Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 100-годзьдзя Інбелкульту ствараецца лічбавая калекцыя яго выданьняў


Навуковая камісія Інбелкульту, 1922, Менск. Сядзяць зьлева направа: Я. Купала, А. Круталевіч, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, У. Чаржынскі, В. Шэмпель, М. Байкоў. Стаяць зьлева направа: 1, 2 - ?, 3 - Ч. Родзевіч, 4 - Я. Колас, 5 - К.М. Гадыцкі-Цьвірка, 6 - Я. Дыла (са слоў М. Улашчыка).
Навуковая камісія Інбелкульту, 1922, Менск. Сядзяць зьлева направа: Я. Купала, А. Круталевіч, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, У. Чаржынскі, В. Шэмпель, М. Байкоў. Стаяць зьлева направа: 1, 2 - ?, 3 - Ч. Родзевіч, 4 - Я. Колас, 5 - К.М. Гадыцкі-Цьвірка, 6 - Я. Дыла (са слоў М. Улашчыка).

Першая навуковая ўстанова найноўшай гісторыі Беларусі адзначыць стагодзьдзе ў 2022 годзе. Лічбавая калекцыя будзе паступова напаўняцца матэрыяламі, якія выдаваў Інбелкульт.

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук стварае лічбавую калекцыю выданьняў Інстытуту беларускай культуры (Інбелкульт) — першай навуковай установы ў найноўшай гісторыі Беларусі. Менавіта на базе Інбелкульту ў 1928 годзе заснавалі Беларускую акадэмію навук.

Мэта праекту — выкласьці ў адкрыты доступ у лічбавым выглядзе калекцыю выданьняў інстытуту, якая захоўваецца ў фондах НАН Беларусі.

Будынак, дзе месьціўся Інбелкульт, на вуліцы Рэвалюцыйнай у Менску
Будынак, дзе месьціўся Інбелкульт, на вуліцы Рэвалюцыйнай у Менску

Праект будзе складацца таксама зь іншых разьдзелаў: гісторыя Інбелкульту, віртуальная выстава выданьняў, фотагалерэя, архіўныя дакумэнты.

«Ініцыюючы гэты праект, мы былі матываваныя тым значэньнем, якое мае Інбелкульт у гісторыі Беларусі, тым уражаньнем, якое пакідае яго гісторыя. Ня маючы інстытуцыйных папярэднікаў, ён усяго толькі за сем гадоў змог сфармаваць паўнавартасныя навуковыя веды аб Беларусі, ператварыць яе ў адзін з цэнтраў навуковага жыцьця, стварыць інтэлектуальную эліту краіны.

Дасягненьні Інбелкульту нельга зводзіць да адной навукі. Ён узначаліў шырокі культурны і нацыянальны рух, стаў сыстэмаўтваральнай інстанцыяй, генэратарам і выразьнікам ідэй, актыўны, жывы і творчы водгук на якія з боку грамадзтва вызначаў новыя канфігурацыі культуры і фармаваў нацыянальную ідэалёгію», — пішуць стваральнікі праекту на сайце бібліятэкі.

Праца над праектам і напаўненьне сайту дакумэнтамі працягваецца, аднак ужо цяпер можна азнаёміцца з гісторыяй Інбелкульту, яго фотагалерэяй, дапоўненай вытрымкамі з дакумэнтальных крыніц, выданьняў Інстытуту і ўспамінаў пра яго дзейнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG