Міжнародная праваабарончая арганізацыя (FIDH) падрыхтавала даклад «Пастаўкі інструмэнтаў рэпрэсій у Беларусь» аб незаконным выкарыстаньні зброі для разгонаў дэманстрацый у парушэньне правоў чалавека.
У апублікаваным дакумэнце, сярод іншага, аналізуецца менш сьмяротная зброя замежнай вытворчасьці і агнястрэльная зброя, якая выкарыстоўваецца сіламі бясьпекі Беларусі для задушэньня мірных пратэстаў; прыводзіцца агляд магчымых шляхоў іх паставак і прымяненьня, а таксама аналізуюцца шляхі прыцягненьня да адказнасьці дзяржаў і кампаній.
«Пасьля жорсткіх разгонаў пратэстаў у Беларусі [пачынаючы з жніўня 2020 году], журналісты і арганізацыі грамадзянскай супольнасьці задакумэнтавалі выкарыстаныя патронныя гільзы з гумавымі кулямі, сьвятлашумавыя і іншыя боепрыпасы, якія ўжываліся супраць пратэстоўцаў, вырабленыя ў асноўным у Расеі і краінах Эўразьвязу. Акрамя таго, супрацоўнікі атрадаў асаблівага прызначэньня былі ўзброеныя агнястрэльнай зброяй замежнай вытворчасьці, якая, магчыма, была дастаўленая ў Беларусь у парушэньне эмбарга ЭЗ на пастаўкі зброі ў Беларусь ад 2011 г. і іншых міжнародных абавязаньняў», — гаворыцца ў кантэксьце даклада FIDH.
«Праваабарончы цэнтар «Вясна» і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці зафіксавалі пранікальныя агнястрэльныя раненьні, пераломы касьцей, страту зроку і іншыя сур’ёзныя траўмы, — зазначае Павал Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», сябра FIDH у Беларусі. — Непрапарцыйнае прымяненьне сілы супраць мірных пратэстоўцаў зьяўляецца непрымальным абмежаваньнем права на мірныя сходы і права на свабоду выказваньня думак. Важна, каб рэжым Лукашэнкі не карыстаўся прамой ці ўскоснай падтрымкай гвалту з-за мяжы, няхай гэта будзе з боку дзяржаў або прыватных кампаній».
У дакладзе аналізуецца менш сьмяротная і агнястрэльная зброя, якая выкарыстоўваецца беларускімі сіламі бясьпекі для задушэньня мірных пратэстаў, а таксама яе закупкі і прымяненьне. У дакладзе падрабязна апісана дастасавальная прававая база для выкарыстаньня і перадачы зброі для задушэньня масавых беспарадкаў і агнястрэльнай зброі, вызначаны тыпы зброі, дадзены кароткі аналіз таго, ці парушае яе перадача дастасавальнае заканадаўства, і пазначаны магчымыя шляхі прыцягненьня да адказнасьці дзяржаў і карпарацый.
Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць
За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:
- Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
- Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
- Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
- Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.
Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.
- Мікіта Крыўцоў, 28 год, Жодзіна, знойдзены павешаным;
- Аляксандар Дзямідаў, 25 гадоў, Бараўляны, знойдзены мёртвым;
- Канстанцін Шышмакоў, 29 гадоў, Ваўкавыск, нібыта ўчыніў самагубства;
- Арцём Парукаў, 19 гадоў, Менск, зьбіты машынай.