І гэта ўсё было часам трагічным, часам іранічным, але заўсёды гаварыла аб самой сутнасьці. Пра мастацкія формы пратэсту ў Беларусі расказвае журналістка тэлеканалу «Настоящее время» Вольга Абрамчык.
Музыка
Песьня Віктара Цоя і групы «Кіно» «Перемен!» стала адным з сымбаляў беларускіх пратэстаў. Яна гучала з вокнаў машын, на вуліцах яе гралі музыкі, а ім, у сваю чаргу, падпявалі сотні беларусаў. За яе траплялі на «суткі».
У гэты няпросты час музыка сапраўды абʼяднала людзей. Яны сьпявалі ў гандлёвых цэнтрах, у мэтро і нават каля ізалятараў часовага ўтрыманьня.
Яшчэ адным сымбалем «прыхільнікаў пераменаў» стала песьня «Пагоня» на аднайменны верш Максіма Багдановіча. Яе лічаць нацыянальным гімнам Беларусі.
Сьпявалі і народныя песьні ці стылізаваныя пад іх, як «Купалiнка».
У цэнтры Менску дзяўчыны ў белай вопратцы, з кветкамі і плякатамі ў руках выконвалі «Калыханку» —на фоне сырэн міліцэйскіх машын.
Плякаты
Плякаты ў руках удзельнікаў акцый пратэсту можна было ўбачыць вельмі часта.
«Саша, я цябе ненавіджу бясплатна» — гэта, напрыклад, рэакцыя на словы ўладаў аб тым, што беларусам плацяць за тое, што яны выходзяць на вуліцы.
«З днём зьвяржэньня цябе» — такі плякат прыдумалі да дня нараджэньня Лукашэнкі.
«Уключай ужо „Лебядзінае возера“» — адсылка да жнівеньскага путчу 1991 году.
Плякатаў так шмат, што была створана цэлая кніга. Яе назва — «Я выходжу».
«Я выходжу» — апошнія словы Рамана Бандарэнка, якія ён напісаў у дваровым чаце перад тым, як выйсьці з дому на вуліцу. Там маладога чалавека схапілі і павезьлі ў невядомым кірунку людзі ў цывільным — яны прыехалі здымаць бел-чырвона-белыя стужкі з агароджы. Пазьней пабітага Рамана даставілі ў міліцыю, адтуль у лякарню. Менш чым праз суткі ён памёр.
Аўтар кнігі «Я выходжу» Аляксей Пірс расказаў тэлеканалу «Настоящее время», што беларусы прыслалі яму каля 6-7 тысяч здымкаў з плякатамі. У фінальную вёрстку кнігі ўвайшло каля 350 выяваў.
«З тых, што ёсьць у кнізе, канкрэтна для мяне ёсьць проста ўзрушальная фатаграфія „Белтэлекам: мы за сувязь з народам“. Але там ня толькі плякат, але і само фота вакол яго — той мітынг, які быў на стэле. Там вельмі- вельмі шмат людзей. Узрушвае, — распавядае Аляксей Пірс. — Ну і „Shit айчыны“ — з прычыны маёй вялікай любові да людзей у форме».
Пэрформансы
Адзін з першых пэрформансаў, арганізаваных у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, называўся «Мая камэра». Удзельнікі гэтай акцыі ў цэнтры Менску накрэсьлілі на асфальце контур турэмнай камэры, разьлічанай на шэсьць чалавек. Але ў гэты квадрат увайшлі 50. Гэтым удзельнікі пэрформансу хацелі падкрэсьліць, у якіх нечалавечых умовах знаходзяцца затрыманыя.
Але былі і іншыя акцыі. Пра іх расказвае адзін з самых вядомых экскурсаводаў і музэйных работнікаў Менску лектар Мікіта Моніч.
«Быў цэлы шэраг пэрформансаў. Зьвязаны з адабраньнем калекцыі „Белгазпрамбанка“, які рабілі хлопцы там, у галерэі, становячыся на пустых месцах, дзе засталіся плямы ад твораў мастацтва, з надрукаванымі на іхных сьпінах гэтымі творамі. Быў цэлы шэраг пэрформансаў у рамках шэсьцяў. Зь вясёлага, зусім балаган — была выдатная сьмерць з касой на хадулях, якая хадзіла і казала: „Я па Сашу“. Быў цэлы шэраг музычных падзей накшталт тых жа барабаншчыкаў, якія задавалі ўсяму гэтаму рытм».
Дваровыя канцэрты
Увосень 2020 году Беларусі пачалі праходзіць дваровыя канцэрты — яны адбываліся ў многіх мікрараёнах Менску. Гэта быў час, калі гараджане, якія жывуць побач, пачалі знаёміцца, піць разам гарбату, сьпяваць і танчыць.
На такія канцэрты запрашалі музыкаў, актораў. І тыя пагаджаліся, нягледзячы на ўсе рызыкі. Андрусь Такінданг, саліст «Рэха», як і іншыя музыкі гурту, за адно з такіх дваровых выступленьняў атрымаў 15 сутак.
Вось што ён расказаў:
«Нас запрасілі выступіць на вуліцу Нёманская. Там жыхары зрабілі малюнак на сьцяне, гэты малюнак яны ўзгаднілі з ЖЭСам. Прагаласавалі і намалявалі на сьцяне коцікаў, калядных коцікаў. І запрасілі музыкаў, каб зрабіць такое сьвята. Мы там сыгралі. Быў вельмі клясны канцэрт: дзеці танцавалі, дарослыя сьпявалі. І ўжо пасьля таго, як мы сыгралі, селі ў таксі, машыну заблякавалі — прыехала некалькі бусаў. Адтуль выйшлі людзі ў чорным, з аўтаматамі, АМАП, і нас з музыкамі з таксі перасадзілі ў бус і павезьлі на Акрэсьціна».
«Дзякуючы гэтым канцэртам я зразумеў, якой будзе наша краіна, калі мы пераможам, якой яна будзе лагоднай, творчай, крэатыўнай, — кажа Андрусь Такінданг. — І я сапраўды хачу жыць у такой Беларусі, якая ў нас цяпер нараджаецца».