«Прысуд успрыняў зь вялікім абурэньнем»
Дар’я Лосік расказала, што яе муж успрыняў прысуд зь вялікім абурэньнем.
«Яшчэ на прысудзе ён з клеткі пракрычаў мне, што ў справе, дзе 180 тамоў, ягонае прозьвішча прагучала адзін ці два разы. У абвінавачаньні напісалі, што Ігар каардынаваў пратэсты з турмы на Валадарскага! У абвінавачаньні не было ніякіх экспэртыз — як менавіта, калі і дзе Ігар „распальваў варожасьць“. Такія абвінавачаньні ня могуць ня ўводзіць у шал. Максымальна ідыёцкія „факты“ леглі ў аснову прысуду», — зазначыла жонка палітвязьня.
На спатканьнях не дазваляецца размаўляць пра крымінальную справу, таму размовы тычыліся Паўліны, дачкі Ігара і Дар’і, плянаў сям’і на той час, калі палітвязень выйдзе на свабоду, падзеяў у Казахстане.
Ігар паведаміў, што на прагулкі іх водзяць, але цяпер холадна, таму доўга яны не гуляюць. Адміністрацыя і канвой агрэсіі да яго не праяўляюць. Пасьля прысуду сталі значна лепш даходзіць лісты — ёсьць дні, калі і 20 лістоў могуць прынесьці.
«Ён вельмі стаміўся ад „крытага“ рэжыму, бо ён у турме, у закрытай прасторы ўжо амаль дваццаць месяцаў. Як цяпер сталі лепш ісьці лісты, то прашу людзей: пішыце Ігару часьцей», — кажа Дар’я.
Паводле яе, Ігар ня верыць, што апэляцыя зьменіць рашэньне суду.
«Хай там у скарзе чорным па белым будзе лягічна ўсё напісана і справядліва — яны проста чарговы раз заплюшчаць вочы і пакінуць яму тыя 15 гадоў. Але ні Ігар, ні я ня верым у гэты тэрмін. Тым людзям, якія прасілі для яго вялікі тэрмін, далі яго, складалі абвінавачаньне, хацелася бы сказаць: „А вы ўпэўненыя, што Лукашэнка яшчэ 15 гадоў будзе ва ўладзе?“. Бо гэта недальнабачныя людзі, ня думаюць пра доўгатэрміновую пэрспэктыву», — лічыць жонка палітвязьня.
«Мікола ня верыць у доўгатэрміновыя пэрспэктывы гэтай улады»
Марына Адамовіч атрымала спатканьне з мужам акурат пасьля праваслаўных Калядаў, 8 студзеня.
«Мікола, як заўжды, выглядае добра і ўпэўнена. У якім бы стане я ні ехала на спатканьне, ён заўжды здольны пасяліць ува мне аптымізм. Я выходжу са спатканьняў з усьмешкай, бо адведзены нам час мы шмат размаўляем, сьмяёмся, таму час пралятае імгненна. Хоць у Міколы бракуе інфармацыі — яму нават „СБ. Беларусь сегодня“ не даносяць, але ён ведае пра сытуацыю ў нашай краіне і Казахстане. Ён прачытаў прапанаваныя зьмены ў Канстытуцыю і прыйшоў да высновы, што яны вядуць да канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, практычна да абсалютнай манархіі», — зазначыла Марына Адамовіч.
Паводле яе, Мікола ня верыць у доўгатэрміновыя пэрспэктывы гэтай беларускай улады.
«Ён аналізаваў рэсурсы бакоў і лічыць, што гэтая ўлада выкарыстоўвае адзіны, астатні ў іх рэсурс — сілавы. І яны будуць узмацняць гэты кампанэнт, бо грамадзтва затаілася, але не скарылася. Яны закручваюць накрыўку, а ўнутры — кіпеньне. Гэта ўсё вядзе да страт на міжнародным узроўні і непазьбежнасьці перамен у краіне», — дадала жонка палітзьняволенага.
Мікола, па словах Марыны, перажывае за падзеі ў Казахстане, у першую чаргу перажывае за тую кроў, якая цяпер там ліецца.
«Мікола гаварыў пра наш, беларускі шлях. Хоць былі, безумоўна, памылкі, але наш шлях ня даў мажлівасьць разьвязаць крывавы сцэнар», — зазначыла Марына Адамовіч.