаласавала за адхіленьне Дар’і ад спаборніцтваў на год. У выніку юная лыжніца прапусьціць некалькі прадстаўнічых спаборніцтваў. Сяргей Далідовіч назваў гэта помстай за ягоную грамадзянскую пазыцыю.

Раней паведамлялі пра зварот Беларускага фонду спартовай салідарнасьці ў Міжнародную фэдэрацыю лыжнага спорту з прычыны адхіленьня беларускіх спартовак.

Як паведаміў Telegram-канал Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, фонд заклікае FIS перагледзець справу аб дыскрымінацыі Дар’і Далідовіч і Сьвятланы Андрыюк і аднавіць іх права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Паводле фонду, Андрыюк і Далідовіч двойчы зьвярталіся ў Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, але не атрымалі адказу.

У сваёй заяве Беларускі фонд спартовай салідарнасьці нагадаў, што Фэдэрацыя лыжных гонак Беларусі і раней дыскрымінавала спартоўцаў, пазбаўляючы іх права рыхтавацца і ўдзельнічаць у спаборніцтвах у пэрыяд падачы заявак нацыянальнай фэдэрацыяй. Цяпер жа ціск на беларускіх лыжнікаў працягнуўся, ён дыскрымінацыйны і «павінен быць спынены FIS, галоўным рэгулятарам лыжнага спорту», гаворыцца ў заяве.

  • Раней міністар спорту Беларусі Сяргей Кавальчук адкрыта заявіў, што і ў 2022 годзе ўлады працягнуць курс на ачышчэньне спартовых фэдэрацыяў ад прыхільнікаў апазыцыі. За 2020–2021 гады ад рэпрэсіяў пацярпеў шэраг спартоўцаў, фэдэрацыяў, рэдакцыяў спартовых выданьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG