Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША працягнуць падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні беларускага народу — амбасада ЗША


Будынак амбасады ЗША ў Менску
Будынак амбасады ЗША ў Менску

Злучаныя Штаты Амэрыкі застаюцца адданымі падтрымцы дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека ў Беларусі.

Пра гэта гаворыцца ў камэнтары амбасады ЗША ў Беларусі інфармацыйнаму агенцтву «Позірк» у адказ на просьбу пракамэнтаваць дынаміку беларуска-амэрыканскіх адносін у 2024 годзе і ацаніць іх пэрспэктывы ў 2025-м.

Дыпмісія адзначыла, што з задавальненьнем даведалася аб вызваленьні больш як 200 палітычных зьняволеных у апошнія месяцы, аднак працягне заклікаць улады вызваліць больш за 1250 зьняволеных, якія несправядліва застаюцца за кратамі. «У 2025 годзе мы зьбіраемся працягнуць падтрымку дэмакратычных памкненьняў беларускага народу», — гаворыцца ў камэнтары.

Амбасада адзначыла, што «на працягу ўсяго 2024 году Злучаныя Штаты працягвалі цьвёрда падтрымліваць народ Беларусі, надаючы асаблівую ўвагу таму, каб яго голас быў пачуты, паколькі ён імкнецца рэалізаваць свае асноўныя правы і свабоды». У сьнежні гэтага году падчас другога раунда стратэгічнага дыялёгу паміж Злучанымі Штатамі і беларускім дэмакратычным рухам ЗША «з гонарам пацьвердзілі сваю рашучую падтрымку беларускага народу ў яго імкненьні да сувэрэннай, незалежнай і дэмакратычнай будучыні».

Аляксандар Лукашэнка ў нядаўнім камэнтары тэлеканалу «Россия 1» заявіў, што Вашынгтон «ужо цэлы год» просіць улады Беларусі «павялічыць штаты ў амбасадзе».

Па сьцьвярджэньні Лукашэнкі, ЗША хочуць пашырыць дыппрадстаўніцтва ў Беларусі «да сотні чалавек».

«У нас амэрыканцаў практычна няма. Але мы нікога ж не трымаем у Беларусі. Жадаюць — хай знаходзяцца ў нас, не — значыць, не. Але іх 0,2 чалавека», — дадаў Лукашэнка, адказваючы на пытаньне аб рэкамэндацыях ЗША сваім грамадзянам пакінуць Беларусь.

23 студзеня 2022 году, за месяц і адзін дзень да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пры падтрымцы беларускіх уладаў, Злучаныя Штаты рэкамэндавалі суайчыньнікам не наведваць Беларусь. Грамадзянам ЗША нагадалі, што трэба «праяўляць павышаную ўвагу і пільнасьць адносна палітычнай і ваеннай напружанасьці ў рэгіёне».

Пасьля рэкамэндацыя пакінуць Беларусь некалькі разоў працягвалася.

Пасьля падзеяў 2020 году многія дэмакратычныя дзяржавы панізілі дыпляматычную прысутнасьць у Беларусі да ўзроўню часовага паверанага ў справах.

9 чэрвеня 2022 году пасаду спэцыяльнай прадстаўніцы ЗША па Беларусі пакінула Джулія Фішэр. З 2020 году яна працавала ў Вільні, бо МЗС Беларусі адклікала згоду на яе прызначэньне амбасадаркай у Менску.

11 жніўня 2021 году прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз заявіў, што «амэрыканскаму боку прапанавана да 1 верасьня скараціць колькасьць сваёй амбасады ў Менску да 5 чалавек». 28 лютага 2022 году, праз чатыры дні пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, Дзяржаўны дэпартамэнт прыняў рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці амбасады ЗША ў Менску «да далейшага апавяшчэньня».

Цяпер супрацоўнікі амбасады ЗША ў Беларусі, уключаючы часовага паверанага Пітэра Каўфмана, фізычна знаходзяцца ў Вільні.

У кастрычніку гэтага году Менск наведваў чыноўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Кевін Дойль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG