Менскага пэнсіянэра Анатоля Шаўковіча асудзілі яшчэ на 15 дзён арышту, паведамляюць праваабаронцы. Такім чынам, агулам ён адбудзе за кратамі прынамсі 60 дзён.
Пра гэта распавёў чытач @euroradio са спасылкай на сукамэрніка мужчыны на Акрэсьціна.
Анатоля Шаўковіча першы раз затрымалі 11 лістапада, ад таго часу ён застаецца ў турме на Акрэсьціна. 65-гадовага мужчыну пакаралі чарговым арыштам за бел-чырвона-белыя сьцягі — агулам будзе 45 содняў. Праваахоўныя органы раней заявілі, што мужчына наладзіў у сябе «вытворчасьць пратэставай сымболікі». Цяпер яго судзяць за кожны сьцяг паасобку, таму цяжка прагназаваць, колькі ў суме яму давядзецца адседзець.
Анатоль Шаўковіч стаў папулярны праз сваю заяву ў «пакаянным відэа» пра любоў да белага і чырвонага колераў, патлумачыўшы, што проста любіць спалучэньне памідораў са сьмятанай. Але ішлося пра нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.
Два гады «хіміі» за камэнтар пра міліцыянтаў
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 24 сьнежня ў судзе Салігорскага раёну вынесьлі прысуд па справе мясцовага жыхара Аляксандра Ганчара. Мужчыну абвінавачвалі па арт. 364 «Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
У адным са сваіх камэнтароў у сацсетках абвінавачаны напісаў:
«Трэба пагаварыць з Салаўём і Шалохай іх мэтадам і нейтралізаваць». Салаўёў і Шалоха — міліцыянты зь мясцовага РАУСа, якія і падалі на Ганчара ў суд. Але падчас судовага пасяджэньня на пазбаўленьні волі абвінавачанага яны не настойвалі, а толькі запатрабавалі кампэнсацыю маральнай шкоды — па 2000 рублёў кожнаму.
Судзьдзя Вольга Пракаповіч прысудзіла Аляксандру два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (хімію), плюс кампэнсацыю маральнай шкоды пацярпелым — па 2000 рублёў кожнаму.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах