Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выказаўся пра вясковыя бібліятэкі: «Немэтазгодна»


Бібліятэка-клюб у вёсцы Івашкавічы Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласці, тут жыла ў дзяцінстве Сьвятлана Алексіевіч.
Бібліятэка-клюб у вёсцы Івашкавічы Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласці, тут жыла ў дзяцінстве Сьвятлана Алексіевіч.

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з актывам Віцебскай вобласьці загадаў выпрацаваць рашэньне аб будучыні сельскіх бібліятэк.

Гаворачы пра сфэру культуры і мізэрныя заробкі ў бібліятэках, школах мастацтваў ды іншых аналягічных установах, Лукашэнка загадаў «заняцца праблемай».

«У нас, напэўна, у вёсцы як былі бібліятэкі, так і засталіся. Тое ж і ў раённых цэнтрах. Трэба паглядзець і прыняць комплекснае рашэньне для ўсёй краіны. Я разумею, што тут і ўрад павінен даць арыентыр, прыняць нейкае рашэньне», — піша БелТА.

У прыватнасьці, Лукашэнка фактычна выказаўся за тое, каб зьліквідаваць бібліятэкі ў сельскай мясцовасьці: «Асобна ўтрымліваць вялікія бібліятэкі ў сельскай мясцовасьці немэтазгодна».

Паводле Лукашэнкі, работнікаў сфэры культуры трэба пераарыентаваць на іншыя кірункі.

«Яшчэ раз падкрэсьліваю: трэба цаніць людзей разумных, адукаваных, тых жа работнікаў бібліятэк. Іх на вуліцу ня выкінеш і яны нам патрэбны. Значыць, трэба працаўладкаваць, задзейнічаць, каб яны карысьць прыносілі», — сказаў Лукашэнка.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2020 годзе па ўсёй Беларусі працавалі 2474 публічныя бібліятэкі. Гэта на паўсотні меней, чым за год да таго, і колькасьць установаў працягвае скарачацца.

У бібліятэчнай галіне Беларусі занятыя 13 тысяч чалавек, амаль усе — жанчыны. Сярэдні ўзрост работнікаў 45 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG