Кіраўнік правінцыі Бахол у цэнтры Філіпінаў Артур Яп заявіў, што там загінулі 72 чалавекі, яшчэ 10 зьніклі бяз вестак і 13 атрымалі раненьні. Ён выказаў здагадку, што колькасьць сьмяротных зыходаў можа значна павялічыцца, бо праз абрыў сувязі толькі 33 з 48 мэраў змаглі паведаміць пра разбурэньні і ахвяры. Значная колькасьць сьмерцяў магла адбыцца ад апоўзьняў і паводак у розных месцах, аднак лічбу ўдакладняюць, ідуць пошукі.
Таксама кіраўнік правінцыі заклікаў дапамагаць людзям харчамі і пітной вадой, бо многія цяпер гэтага ня маюць. Аэраздымка гарадоў, што вялася з вайсковых верталётаў, паказала моцныя разбурэньні тайфунам.
Урад Філіпінаў заявіў, што пацярпела каля 780 000 чалавек, у тым ліку больш за 300 000 жыхароў змушана пакінулі свае дамы.
Агенцтва ліквідацыі наступстваў стыхійных бедзтваў, нацыянальная паліцыя і мясцовыя чыноўнікі паведамілі пра 64 іншыя выпадкі гібелі ў выніку тайфуну. Большасьць зь людзей пацярпелі ад падзеньня дрэў і абвалу сьценаў, патанулі ў паводках або былі засыпаны апоўзьнямі. Улады на астравах Дынагат, адной з паўднёва-ўсходніх правінцый, што першымі пацярпелі ад тайфуну, асобна паведамілі пра 10 сьмерцяў, у выніку чаго агульная колькасьць загінулых на гэты час складае 146 чалавек.
Тайфун выклікаў устойлівы вецер 195 кілямэтраў у гадзіну і парывы да 270 кілямэтраў у гадзіну, што робіць яго адным з самых магутных за апошнія гады з тых, якія абрынуліся на архіпэляг, які ляжыць паміж Ціхім акіянам і Паўднёва-Кітайскім морам. Агулам за год на Філіпінах пранесьліся каля 20 штормаў і тайфунаў.