Пчаляр, паэт
28 сьнежня яму споўніцца 60. Гэтую паважную дату ў сваім жыцьцяпісе Мікола Папека, мяркуючы па ўсім, сустрэне ў зьняволеньні, адкуль зрэдчас даходзяць ягоныя лісты родным і сябрам.
«Я ў турме. Хоць гэта і называецца „папраўчая ўстанова адкрытага тыпу“. Усё роўна гэта турма, бо мая воля і мой час абмежаваны і я падпарадкаваны парадку, выконваючы працу ў мэтах майго нібыта перавыхаваньня... Навошта мяне перавыхоўваць, ды і ці магчыма гэта, выканаўцаў не цікавіць... Але мне няма калі глянуць угару і заняцца сабою... Бо трэба выконваць працу, а працаваць мушу дзеля перавыхаваньня».
Да зьняволеньня Мікола Папека жыў вёсцы Лінава Пружанскага раёну. Працаваў пчаляром у тутэйшым лясьніцтве, апошнім часам на ўласнай гаспадарцы. Піша вершы са школьных гадоў. Ляўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес». Заснавальнік штогадовай літаратурнай Мядовай прэміі.
30 лістапада 2020 году Міколу Папеку затрымалі ў крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. 8 чэрвеня 2021 году яго асудзілі на 2 гады «хіміі» за ўдзел у карагодзе на праезнай частцы ў Берасьці. З 13 верасьня 2021 году паэт адбывае пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 21 у Мазыры.
«Сяджу я, як і многія іншыя, тут па чалавечых мерках ні за што, а менавіта за грамадзянскую пазыцыю. Судзілі мяне за берасьцейскі карагод, як, дарэчы, на сёньняшні дзень ужо 96 чалавек па гэтай вадамётна-карагоднай справе. Пратэстоўцы нібыта груба парушылі грамадзкі парадак, працу прадпрыемстваў ды рух транспарту, але гэта вялікая хлусьня, бо ня тое што грамадзтва, а нават аніводзін чалавек і аніводная арганізацыя ня мае да пратэстоўцаў прэтэнзій, а празьмерна жорсткае пакараньне дадаткова ўказвае на палітычнасьць гэтага працэсу...»
Ноччу ў турэмны пакой
На сьвятло....
Заляцеў матыль...
Матыль экзатычны...
Прыгожы матыль!
Што шукаеш у турэмным пакоі?..
Сэрца паэта?..
Выпускаю матыля ў ноч...
Жыцьцё паэта-пчаляра падпарадкавана строгаму рэжыму. Пад’ём а 6-й, з 7:30 да 17:30 — прымусовая праца, бясконцыя пастраеньні, праверкі, зьнявагі за родную мову, якой спадар Папека дамогся ў вядзеньні судовага працэсу і адстойвае ў зьняволеньні.
Сёньня нейкая злая варта.
Лейтэнанчык з чорным агнём у вачах...
Пачаў мяне дапытваць:
«На каком языке это я разговарываю?»
Хацелася адказаць, якім!
Я тут у вашай установе госьць.
А вы нібыта гаспадары?
Дык прыміце ж гасьцінна мяне.
Вольна на мове.
І хоць вольнае роднае мовы і вольнага часу практычна няма і няма дзе схавацца ад тлуму, зьняволены паэт не дае сваёй творчай душы застыць і зьнямець.
Урыўкамі перакладае раман «Паэт і сьвет» польскага пісьменьніка Юзафа Крашэўскага, чый жыцьцяпіс зьвязаны з Пружаншчынай. А яшчэ спрабуе перакладаць асэтынскі эпас, які яму разам са слоўнікам даслаў з Асэтыі сябар. Ну і ўвесь час турбуецца пра сваіх пчолак, якія безь ягонага клопату ня выжывуць. «Душа ўвесь час глядзіць у беспраглядную цемру. Імкнецца на волю...» — піша ён сябрам.
Пад вокнамі ПУАТ бярозы.
Пад бярозамі
баравік.
Другі дзень
дражніць вочы сядзельцаў.
Ён на волі.
Пад пяшчотным павевам ветрыка,
а мы тут
за закратаванымі вокнамі.
Але ў гэтага баравіка
надзвычай кароткая доля.
Бо смажыцца
на патэльні ў «хімікаў».
Бадай што, трапіў
у сапраўднае пекла...
Пра прэмію імя Аляхновіча
Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».
У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя
- 2013: Ігар Аліневіч
- 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп
- 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка
- 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык
- 2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін
15 лістапада — Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні
15 лістапада Міжнародны ПЭН-клюб адзначае 33-і штогадовы Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменьнікаў і журналістаў, якія зазнаюць перасьлед у выніку ажыцьцяўленьня свайго права на свабоду выказваньня. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім сьвеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасьць насельніцтва аб несправядлівым зьняволеньні і іншых формах агрэсіі ў дачыненьні да пісьменьнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасьць са зьняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.
Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменьнікі ў зьняволеньні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клюбу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменьнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 года ў сьвеце было забіта больш за 35 пісьменьнікаў.
Саліл Трыпаці, старшыня Камітэта «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», адзначае:
«Пісьменьнікі мусяць мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не мусяць трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім сьвеце ў турмах сядзяць сотні пісьменьнікаў, і многія церпяць перасьлед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нэрвуюць урад. Пісьменьнікі — гэта сумленьне грамадзтва, яны мусяць заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкарнымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом з пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасьць ПЭН-клубаў адзінагалосна пацьвярджае, што мы прадоўжым змагацца за свабоду ўсіх пісьменьнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».