Старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў абяцае, што мост на Нямізе, які абрынуўся ўначы 8 студзеня, адновяць празь месяц. За апошнія гады ў Беларусі было яшчэ некалькі выпадкаў, калі масты абрыналіся. Прыгадваем, за які час іх аднаўлялі.
Мост у Барысаўскім раёне
У траўні 2021 году абрынуўся мост праз раку Рову ў Барысаўскім раёне непадалёк ад вёскі Навасёлкі. Ніхто не пацярпеў, грузавік і легкавік атрымалі мэханічныя пашкоджаньні.
Мост у Барысаўскім раёне аднавілі ў сьнежні 2021 году, то бок праз 6 месяцаў пасьля здарэньня. Адноўлены мост урачыста адкрывалі чыноўнікі, у тым ліку намесьнік старшыні Менаблвыканкаму Аляксандар Кручанаў.
Мост у Пружанскім раёне
Таксама ў траўні ў Пружанскім раёне абрынуўся бэтонны мост праз раку Левую Лясную. Тады ўлады паведамлялі, што на жыцьцядзейнасьць раёну аварыя не паўплывала, і абяцалі аднавіць мост за месяц. Празь які час яго аднавілі, невядома: дзяржаўныя СМІ пра гэта нават не паведамілі.
Мост празь Менку
У чэрвені ў Менскім раёне абрынуўся невялікі мост праз раку Менку, калі тая ў залеву выйшла зь берагоў. Дарогу тады аднавілі за два дні. Але гэты мост зусім малы і не ідзе ні ў якае параўнаньне зь менскім мостам на Нямізе.
Два гады на рэканструкцыю і дзьве аварыі
Летась у ліпені ў Горадні меліся адкрыць мост праз два гады рэканструкцыі. Чакалі Аляксандра Лукашэнку. Цырымонію адкрыцьця прызначылі спачатку на 3 ліпеня, але потым перанесьлі.
5 ліпеня пасьля моцнай залевы праезная частка і тратуар каля моста часткова абрынуліся, адкосы размыла. Новае ўрачыстае адкрыцьцё моста заплянавалі на 17 ліпеня. Тады зноў пайшоў дождж, і зноў абрынулася частка тратуару, схілы моста затапіла. Мост зноў рамантавалі, і 6 жніўня яго ўсё ж удалося адкрыць — больш як празь месяц пасьля заплянаванага адкрыцьця.
Год рэканструкцыі моста празь Сьвіслач
Капітальны рамонт моста празь Сьвіслач на праспэкце Машэрава пачалі ў ліпені 2018 году. Мост ня падаў, гэта быў плянавы рамонт, які расьцягнуўся амаль на год, хоць першапачаткова плянавалася, што рэканструкцыя зойме 8 месяцаў. У часе рамонту высьветлілася, што пачалася карозія арматуры, а бэтон часткова разбураецца, таму тэрміны заканчэньня рамонту пераносіліся.
Год рамонту моста на Палесьсі
У сьнежні 2017 году на 888-мэтровым мосьце праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне трэснула пліта перакрыцьця, дарога прасела амаль на паўмэтра. Тады мост закрылі для руху аўтатранспарту, а пазьней і для пешаходаў. Гэта значна ўскладніла жыцьцё ў рэгіёне, бо каб даехаць з Жыткавічаў у Тураў, трэба было цяпер рабіць крук амаль у 300 кілямэтраў.
Часова праблему вырашылі за кошт парому і пантоннай пераправы, але ўзімку, калі Прыпяць замярзала, заставаўся адзіны шлях — 300 кілямэтраў у аб’езд.
Новы мост зрабілі амаль праз год, у лістападзе 2018-га. Адкрываць яго прыехаў асабіста Лукашэнка.
«За месяц аднавіць такі мост — нерэальна»
Праекціроўшчыкі, да якіх зьвярнулася Свабода, у адзін голас адказалі, што «аднавіць такі мост, як на Нямізе, за месяц не атрымаецца». Спэцыялісты разьлічваюць, што працы павінны заняць як мінімум 3 месяцы.
«Гэта калі ўсе рэсурсы падключыць і паралельна будаваць і праектаваць. Але ёсьць пытаньне з тэмпэратурай. Ніжэй за мінус пяць бэтонныя працы фактычна немагчымыя. А асфальт класьці як? Трэба 2 месяцы на праект, 1 месяц на экспэртызу. Калі ўсё будзе добра, і працаваць у 2–3 зьмены, то яшчэ месяцы 3 на будоўлю. Якраз вясна будзе, можа і тэхналёгію па тэмпэратуры можна выканаць будзе», — патлумачыў адзін са спэцыялістаў.