Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пачуцьцё неабароненасьці, як у Беларусі, адчуваньне, што ты на вайне». Дзёньнік беларускай лекаркі з Алматы


Алматы. 6 студзеня. Ілюстрацыйнае фота.
Алматы. 6 студзеня. Ілюстрацыйнае фота.

Беларуская доктарка Анастасія, якая каля паўгода жыве і працуе ў Алматы, падзялілася са Свабодай сваім дзёньнікам, які вяла падчас падзеяў у Казахстане з 4 па 10 студзеня.

У 2020 годзе Анастасія брала ўдзел у пратэстах у Беларусі, адседзела на Акрэсьціна, была звольненая са шпіталя, а празь некаторы час вырашыла дзеля бясьпекі выехаць зь Беларусі. Анастасія просіць захаваць ананімнасьць, рэдакцыя ведае яе сапраўднае імя і прозьвішча.

4 студзеня. Настальгія і надзея

Для мяне ўсё пачалося ў аўторак 4 студзеня, калі ўвечары мабільны інтэрнэт перастаў працаваць. Нічога не прадвяшчала бяды, калегі сказалі, што такія перабоі з інтэрнэтам часта бываюць.

Тады ўжо было вядома, што ў іншых гарадах Казахстану былі пратэсты з прычыны павышэньня цаны на газ, а тут яшчэ і інтэрнэт не працуе... Беларускае мінулае адразу зьвязала гэтыя факты, і я рэфлекторна ўключыла VPN, дзякуючы чаму ў мяне быў доступ да навінаў — мірныя пратэстоўцы агучылі свае патрабаваньні, сілавікі перайшлі на бок народу, прэзыдэнт прыняў на разгляд патрабаваньні народу і частку нават задаволіў.

Настальгія. І надзея, што ў іх усё атрымаецца!

Уначы сталі чуваць выбухі і стрэлы, хоць і жыву далёка ад цэнтру падзей. Надзея на мірныя перамовы памерла.

5 студзеня. Высокая верагоднасьць атрымаць кулю

Раніцай патэлефанавалі сябры і калегі, сказалі, каб я не выходзіла з дому. Падумала, што пераацэньваюць яны сытуацыю, мы ў Беларусі такое ўжо праходзілі.

Вырашыла прагуляцца да плошчы Рэспублікі, дзе ўчора ўсё адбывалася. Там спакойна зьбіраліся людзі, у 13.00 быў ужо натоўп, людзі спакойна стаялі, нават не крычалі нічога. Пад’ехаць да плошчы было нельга, яе ачапілі паліцэйскія машыны з усіх бакоў. Два БТР-ы стаялі проста на плошчы.

Згарэлая паліцэйская машына
Згарэлая паліцэйская машына

Па дарозе бачыла паваленыя ліхтары і дарожныя знакі, згарэлыя машыны. Нічога не працуе — грамадзкі транспарт, крамы, банкі, аптэкі і іншыя арганізацыі.

Калі вярталася дадому, паўзь мяне праехала больш за 30 вайсковых машын і аўтобусаў з вайскоўцамі ў абмундзіраваньні. Пайшла за імі і ўбачыла натоўп вайскоўцаў і амапаўцаў, якія стрымлівалі пратэстоўцаў.

Усё ў дыме, вельмі часта гучаць выбухі і ўспышкі сьвятла, людзі крычаць вайскоўцам, каб тыя склалі зброю і далучыліся да народу.

Вайскоўцам, паліцыі і АМАПу не ўдавалася стрымліваць пратэстоўцаў, тыя рухаліся наперад, супраць іх ужывалі гумовыя кулі, сьлезацечны газ (дыхаць ня толькі побач, але і ў квартале паблізу складана, сьлязяцца вочы, настолькі моцная канцэнтрацыя газу).

Я стаяла побач з вайскоўцамі, мне крыкнулі, каб я ішла дадому, я адказала, што дом мой за пратэстоўцамі, так што я не магу.

Побач стаяла дзяўчына, у якой брат быў сярод пратэстоўцаў, яна яму вады купіла і ежы, але брат не адказваў на званкі ўжо некалькі гадзін, і яна моцна перажывала. Я спрабавала яе супакоіць, казала, што за такім грукатам проста не чуваць званка.

Колькасьць выбухаў узрастала ў геамэтрычнай прагрэсіі, не было і хвіліны цішыні. Не прайшло і 2 хвілін пасьля размовы з вайскоўцамі, як яны кінулі ў нас гранатай са сьлезацечным газам.

АМАПаўцы стралялі па людзях у сквэры за 3 мэтры ад мяне. Мне стала цікава, як яны вызначаць, ці гэта мітынговец, ці проста чалавек, які ідзе дадому.

У Беларусі таксама ўжывалі гумовыя кулі, памятаю гэтых пацыентаў. Шкоду ад гумовых куляў недаацэньваюць.

Падзеі ў Алматы. Відэа беларускай доктаркі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:15 0:00


Тут я вырашыла, што час ісьці дадому. Хацелася пабегчы, але верагоднасьць атрымаць кулю была высокая, бо ішла я міма таго самага сквэра, у які працягвалі страляць АМАПаўцы.

Вочы сьлязіліся і шчыкалі жудасна. Я надзела сонечныя акуляры, але гэтая гадасьць трапіла ў дыхальныя шляхі, і я пашкадавала, што была ў масцы, а не ў рэсьпіратары.

Па дарозе дадому зайшла ў адзіную на бліжэйшыя 5 кварталаў крамку, якая працавала. Людзей куча, хлеба няма, скупляюць усё запар. І самае цікавае — аплата картай і онлайн-пераводам немагчымая!

У Казахстане наяўнымі мала хто карыстаецца, у іх ёсьць сыстэма Кaspi, якая дазваляе кінуць грошы на карту любому чалавеку па нумары тэлефона. Так можна расплаціцца ўсюды — ад маленькай крамы да рынку. Але працуе гэтая аплікацыя праз інтэрнэт.

Згарэлы будынак пракуратуры
Згарэлы будынак пракуратуры

Дадому ішла міма будынку пракуратуры, ён палаў, а мэтраў за 10 гарэла перакуленая паліцэйская машына. Увечары былі чуваць выбухі і стрэлы, пазьней калегі-лекары сказалі, што кулі ўжо не гумовыя.

Інтэрнэт нават з VPN перастаў працаваць. Пасьпела адпісаць пра сытуацыю сямʼі і сябрам. Ужо разумела, што хутка адключаць зусім. І не памылілася. Інтэрнэту больш не было на гэтым тыдні.

Вера ў добры канец пакінула мяне... Горад перакрылі — ні выехаць, ні паляцець. Камэнданцкая гадзіна з 23-й да 7-й, у гэты час столькі выбухаў, што ніхто і не рызыкне выйсьці.

6 студзеня. Прыляцелі АДКБ

У гэтыя дні на вуліцах вельмі мала людзей, усе пытаюцца, дзе працуе крама ці аптэка, а іх сапраўды трэба пашукаць. Бальніцы, паліклінікі таксама не працуюць.

Дыябэтыкі ня ведаюць, куды зьвярнуцца, каб выпісалі інсулін, а затым яшчэ трэба будзе шукаць наяўныя грошы і аптэку, якая працуе.

Калега-пэдыятар езьдзіла на іншы канец гораду, каб купіць прэпарат ад астмы для сваёй маленькай пацыенткі, дзяўчынка задыхалася, у маці не было ні рэцэпту, ні наяўных, добра, што быў нумар лекара.

Скрынка ад двухствольнай стрэльбы з разрабаванай паляўнічай крамы.
Скрынка ад двухствольнай стрэльбы з разрабаванай паляўнічай крамы.

Вакол сотні пабітых вітрынаў, машын і разрабаваных крамаў тэхнікі, парфумэрыі, тэлефонаў, зброі, рэчаў для паляваньня і нават адзеньня. Вакол аскепкі разьбітага шкла і пустыя скрынкі (побач з паляўнічай крамай — ад зброі, прыбора начнога бачаньня, абутку).

Скрынка ад прыбора начнога бачаньня з разгромленай паляўнічай крамы.
Скрынка ад прыбора начнога бачаньня з разгромленай паляўнічай крамы.

У Беларусі была адна разьбітая вітрына кавярні, у якую забеглі пратэстоўцы, уцякаючы ад АМАПу, але біў іх ГУБАЗіК.

Разьбітыя і зламаныя банкаматы
Разьбітыя і зламаныя банкаматы

Большасьць банкаматаў зламаныя, вокны банкаў разьбітыя. Аплата таксама ўсюды наяўнымі, а ў людзей наяўных няма ці мала.

Прайшла міма ўчорашняга пажару. Чорныя сьцены і куча сьмецьця на месцы пракуратуры. Паблізу паліцэйская машына ўсё гэтак жа валяецца перакуленая, але ўжо не гарыць.

Учора ноччу прыляцелі АДКБ, пасьля гэтага большасьць мясцовых увогуле адмаўляюцца выходзіць на вуліцу, нават днём, бо «прыстрэляць проста на вуліцы, ніхто ня будзе разьбірацца».

Палічыла, што яны ўтрыруюць, і пайшла гуляць адна. Пакуль ішла па цэнтры, на суседняй вуліцы пачула тры выбухі, а затым аўтаматную чаргу і крыкі.

Было жудасна страшна, гэта было ў цэнтры гораду і днём, лёгіцы не паддавалася, бо «зачыстку» праводзяць падчас камэнданцкай гадзіны або падчас абвестак, якія прыходзяць праз эсэмэскі ўсяму Казахстану, што трэба сядзець дома.

Цяпер ужо ніякіх параўнаньняў зь беларускімі мірнымі пратэстамі, тут адчуваньне, што ты на вайне.

7 студзеня. Цуду не адбылося

З Калядамі! Цуду не адбылося!

Сувязі няма, СМС не даходзяць, званкі таксама ня ўсе праходзяць. Родныя мне датэлефанавацца ня могуць, мой званок толькі аднойчы прайшоў.

Грукат выбухаў і трэск аўтаматаў гучалі цэлы дзень. Не было і гадзіны цішыні. Звыкнуць да гэтага немагчыма, уздрыгваеш кожны раз.

Хацела выйсьці на вуліцу, але выбухі не сьціхалі, ноччу ўзмацніліся.
Спаць немагчыма... Гэта, вядома, ня ноч на Акрэсьціна, але здаецца, што наступны выбух прыляціць менавіта ў тваё акно.

АДКБ у выглядзе беларускага АМАПу займаюцца аховай аэрапорту, пасьля іх дзеяньняў у Беларусі цяжка паверыць, што яны могуць проста ахоўваць нешта. Мясцовыя прывозяць ім гарачую ежу.

8 студзеня. Пачуцьцё неабароненасьці

Прачнулася ад выбуху чарговай сьвятлашумавой гранаты а 8 раніцы. Прыйшло апавяшчэньне, што сытуацыя наладжваецца і інтэрнэт будзе адноўлены.

Пабітыя вітрыны завешваюць ці закрываюць фанэрай
Пабітыя вітрыны завешваюць ці закрываюць фанэрай

На вуліцах новыя разьбітыя вітрыны, дробныя аскепкі шкла, частка ўчорашніх разрабаваных крамаў і разьбітых вітрын перакрытыя фанэрай. Людзей на вуліцы мала, ужо ніхто не фатаграфуе пагромы, усе проста праходзяць міма і цяжка ўздыхаюць, хтосьці задае рытарычнае пытаньне — навошта?

Эвакуатар вязе разьбітыя машыны. Старая плошча Алматы акружана вайскоўцамі, стаіць БТР, пара ідзе з палявой кухні.

Прайсьці па пешаходнай вуліцы Панфілава не ўдалося, вайсковец не дае наблізіцца і махае, што прайсьці нельга. Гуляючы далей ад цэнтру, зноў наткнулася на БТР пасярод вуліцы і вайскоўцаў.

Хацела прайсьціся ўверх да плошчы Рэспублікі, дзе ўсё пачалося, але гукі выбухаў у тым баку прымусілі мяне перадумаць.

Інтэрнэт так і не зьявіўся. Уначы выбухаў было менш, але спаць нармальна не атрымліваецца. Пачуцьцё неабароненасьці, такое ж, як у Беларусі. Можаш проста апынуцца ня там і ня ў той час, і цябе ўжо няма.​

9 студзеня. Просяць паказаць WhatsApp

Сёньня менш чуваць «гукі вайны», я цяпер іх так называю.

Днём на вуліцах усё гэтак жа мала людзей, затое больш адчыненых крамак.

Цяжка знайсьці банк, дзе цэлае шкло.
Цяжка знайсьці банк, дзе цэлае шкло.

Але, каб знайсьці хлеб, трэба пастарацца. Банкі і іншыя арганізацыі ўсё яшчэ не працуюць. Эсэмэскі адпраўляюцца цераз раз, інтэрнэту няма, званкі праходзяць ня ўсе. Родныя ня могуць датэлефанавацца.

Патрулі на вуліцы правяраюць дакумэнты і просяць паказаць WhatsApp. Вось тут я зноў узгадала родную Беларусь, толькі ў нас Telegram правяралі на наяўнасьць падпісак на «забароненыя» каналы.

Аэрапорт не працуе.​

10 студзеня. Сьмешныя дзяржаўныя навіны

Уключылі інтэрнэт, але працуе ён толькі ў пэўны час.

Частка арганізацый і крамаў сёньня пачала сваю працу. Нарэшце адчыняюцца мэдычныя ўстановы. Пусьцілі транспарт.

Дзяржаўныя навіны тут такія ж сьмешныя, як і ў нас. «Замежныя дзеячы і свабодныя СМІ» ва ўсім вінаватыя тут, у нас гэта былі «заходнія лялькаводы».

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG