Міністэрства лічбавага разьвіцьця і сувязі зьбіраюцца стварыць на базе ўжо існуючага Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, паведаміла БелТА.
Аляксандар Лукашэнка адзначыў: яму дакладваюць, што ў Беларусі створана неабходная базавая інфраструктура. А менавіта пабудавана разьвітая сетка перадачы дадзеных, надзейныя цэнтры іх апрацоўкі і захоўваньня, укаранёныя сучасныя сродкі абароны інфармацыі.
Як вынікае са словаў сказаных на пасяджэньні Саўміну, у задачы новага міністэрства ўключаць лічбавізацыю рэальнага сэктару эканомікі і забесьпячэньне канкурэнтназдольнасьці прадпрыемстваў.
Калі Міністэрства лічбавага разьвіцьця і сувязі сапраўды створаць, яно стане ўжо 25-м міністэрствам ва ўрадзе краіны. У суседняй Польшчы 20 міністэрстваў, а ў іншых краінах-суседках яшчэ меней. Ва Ўкраіне 17, у Расеі 16, у Літве 14, а ў Латвіі 13.
Пасьля пратэстаў 2020 году ў выніку беспрэцэдэнтных рэпрэсій уладаў супраць народу праблемы абрынуліся і на ІТ-сфэру. Тысячы спэцыялістаў і многія фірмы вымушана пакінулі Беларусь, перабазаваўшыся за мяжу. Акрамя таго, некалькі топ-мэнэджэраў ІТ-фірмаў адбывалі або яшчэ адбываюць арышт у месцах зьняволеньня.