Прэм’ера «Спакусы» адбылася сёлета на Канскім кінафэстывалі. Карціна пераносіць у Італію XVII стагодзьдзя. Манашка Бэнэдэта Карліні ўлюбляецца ў новую паслушніцу, неўзабаве пра іх сувязь даведаюцца за межамі кляштара.
Рэжысэр Паўл Вэргувэн вядомы працамі «на мяжы фолу», ён аўтар такіх культавых фільмаў, як «Асноўны інстынкт» і «Шоўгёлз».
У Беларусі «Спакуса» атрымала пракатнае пасьведчаньне, паказы мусілі пачацца 4 лістапада. Аднак напярэдадні камэрцыйны дырэктар сеткі кінатэатраў Silver Screen Cinemas Аляксандар Дземідовіч напісаў у сацсетках, што праблемы ўзьніклі пасьля зьяўленьня на карпаратыўным сайце анонсу прэм’еры, зьвяртае ўвагу Zerkalo.io.
«І што тут пачалося... Садом і Гамора, здрада радзіме, шлях да выраджэньня белай нацыі, за „бабкі“ і душу д’яблу гатовыя прадаць... Зь якога стагодзьдзя выбраліся гэтыя махровыя камэнтатары?» — задаўся пытаньнем Аляксандар Дземідовіч.
У офісе Silver Screen рэкамэндавалі зьвярнуцца ў Міністэрства культуры з пытаньнем, зь якіх прычынаў фільм зьнік з пракату. Ведамства пакуль нічога не камэнтуе.
А вось у суседняй Расеі «Спакусу» забаранілі яшчэ да пачатку пракату за «сцэны правакацыйнага зьместу».
Пазьней Zerkalo атрымала ад сваіх крыніцаў экспэртнае заключэньне № 945, датаванае 4-м лістапада, у якім сьцьвярджаецца, што ў міністэрства культуры паступіў зварот дырэктара Інстытута павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта культуры і мастацтваў Аляксандра Філіпава, а таксама «шматлікія звароты грамадзян» аб адмене пракату фільма.
Вынікам стала правядзеньне мастацтвазнаўчай экспэртызы. У дакумэнце прыведзены склад экспэртнай камісіі, у якую, як сьцвярджаецца, увайшлі дзесяць чалавек — намесьніца начальніка аддзела міністэрства культуры па кінэматаграфіі Алена Зыгмантовіч і кансультантка аддзела па кінэматаграфіі Ганна Нікіціна, работнікі ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў (Ірына Голубева і Ірына Смірнова) і Акадэміі мастацтваў (Вадзім Салееў), генэральны дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімер Карчэўскі і дырэктар дырэкцыі ліцэнзійных праграм і кінапаказу «Белтэлерадыёкампаніі» Алена Радзевіч. Таксама былі тры экспэрты са сфэры аховы здароўя.
У экспэртызе сьцьвярджаецца, што «у фільме замяшчаюцца антыэстэтычныя сцэны палавога акту, сэксуальныя збачэньні, якія не адпавядаюць маральным крытэрам, абражаюць гонар і годнасьць асобы, празьмернай жорсткасьці ў адносінах да людзей, паказ сцэн зьнішчэньня людзей асабліва жорсткімі спосабамі».
Раней у Беларусі забаранялі ці рэкамэндавалі ўстрымацца ад прагляду мастацкіх фільмаў, супраць дэманстрацыі якіх выступалі каталіцкая і праваслаўная цэрквы — у прыватнасьці гаворка пра амэрыканскую стужку «Код да Вінчы» і расейскую «Матыльда».