Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва новага тэрміналу ў менскім аэрапорце адклалі на два гады


Нацыянальны аэрапорт «Мінск», 27 траўня 2021 году
Нацыянальны аэрапорт «Мінск», 27 траўня 2021 году

Цяпер плянуюць, што яно пачнецца ў 2025 годзе.

Першапачаткова чакалася, што распачаць будаўніцтва тэрміналу могуць у 2023 годзе, аднак карэктывы ў пляны ўнесла пандэмія, паведаміў дырэктар Нацыянальнага аэрапорту Менску Вячаслаў Харанека ў інтэрвію часопісу «Эканоміка Беларусі».

«У больш аддаленай пэрспэктыве мы, вядома, хацелі б пачаць будаўніцтва новага тэрміналу — заходняга. Разьлічвалі пачаць гэты праект у 2023 годзе, але пандэмія ўнесла карэктывы ў тэрміны. Хутчэй за ўсё, будаўніцтва пачнецца толькі ў 2025–2027 гадах. У плянах таксама ўзьвядзеньне ангараў, паркінга і гатэлю», — сказаў ён.

У 2019 годзе аэрапорт абслужыў 5 100 000 пасажыраў. У наступныя два гады іх колькасьць зьнізілася. Пандэмія прымусіла скараціць і штат аэрапорту:

«Аптымізацыя закранула каля 40% інжынэрнага і кіроўнага складу, да таго ж ніхто не адмяняў натуральнай цякучасьці кадраў. На гэты момант у аэрапорце колькасьць супрацоўнікаў складае каля 2800 чалавек», — сказаў Харанека.

Пасьля ініцыдэнту з пасадкай самалёта Ryanair зь менскага аэрапорту сышлі заходнія кампаніі

Адказваючы на пытаньне пра маркетынгавую палітыку аэрапорту, Харанека заявіў, што разьлічвае на зьняцьце абмежаваньняў Эўразьвязу (уведзеных пасьля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair, у выніку якой затрымалі Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу), што дазволіць вярнуцца ў менскі аэрапорт заходнім авіякампаніям.

«Плянуем працягнуць прыцягненьне іншых эўрапейскіх перавозчыкаў пасьля правядзеньня аналізу эўрапейскага рынку, улічваючы пераразьмеркаваньне пасажырапатокаў з пачатку пандэміі. Хутчэй за ўсё, будуць разьвівацца і тыя напрамкі, якія раней не абслугоўваліся ў нас — Цюрых, Осла, Афіны, Сафія і іншыя», — сказаў Харанека. Таксама аэрапорт вядзе перамовы з авіякампаніямі зь Віетнаму, Тунісу, Тайлянду, Ірану, Марока, Катара, Малдовы, Кеніі, Этыёпіі, Вэнэсуэлы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG