Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забег з чатырма торбамі — займальны фітнэс». Максім Знак напісаў пра свой этап у Віцебск


Максім Знак
Максім Знак

Юрыст Максім Знак расказаў, як перажыў этап з Менску ў Віцебск. З добрай доляй гумару.

Ліст Максіма да ягонай сястры Ірыны апублікаваў бацька Аляксандар Знак. Публікуем яго.

«29.12.2021 № 345 СІЗА № 2

Пішу табе з новага адрасу, хаця ён, спадзяюся, таксама ненадоўга. Паспрабую расказаць у агульных рысах свае ўражаньні ад паездкі. Тэзісна, абрыўкамі думак.

1. Зіма для некаторых народаў заўсёды прыходзіць нечакана. Вось і я — рыхтаваўся легчы спаць. А раптам выявіў сябе, які носіцца ў замкнёнай прасторы і думае, а чаго б яшчэ ўзяць, а лепш выкінуць.

2. І ўсё ж пачуцьцё, што зіма — блізка, было. Яно і нядзіўна 🙂 Апошнія тыдні тры я займаўся тым, што робіць сабака, калі рабіць няма чаго. Толькі не фарбаваў будку, а перабіраў увесь свой назапашаны скарб і расьцягваў яго па файліках, пакуначках, мяшэчках, торбачках. Пакаваў, высмоктваў паветра, уклаўся ў 2 вялізныя торбы, але чаго мне гэта каштавала!

Цяпер у мяне 4 торбы замест 2, а мае пажыткі ўяўляюць захапляльны puzzle. Цяпер доўгімі зімовымі вечарамі я буду аддзяляць (як Папялушок) «Што? Дзе? Калі? ад ёгі і Пола Брэдлі, лісты ад маляваньня, анэкдоты ад паштовак, карціны ад карцінак.

Цудоўны хаос і магчымасьць перасягнуць подзьвіг Геракла ў Аўгіевых стайнях. Праўда, у яго там ваду можна было пусьціць, а тут усё ж давядзецца зноў усё перабраць і разабраць. Зрэшты, час, мусіць, у мяне будзе.

3. За сёньня прачытаў выдадзеную са складу „Пашто ідзеш воўча“ — вельмі спадабалася. Такі Мележ у экспрэс-варыянце — стагодзьдзе жыцьця людзей на балоце за сотню старонак. Ёсьць і магія, і наша няшчасная гісторыя ва ўсёй красе — куды ўжо безь яе.

Увогуле, я сёньня не сумаваў у тыя моманты, якія былі адведзены для сумаваньня. Але стаміўся даволі моцна: усё ж падарожжа ў спэцыяльным СВ вагоне спэцыфічнае, нават калі ў цябе асобнае купэ. А забег з чатырма торбамі, калі ты крыху скавана сябе адчуваеш (і нездарма) — гэта ўжо зусім займальны фітнэс. Затое звычайным пасажырам нават дарагога СВ-вагона ніколі так блізка не падавалі аўтамабіляў да цягніка. Амаль трап да трапа — узровень!

4. Яшчэ з уражаньняў дня — я ўпершыню за вельмі доўгі час трапіў у месца, якое было пабудавана пазьней за 1826 год. Таму ўсе плюсы афармленьня я ўспрымаю як адкрыцьцё. А пасьля абеду прасіў перадаць шэф-кухару камплімэнты. Зрэшты, мая хата больш родная і мілая (родны кут).

Максім Знак у судзе
Максім Знак у судзе

5. Цікава, што ўчора быў роўна год, як я пераехаў у № 58 на „Валадарцы“. І пацешна, што народ прапанаваў „адзначыць“ і мы адзначылі з пажаданьнямі. І тут я — хобана — сеў і паехаў. Зручна атрымалася!

6. Добра, закругляюся, напішу калі-небудзь, хоць відавочна, што месяц-другі лісты мяне, хутчэй за ўсё, ня знойдуць: я буду перасоўвацца хутчэй за іх. На бягучы момант рахунак 5789:7191. Угадай, на чыю карысьць? 🙂

ПС: Суседзі распавялі, што сядзім у Кацярынінскіх стайнях. Вось табе раз! Атрымліваецца, што „Валадарка“ — новабуд? А я тут табе пішу, што ў новы заехаў 🙂 Іга-га!

Да! Абдымаю! 29.12.2021 Максім Знак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG