Паліна Скурко, жонка кіраўніка аддзелу маркетынгу «Нашай нівы» Андрэя Скурко, у Facebook падзялілася ўрыўкамі зь сьнежаньскіх лістоў ад мужа.
Што напісаў палітзьняволены:
Ведаю, што многія добрыя людзі цяпер вымушаныя шукаць новую працу.
Мне здаецца, адна з каштоўнасьцяў, якую можна вынесьці з гэтай сытуацыі — мёртвае адмірае, а жывое трансфармуецца і працягвае жыць.
Хоць у кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта, канечне, выклікае нязручнасьці і часам пакуты.
Іх гісторыя нагадала выпадак зь Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім (выдатны беларускі гісторык, якога ў 1970-я на некалькі гадоў з палітычных матывах звольнілі. – РС), якога некалі таксама звольнілі з Акадэміі навук, а празь некалькі год усё стала на месцы.
* * *
На гэтым тыдні ў нас нейкі час быў тэлевізар – даўно забытыя ўражаньні… Я быў вельмі рады, калі зноў забралі:)
Уразіла, што за тыя некалькі месяцаў, якія тэлевізара не было, не зьмяніўся (і не абнавіўся) нават плэй-ліст у ранішніх шоў. Хоць агулам, здаецца, нэрвознасьці паменела ў параўнаньні зь летам-пачаткам восені.
* * *
Раптам зразумеў, што не трымаю зла ні на кога з тых, каму трэба «дзякаваць» за сёньняшняе. Павер, яны і цяпер перажываюць пекла, і пасьля зь ім застануцца, калі для нас ужо ўсё скончыцца.
* * *
...Ня тое што траўмы — страшна сказаць, але ў мяне, здаецца, нават стрэсу няма:) Я цьвёрда ведаю, што ні ў чым не вінаваты, а знаходжуся тут, як і многія іншыя, проста таму, што час такі.
* * *
...У выпадку Напалеона — перамога над ім была б немагчымай без самаахвярнай барацьбы. У Гішпаніі літаральна ўвесь народ падняўся супраць францускіх захопнікаў, што змусіла Напалеона трымаць там вялікае войска, расьцярушваючы сілы. (І гэта прытым, што кароль Гішпаніі капітуляваў адразу). «Рускі паход», як і ўварваньне ў Гішпанію, Напалеон пасьля называў сваёй найбольшай памылкай.
* * *
Гэтая сытуацыя добра высьветліла, хто ёсьць хто і хто чаго варты.
* * *
Тут прасьцей тым, хто мае чым сябе заняць.
* * *
Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 году разам з рэдактарам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам. Перш быў падазраваным паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Далей затрыманьне працягнулі ўжо паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкмет раскраданьня).
12 ліпеня 2021 году Андрэя Скурко прызналі палітвязьнем. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менску.