Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бойцеся абыякавых. Калі мы будзем паводзіць сябе так, то паўторым 1937 год». Акторка Натальля Лявонава пра рэпрэсіі і ад’езд за мяжу


Натальля Лявонава, фота з прыватнага архіву
Натальля Лявонава, фота з прыватнага архіву

Натальля Лявонава грала ў Горадзенскім абласным драматычным тэатры. Летась разам зь іншымі акторамі яна спыніла спэктакль у знак пратэсту супраць затрыманьня калегі, падпісвала лісты супраць гвалту, удзельнічала ў страйку, была звольненая за сваю пазыцыю і вымушана пакінула краіну.

Пагутарылі з Натальляй пра страйк, пратэсты, сям’ю, пераезд за мяжу і творчасьць.

«Нашага заслужанага артыста толькі што забралі, мы ня можам працягваць іграць спэктакль»

Пратэст Натальлі пачаўся з пандэміі, калі дзяржава замоўчвала сапраўдныя лічбы хворых і не магла стварыць умовы, каб абараніць людзей. Потым пасадзілі Сяргея Ціханоўскага, Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, пачаўся «Культпратэст», у якім акторка паўдзельнічала, запісаўшы відэазварот.

«Тады падкінула ўсіх. Маіх сяброў не пускалі на ўчасткі назіральнікамі, 9-га мы стаялі, каб паглядзець вынікі выбараў, прыехалі бусы, у якія грэблі мірных людзей. Некалькі дзён я спрабавала перамагчы свой страх і хадзіць па горадзе. Я разумела, што мне проста шанцуе, бо міма нешта праляцела, побач кагосьці затрымалі. Гэта была лятарэя. Праз пару дзён нас сабраў дырэктар тэатру, ён спазьняўся на сход і большасьць людзей крычала яму: „Выходзь!“, як Лукашэнку на МЗКТ „Сыходзь!“», — кажа Натальля Лявонава.

Дырэктар тэатру Ігар Гедзіч — былы вайсковец, набліжаны да Лукашэнкі, цяпер уваходзіць у склад УНС, кажа Натальля.

«Сход быў вельмі эмацыйны, мы падпісалі ліст супраць сваволі, несумленных выбараў, каб правесьці новыя і пакончыць з гвалтам на вуліцах. Пазьней мы падпісалі ліст у падтрымку купалаўцаў. Далей Горадня стала вольным горадам на тры дні, мэр перайшоў на бок народу, дазволіў мітынгі, а дзяржаўнай тэлевізіі — здымаць іх і расказваць праўду».

Сям’я Лявонавых, фота з прыватнага архіву
Сям’я Лявонавых, фота з прыватнага архіву

Але свабода хутка скончылася. Горад зноў быў поўны АМАПу. Натальля разам з калегамі зьвярнуліся да кіраўніцтва, папрасілі прыбраць камэдыі з рэпэртуару і пакінуць толькі драматычныя спэктаклі.

«Я некалькі разоў прасіла кіраўніцтва адправіць нас на карантын, бо ў нас рэальна былі хворыя людзі. І гэта дало б нам магчымасьць супакоіцца, зразумець, што адбываецца. Але кампрамісаў не было і дырэктар казаў: „Не, па законе вы павінны, вы артысты, вы прафнепрыдатныя, калі ня можаце граць спэктаклі“».

20 верасьня здарыўся пераломны момант, калі затрымалі рэжысэра-пастаноўшчыка Сяргея Курыленку з жонкай, артысткай Валянцінай Харытонавай. У той дзень горадзенскія акторы спынілі спэктакль.

«У спэктаклі ў мяне роля, калі я ня ўвесь час на сцэне: прыходжу і сыходжу. У грымёрцы ўжо была паніка, што Сяргей Уладзімеравіч і Валя не выходзяць на сувязь. Гэта была нядзеля, і мы разумелі, што, можа быць, яны ўжо не на волі. Я зірнула ў тэлефон, а там было шмат выклікаў ад ягонай дачкі, якая жыве за мяжой. Яна прыслала мне здымак, дзе Сяргея Ўладзіміравіча вядзе АМАП, і Валя ззаду. У мяне быў эмацыйны крык. Я зразумела, што не магу ісьці на сцэну. Хлопцы ходзяць па калідоры, і я кажу ім: „Сяргея Ўладзіміравіча забралі“».

Натальля кажа, што пасьля гэтых словаў усе ў грымёрцы зразумелі, што ня могуць выйсьці на сцэну. Акторам было страшна за свайго калегу, бо яны ведалі пра яго сур’ёзныя праблемы са здароўем.

«Тады наш артыст Ігар Уланаў выйшаў на сцэну і сказаў: „Прабачце, такога ніколі не было ў нашым тэатры. Нашага заслужанага артыста толькі што забралі, мы не можам працягваць іграць спэктакль, нам трэба яго ратаваць. Мы можам вярнуць вам грошы за квіткі“. Гледачы былі ў шоку, гэта быў пералом. Потым кіраўнік нам сказаў, што мы мусілі працягнуць. Не, ня мусілі. Мы павінны толькі адно аднаму, бо жыцьцё і здароўе найважнейшае».

На наступны дзень актораў выклікалі па адным да дырэктара і прымушалі падпісаць паперу, што яны былі закладнікамі сытуацыі і ва ўсім вінаваты Ігар Уланаў. Тых, хто не падпісаў, пазбавілі ўсіх надбавак і прэміі. 22 верасьня тэатар наведаў старшыня горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік і паспрабаваў «патлумачыць» сытуацыю ў краіне. У яго не атрымалася, акторы адмовіліся граць, пакуль на вуліцах б’юць людзей.

«Ігара звольнілі. Ён быў адным зь вядучых артыстаў. Увесь рэпэртуар адразу зьляцеў. Кіраўніцтва не пагрэбавала фактычна спыніць тэатар. Я сказала, што таксама ня буду выходзіць на сцэну. Потым дырэктар звольніў яшчэ адну артыстку і адправіў усіх на карантын».

«Пэнсіянэр даў 20 рублёў і сказаў: „Я разумею, што гэта ня грошы, але вазьміце, я проста хачу хоць нешта зрабіць“»

26 верасьня акторы сыгралі спэктакль «451 па Фарэнгейту» ў дворыку «Цэнтру гарадзкога жыцьця». Натальля кажа, што іх папярэдзілі: забяруць усіх разам з гледачамі.

«Я вельмі тады баялася, каб мы не падставіць людзей сваім выступам. Усюды былі аўтазакі, а гледачы стаялі проста каля іх. І калі кожнае слова спэктакля прасякнутае сэнсам, ты разумееш, што ты робіш адну з самых важных спраў у сваім жыцьці. Калі ўсё скончылася, было шмат кветак. І ў той дзень нас спэцыяльна выклікалі на працу к 18 гадзінам, хоць ні ў кога спэктакля не было. Усюды былі аўтазакі, каля тэатру стаяў адзін. Тады гледачы, разумеючы, што, як толькі мы выйдзем з дворыка цэнтру, нас схопяць, узялі нас у такое велізарнае кола і ішлі з намі да самага тэатру. Гэта было такое пачуцьцё, калі табе вельмі страшна, вельмі годна, вельмі эмацыйна; ты адчуваеш, што робіш нешта вельмі важнае».

27 кастрычніка ў гарадзенскім драмтэатры акторы абвясьцілі забастоўку.

«Нам пагражалі, што, калі мы сыдзем, супрацоўнікі тэатру праз нас будуць весьці жабрацкае існаваньне, бо тэатар давядзецца закрыць. Потым у нейкі момант мы задалі пытаньне: „А ці падтрымалі нас тыя, дзеля каго мы цяпер мусім зрабіць выгляд, што ўсё добра?“».

Натальлю, якая адыграла 45 роляў, мае 20-гадовы стаж, звольнілі 29 кастрычніка — у дзень, калі 1937 годзе расстралялі 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Жанчына лічыць, што ўсё адбылося вельмі сымбалічна. Яна кажа, што ў вечары таго дня яе чакалі ціхары каля пад’езду, але не затрымалі.

У сьнежні акторы запісалі навагодняе віншаваньне, у якім прачыталі верш Янкі Купалы. За гэта ўсе ўдзельнікі атрымалі адміністрацыйнае пакараньне і трапілі ў «чорныя сьпісы».

«Была такая неймаверная падтрымка. Тэлефанавалі людзі, зь якімі шмат гадоў не размаўлялі, і прапаноўвалі дапамогу. Маглі проста прынесьці кветкі або цукеркі і гэтым сказаць: „У мяне так не атрымліваецца, але я з табой, я побач“. Да аднаго з нашых артыстаў падышоў пэнсіянэр, даў 20 рублёў і сказаў: „Я разумею, што гэта ня грошы, але вазьміце, я проста хачу хоць нешта зрабіць“. Я нават раней не разумела, што ў мяне такія верныя гледачы. І калі яны ў час паказу ў дворыку, дзе пастаянна абвяшчалі, што іх забяруць, не разыходзіліся. Яны разумелі, што калі артысты стаяць і гатовыя граць, то і яны будуць стаяць».

«Бойцеся абыякавых. Калі мы будзем паводзіць сябе так, то паўторым 1937 год»

У лістападзе акторам прапанавалі паехаць на тэатральную стыпэндыю ў Вільню. Натальля кажа, што вельмі доўга не магла рашыцца на гэта. Нават перад самым ад’ездам 21 лютага яшчэ плянавала застацца дома.

«Мы прыехалі 22-га, нас тут сустрэлі валянтэры, якія прывозілі нам харчы і неабходныя рэчы, размаўлялі з намі, пакуль мы былі на карантыне. Мы прыехалі рэальна запужаныя. Неяк у горадзе ўбачылі, як бяжыць чалавек у чорным касьцюме і чорнай масцы, і напалохаліся, хаця разумелі, што гэта ня можа быць АМАП».

Горадзенскія акторы выступаюць на акцыі ў Вільні. Фота з прыватнага архіву
Горадзенскія акторы выступаюць на акцыі ў Вільні. Фота з прыватнага архіву

Натальля прызнаецца, што пераезд дагэтуль ёй цяжка даецца.

«Вельмі хочацца дадому, плачу кожны дзень. Боль вар’яцкі менавіта за Беларусь, бо тут шмат добрых людзей, выдатны горад, але там бацькі, сябры, мая Радзіма, мой дом, там усё. У нейкі момант я разумею, што там Беларусь у сабе яшчэ складаней захаваць, чым тут, вось такая парадаксальная штука. Там ты павінен жыць у акупацыі і прытрымлівацца рэжыму альбо знаходзіцца ў турме. Я нават гляджу, як многія беларусы перастаюць спрабаваць нешта рабіць і кажуць, што хочуць проста жыць шчасьліва. Я нікога не абвінавачваю. Але для сябе вырашыла, што змагу жыць і быць сабой толькі тады, калі не перагарну гэтай старонкі і буду пастаянна хоць нешта рабіць. Я не забуду, я буду жыць з тым, з чым я прыехала».

Натальля кажа, што гэты ад’езд дае ёй магчымасьць не маўчаць і стаць голасам тых, хто ня можа цяпер гаварыць.

«Калі мне гавораць, што ня лезуць у палітыку, я адказваю, што я таксама ніколі ня лезла, але ж тое, што адбываецца, не палітыка. Гэта калі твой калега ідзе ў тэатар, а апынаецца ў турме, а потым выходзіць пабіты: здымае майку, а ў яго паўсюль сінякі, кровападцёкі ад дубінкі, а на лбе намаляваны крыж. Як я лезла ў палітыку? Гэта палітыка прыйшла да мяне ў дом і патапталася па ўсім, што я стварала ўсё сваё жыцьцё. „Я ня лезу ў палітыку“ — апраўданьне сябе, так ня можа быць. Бойцеся абыякавых. Калі мы будзем паводзіць сябе так, то паўторым 1937 год. Мы ж яго ўжо пачалі паўтараць і паступова да яго ідзём».

«Ва ўсіх баліць за Беларусь»

У Вільні Натальля і яе калегі працягваюць займацца беларускім тэатрам, у спэктаклях уздымаюць тэмы, важныя для Беларусі.

Момант са спэктаклю «Трэцяя зьмена». Аўтар: Артур Сварабовіч
Момант са спэктаклю «Трэцяя зьмена». Аўтар: Артур Сварабовіч

«Цяпер мы робім да 29 кастрычніка „Ноч нерасстралянай паэзіі“. Але ад таго, што сытуацыя зьмяняецца кожны дзень, становіцца ўсё горш і горш, гэта ўжо зусім іншы праект, ня той, што мы паказвалі ў Беларусі.

Мы паставілі летам з Андрусам Дар’ялам, рэжысэрам Рускага тэатра, спэктакль „Трэцяя зьмена“. Ужо ёсьць прапановы і вельмі добрыя водгукі аб ім.

Момант са спэктаклю «Трэцяя зьмена»
Момант са спэктаклю «Трэцяя зьмена»

Яшчэ цяпер рэпэтуем з піцерскім рэжысэрам спэктакль „Араты“. Ён пра Беларусь з ХХ стагодзьдзя па сёньняшні дзень: як у нас увесь час спрабавалі зьнішчыць беларускасьць і зрабіць часткай іншага народу.

Ва ўсіх баліць за Беларусь. Наш рэжысэр Андрус сам з Расеі, і ён вельмі салідарны зь беларусамі, ён разумее, што ў Расеі тое ж самае, толькі іншыя маштабы. Але ўсе чулыя людзі ўсё роўна разумеюць, што адбываецца, і што гэта нічым нельга апраўдаць».

Цяпер Натальля жыве ў Вільні разам з мужам, акторам Віталём Лявонавым, і дачкой Настасьсяй, якая вучыцца ў малодшых клясах віленскай беларускамоўнай гімназіі.

Дачка Настасься
Дачка Настасься

Сын Натальлі Арсеній паехаў вучыцца ў Польшчу на гукарэжысэра.

«Ён таксама кажа, што вернецца толькі ў Беларусь. Ён такі сапраўдны беларус, які знаходзіцца ўнутры ўсяго, разьбіраецца ва ўсім. Я больш эмацыйная і па духоўных справах гэтага пратэсту, а ён унутры, у стратэгіях: хто, што зрабіў», — усьміхаецца Натальля.

Сын Арсеній
Сын Арсеній

Таксама Віталь і Натальля Лявонавы і горадзенская акторка Натэла Бялугіна стварылі дзіцячы тэатар для маленькіх і нядаўна паказалі прэм’еру «Айбаліць». Такі кірунак акторы хацелі разьвіваць у роднай Горадні, рабіць інтэрактывы для зусім маленькіх дзетак.

«У спэктаклі дзеткі чуюць вельмі актуальную гісторыю пра лекараў, таму што цяпер усё ж такі эпоха каранавірусу і трэба, каб дзеці іх не баяліся. Падчас спэктакля дзеці гуляюць, лечаць зьвяроў (у кожнага ёсьць „пацыент“ на ручках, мы колем яму ўколы, мераем тэмпэратуру); потым, каб трапіць у Афрыку, малыя танцуюць; каб Айбаліць пераплыў мора, робяць хвалі з тканіны. Я думаю, што маленькім беларусам цяпер цяжка, яны ня дома і ня ведаюць, куды пайсьці. А тут яны паміж сабой знаёмяцца, шукаюць новых сяброў, глядзяць спэктакль, п’юць гарбату, малююць разам. Наогул сабрацца беларусам разам — гэта крута».

Акторы ўжо зарэгістравалі свой беларускі тэатар пад назвай «Тэатар жніўня» і плянуюць яго разьвіваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG