Журналіст, музыка, маркетоляг, дзіцячы пісьменьнік
За свае 43 гады Андрэй Скурко пасьпеў набыць шырокую чытацкую вядомасьць як аўтар газэты «Наша ніва» і часопіса «Наша гісторыя», вандроўных нататак, сцэнароў коміксаў для дзіцячых выданьняў; стаць папулярным музыкам у складзе гурту «Цмокі», займець павагу на пасадах галоўнага рэдактара тыднёвіка «Наша ніва», а пазьней кіраўніка ягонага аддзелу маркетынгу і рэклямы.
Затрымалі Андрэя 8 ліпеня 2021 году.
Першапачаткова ён быў падазраваным паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Па заканчэньні трох сутак арышту абвінавачаньне за падрыхтоўку пратэстаў не было выстаўленае, але затрыманьне працягнулі ўжо паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (Нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкмет раскраданьня).
12 ліпеня 2021 году Скурко прызнаны палітзьняволеным.
З 21 ліпеня 2021-га знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
У зьняволеньні піша дзіцячыя вершы для сына Тамаша.
Слон і дзед
Дзьверы гнуцца, столь дрыжыць —
Слон прыйшоў да дзеда жыць
Зь лесу сьнежнага ўранку —
Вось бывае нечаканка!
Вуха ў кухні, хвост у спальні,
Левая нага ў вітальні.
У дзядулевай хацінцы
Так няпроста памясьціцца.
Адзінока ўзімку дзеду,
Дык і рады ён суседу.
Слон на носе дровы носіць
І ў краму дзеда возіць.
Разважаюць дзед з сланом: —
Можа, нам пабольшыць дом?
Абжывецца слон паціху,
Прывядзе яшчэ й сланіху.
Жонка Паўліна, якая, як ёй здавалася, добра ведала ўсе таленты свайго мужа, атрымаўшы ад яго ў лістах з-за кратаў першыя вершы для сына, была ўражаная. Яна прызналася нам: «І вось цікава — як нечакана Андрэй з нашаніўца, з журналіста, з рэпартэра і рэдактара — стаў пісьменьнікам. І можа і застацца ў гісторыі гэтай сваёй граньню — дзіцячага пісьменьніка. Але хто б мог раней падумаць?»
Спадарыня Паўліна вырашыла, што хаваць творы Андрэя ня мае права, і падзялілася імі ў сацыяльных сетках зь іншымі чытачамі.
Ютуб
Мы ня будзем есьці суп,
Будзем лепш глядзець ютуб.
Тэлефон у мамы —
Ён чароўны самы!
Цісьнем на іконку —
Што там за старонка?
Лопалка з шарамі,
Мульцік з трактарамі,
З камэрай праграма
Ёсьць для інстаграма.
Трэба сфоткаць і зьмясьціць,
Як прыгожа мама сьпіць!
Сьветлыя вершы для сына, народжаныя ў змрочных турэмных камэрах, даходзяць да спадарыні Паўліны побач з глыбокімі развагамі аўтара пра глябальныя рэчы. Яна паведаміла нам, што ў нядаўніх лістах Андрэй разважае, па якім дзіўным прынцыпе людзі застаюцца ў гісторыі. Вось некалькі цытатаў зь ягоных лістоў.
...Турма, канечне, сурагат жыцьця. Але дае добрае разуменьне, на што пасьля выхаду адсюль варта (а на што — ня варта) выдаткоўваць час.
...Самае тупое ў турэмнай сытуацыі тое, што тут час нібы спыняецца і ты мусіш, як на ровары, нібыта пэдалі круціць, каб ён ішоў. Яўна адчуваецца адрозьненьне ад волі, дзе ня трэба прыкладаць дадатковых намаганьняў для руху часу.
...Чытаў Маркеса. Ня самы дарэчны аўтар для такіх месцаў. Проза («Аповед таго, хто не патануў у адкрытым моры») наганяе сум. Але публіцыстыка электрызуе: «СССР: 22 400 000 квадратных кілямэтраў без адзінай рэклямы кока-колы» — яго эсэ па выніках паездкі ў СССР на міжнародны фэстываль у канцы 1950-х...
...Увогуле з Маркеса найбольш запомніўся сюжэт пра жанчыну, якая везла рэйсавым аўтобусам курэй і час ад часу кукарэкала ім, каб падбадзёрыць.
Адтуль, дзе, здавалася б, цяжка заставацца бадзёрым, Андрэй Скурко працягвае дасылаць родным натхняльныя словы.
Да Тамашыка у госьці
Бегла мышка, узьняўшы хвосьцік.
А на хвосьціку — сьцяжок,
А ў лапках — піражок!
...Прашу вас, знаходзьце нагоды для радасьці і будзьце спакойныя за мяне.
Я заўжды з вамі сэрцам, а скора буду і іншымі органамі і часткамі цела!
Пра прэмію імя Аляхновіча
Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».
У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя
- 2013: Ігар Аліневіч
- 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп
- 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка
- 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык
- 2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін
15 лістапада — Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні
15 лістапада Міжнародны ПЭН-клюб адзначае 33-і штогадовы Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменьнікаў і журналістаў, якія зазнаюць перасьлед у выніку ажыцьцяўленьня свайго права на свабоду выказваньня. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім сьвеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасьць насельніцтва аб несправядлівым зьняволеньні і іншых формах агрэсіі ў дачыненьні да пісьменьнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасьць са зьняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.
Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменьнікі ў зьняволеньні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клюбу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменьнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 года ў сьвеце было забіта больш за 35 пісьменьнікаў.
Саліл Трыпаці, старшыня Камітэта «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», адзначае:
«Пісьменьнікі мусяць мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не мусяць трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім сьвеце ў турмах сядзяць сотні пісьменьнікаў, і многія церпяць перасьлед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нэрвуюць урад. Пісьменьнікі — гэта сумленьне грамадзтва, яны мусяць заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкарнымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом з пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасьць ПЭН-клубаў адзінагалосна пацьвярджае, што мы прадоўжым змагацца за свабоду ўсіх пісьменьнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».